Шчучынцы атрымалі заслужаныя ўзнагароды падчас абласнога сходу ўчастковых інспектараў міліцыі
Шчучынцы атрымалі заслужаныя ўзнагароды падчас абласнога сходу ўчастковых інспектараў міліцыі, ІСН і прадстаўнікоў іншых суб’ектаў прафілактыкі, які прайшоў у Лідзе. У мерапрыемстве прынялі ўдзел старшыня Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзімір Васільевіч Краўцоў, намеснік Міністра ўнутраных спраў Мікалай Аляксандравіч Мельчанка, начальнік упраўлення ўнутраных спраў Гродзенскага аблвыканкама Вадзім Іванавіч Сіняўскі і іншыя.
Тэмай для абмеркавання стала “Арганізацыя ўзаемадзеяння суб’ектаў прафілактыкі па папярэджанні насілля ў сям’і”. Падчас сустрэчы ўвага акцэнтавалася на тым, што любое насілле патрабуе актыўнага ўмяшання з боку дзяржавы, бо абарона жыцця і здароўя чалавека – адна з асноўных задач для органаў унутраных спраў.
Старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Васільевіч Краўцоў адзначыў, што падобнае мерапрыемства з’яўляецца традыцыйным:
– Мы падводзім вынікі, намячаем пэўныя задачы і потым аналізуем, як мы іх рэалізуем. Большасць задач выконваецца.
Асаблівыя словы падзякі за ўсебаковую дапамогу, аказаную органам унутраных спраў у вырашэнні задач, накіраваных на папярэджанне насілля ў сям’і, прагучалі ў адрас прысутных прадстаўнікоў суб’ектаў прафілактыкі.
– Справа прафілактыкі – гэта не толькі праца супрацоўнікаў органаў унутраных спраў. У комплексе праблемы павінны вырашацца ўсімі суб’ектамі прафілактыкі, органамі мясцовай улады, грамадскімі фарміраваннямі, – перакананы намеснік Міністра ўнутраных спраў Мікалай Аляксандравіч Мельчанка. – Калі гэта ўзаемадзеянне будзе арганізавана, то, будзе і вынік. Гаворачы пра Гродзенскую вобласць, з задавальненнем хацеў бы адзначыць станоўчую дынаміку прафілактычнай работы ў сферы сямейна-бытавых адносін. Зніжана колькасць цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў.
Падчас сходу за актыўны ўдзел у ахове грамадскага правапарадку і прафілактыцы правапарушэнняў нагрудны знак УУС Гродзенскага аблвыканкама “За адзнаку” атрымаў старшыня Шчучынскага райвыканкама Сяргей Васільевіч Ложэчнік. Медалём “100 год унутраным войскам МУС Рэспублікі Беларусь” узнагароджаны начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі аддзела ўнутраных спраў Шчучынскага райвыканкама Сяргей Мікалаевіч Асовік, граматай УУС Гродзенскага аблвыканкама – участковы інспектар міліцыі Дзмітрый Аляксандравіч Грымута.
Удзельнікі абласнога мерапрыемства ў той дзень таксама пазнаёміліся з асаблівасцямі арганізацыі работы суб’ектаў прафілактыкі, грамадскіх фарміраванняў, устаноў і прадпрыемстваў Лідскага раёна. Яны наведалі Цэнтр бяспекі МНС, ААТ “Лідскае піва”, СШ №1, спартыўна-аздараўленчы комплекс “Алімпія”, Лядовы палац, Лідскі замак і стары вадзяны млын у аграгарадку Дворышча.
Ганна КАСПЕР.