Шчучынцы прынялі ўдзел ва ўсебеларускай акцыі "Мы – грамадзяне Беларусі!", прысвечанай Дню Канстытуцыі
Сёння ў Шчучынскім цэнтры культуры і народнай творчасці сабраліся кіраўнікі сілавых структур, аддзелаў райвыканкама, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і аб'яднанняў, педагогі і вучні ўстаноў адукацыі раёна, каб усім разам адзначыць Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
Удзельнікаў урачыстасці вітала старшыня Шчучынскага раённага Савета дэпутатаў Ганна Хвядзюк:
– 29 год прайшло з таго памятнага дня, калі ўступіў у сілу асноўны закон нашай краіны – Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь. Гэта быў адзін з самых важных крокаў на шляху будаўніцтва нашай суверэннай дзяржавы. Менавіта таму кожны год 15 сакавіка мы адзначаем дзяржаўнае свята – Дзень Канстытуцыі. Сёлета гэта свята важнае ўдвая: сёння мы адзначаем гадавіну з дня прыняцця знакавых паправак у асноўны закон нашай краіны. Менавіта 15 сакавіка 2022 года ўступілі ў сілу прынятыя падчас рэферэндуму змяненні і дапаўненні ў Канстытуцыю. Дзень Канстытуцыі стаў сімвалам свабоды і незалежнасці беларускага народа. Пераемнасць нацыянальных прававых традыцый, выкарыстанне лепшых дасягненняў сусветнага заканадаўчага вопыту знайшлі адлюстраванне ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Яе прыняцце вызначыла галоўныя мэты нашай навейшай гісторыі, гісторыі, у якой правы і абавязкі грамадзян набываюць прыярытэтнае значэнне, а людзі і справядлівыя адносіны да іх становяцца галоўнай каштоўнасцю.
У гэты знакавы дзень чатырнаццацігадовыя юнакі і дзяўчаты атрымалі галоўны дакумент грамадзяніна Рэспублікі Беларусь – пашпарт, які разам з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь уручылі Ганна Хвядзюк, пракурор Шчучынскага раёна Алег Вялічка і начальнік Шчучынскага РАУС Аляксандр Рэба. Рабяты таксама атрымалі падарункі ад раённых арганізацый грамадскіх аб'яднанняў "Белая Русь" і "Беларускі саюз жанчын". Памятныя сувеніры ўручыла рабятам і Людміла Танцарава – вядучы спецыяліст Рэгіянальнага цэнтра прававой інфармацыі Гродзенскай вобласці.
– Для мяне вельмі ганарова атрымаць пашпарт у такі важны для нашай краіны дзень, – гаворыць гімназістка-васьмікласніца Анастасія Герасімчык. – Цяпер, трымаючы ў руках свой галоўны дакумент, адчуваю сябе паўнапраўным грамадзянінам нашай дзяржавы. Упэўнена, што мы жывём у самай лепшай краіне свету, і сёння наша галоўная задача – добра вучыцца, каб будучыня роднай Беларусі была ў нашых надзейных руках.
Па традыцыі ў Дзень Канстытуцыі самыя актыўныя і ініцыятыўныя школьнікі папоўнілі рады грамадскага аб'яднання "БРСМ". Членскія білеты са словамі віншаванняў ім уручылі першы сакратар РК ГА "БРСМ" Віталія Селівончык і старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Васілій Жукоўскі.
Падчас урачыстасці дыпломы з падарункамі атрымалі прызёры і пераможцы раённага фотачэленджа "Самай ласкавай, цудоўнай", які праводзіўся ў трох узроставых катэгорыях. Ганаровую місію ўзнагароджання выканалі старшыня Шчучынскай раённай піянерскай арганізацыі Дзмітрый Чывіль і Віталія Селівончык.
Душэўна, кранальна гучалі музычныя нумары ў выкананні артыстаў цэнтра культуры і народнай творчасці. Здавалася, што кожны, хто знаходзіўся ў гэтай вялікай зале, адчуваў асаблівы гонар за сваю родную краіну, за нашу родную сінявокую Беларусь. Мы – яе грамадзяне. Мы – усе разам, і менавіта ў гэтым наша сіла.
Ганна РУДСКАЯ.
Фота аўтара.