Прафесія сапраўдных мужчын. Сваё прафесійнае свята выратавальнікі адзначаюць практычна ў самыя суровыя і сцюдзёныя зімовыя дні.
Напэўна, так здарылася нездарма. У гэту прафесію прыходзяць і застаюцца назаўсёды толькі сапраўдныя мужчыны: моцныя духам, рашучыя, мужныя, гатовыя рызыкаваць сваім жыццём дзеля выратавання іншых людзей.
Казімір Вінцэнтавіч Каштан, Анатолій Іванавіч Мішкель і Дзмітрый Міхайлавіч Хацук – ветэраны службы, кожны з іх аддаў сваёй прафесіі больш за дваццаць год. Аднойчы пераступіўшы парог Шчучынскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, яны засталіся тут назаўсёды і адказна выконваюць свае прафесійныя абавязкі. Што яшчэ аб’ядноўвае гэтых сапраўдных прафесіяналаў? Усе трое сцвярджаюць: калі б зноў прыйшлося стаць перад выбарам – свайму прызванню не здрадзілі б.
Камандзір аддзялення ПАВП №11 г.п. Жалудок старшы прапаршчык унутранай службы Казімір Вінцэнтавіч Каштан пакалясіў па свеце, пакуль у рэшце рэшт асталяваўся на Шчучыншчыне. Родам з Лідскага раёна, пасля школы ён накіраваўся шукаць шчасця у Санкт-Пецярбург, дзе жыў брат. Атрымаў там спецыяльнасць каменячоса-гранітчыка і некаторы час працаваў у паўночнай расійскай сталіцы. Калі надышоў час служыць у арміі, Казімір Вінцэнтавіч вырашыў вярнуцца на радзіму: спадзяваўся, што так яго не накіруюць у марфлот на тры гады. Толькі па іроніі лёсу служыў ён менавіта ў Ленінградскай ваеннай акрузе.
Пасля арміі амаль два гады працаваў на лесапавале ў Цюменскай вобласці ў Заходняй Сібіры. Вярнуўшыся ў Ліду, даведаўся ад сяброў, што можна ўладкавацца на працу ў пажарную службу. Нават не заходзячы дамоў, адразу паехаў у Жалудок, а адтуль у Шчучын.
– Сваё першае дзяжурства, а было гэта 7 студзеня 1993 года, помню да сённяшняга дня, – гаворыць Казімір Вінцэнтавіч. – На службу я ўладкаваўся камандзірам аддзялення. Служыў спачатку два гады ў Жалудку, затым каля дзесяці год – у Орлі, а потым зноў вярнуўся ў Жалудок.
За больш чым чвэрць стагоддзя, а менавіта столькі Казімір Вінцэнтавіч ратуе людзей і тушыць пажары, спяшаецца на дапамогу ў іншых надзвычайных сітуацыях, многае давялося пабачыць.
– Любы пажар можна патушыць, з любой сітуацыі знайсці выйсце, а вось жыцці загінуўшым людзям не вярнуць, – гаворыць ён. – Таму самыя страшныя пажары гэта тыя, якія не абыходзяцца без ахвяр. Аднойчы давялося выязджаць на пажар у в. Навасады, дзе загінулі тры чалавекі. Здарылася гэта якраз 7 студзеня. Дзень быў такі халодны, што пакуль затушылі пажар, мая форма пакрылася льдом. Мне з рабятамі прыйшлося выносіць са згарэЛага дома загінуўшых мужчын. Вельмі няпроста было…
У вольны час Казімір Вінцэнтавіч стараецца дапамагчы па гаспадарцы сваёй матулі, цешчы, дый і ў сваім доме, які пабудаваў уласнымі рукамі, і на агародзе работы заўсёды хапае. Разам з жонкай Ірынай, якая працуе выхавальніцай у дзіцячым садку, вырасцілі дзвюх дачок. У адной ужо свая сям’я.
Вадзіцель ПАВП №17 аг. Ражанка прапаршчык унутранай службы Анатолій Іванавіч Мішкель працуе ў раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях ужо 23 гады. Праз некалькі год пасля службы ў арміі, а ён паўтара года быў вадзіцелем БТР у Нагорным Карабаху, прыйшоў у пажарную часць. Пра ўсе цяжкасці прафесіі выратавальніка ведае не па чутках. Ён прымае непасрэдны ўдзел у ліквідацыі кожнай надзвычайнай сітуацыі, куды б ні прыйшлося выязджаць.
– Наш МАЗ-дзесяцітоннік укамплектаваны ўсім неабходным абсталяваннем, – расказвае Анатолій Іванавіч. – Машыне толькі чатыры гады, таму праблем з рознымі прыстасаваннямі пры ліквідацыі надзвычайных сітуацый няма.
Працаваць А.І. Мішкелю, як і яго калегам-ветэранам, прыйшлося з пяццю кіраўнікамі Шчучынскага РАНС: В.В. Баронікам, М.В. Місевічам, П.А. Літаварам, С.У. Аксінюком і вось цяпер з А.Д. Малюгіным. Як лічыць Анатолій Іванавіч, гэта людзі, цалкам адданыя сваёй прафесіі, якія заўсёды ўмела фарміравалі выдатны згуртаваны калектыў.
– У свой час, пакуль я быў падменным вадзіцелем, давялося працаваць практычна на ўсіх пастах раёна, – гаворыць мой суразмоўца. – Акрамя гэтага, шмат год служыў на пажарным аварыйна-выратавальным пасту №13 аг. Каменка. Хачу сказаць, што на кожным з іх працуюць людзі надзейныя, якія ў складанай сітуацыі не падвядуць. Выпадковыя у нас не затрымліваюцца.
Выязджаюць выратавальнікі не толькі па выкліках. Прыходзяць на дапамогу ў розных выпадках.
– Вось і нядаўна вярталіся пасля тушэння пажару, – расказвае Анатолій Іванавіч. – Убачылі ў кювеце машыну. Спыніліся, выцягнулі на дарогу. Як не дапамагчы людзям? Гэта ж наша прафесія.
Хобі Анатолія Іванавіча – тэхніка. Увесь вольны час праводзіць у гаражы. Усё ўмее змайстраваць сваімі рукамі. Як сапраўдны мужчына ён пабудаваў дом, пасадзіў не адно дрэва і разам з жонкай Янінай вырасціў не толькі сына, але і дачку. Сын Арцём звязаў сваё жыццё з ваеннай службай: пасля заканчэння ўніверсітэта служыць у г. Старыя Дарогі Мінскай вобласці. А дачка Ілона яшчэ школьніца.
Вадзіцель ПАВЧ №1 г. Шчучына, прапаршчык унутранай службы Дзмітрый Міхайлавіч Хацук у юнацтве марыў стаць гандбалістам і прафесійна займацца гэтым відам спорту. Аднак, не склалася. Таму пасля школы пайшоў працаваць у будаўнічую арганізацыю. А праз некалькі год вырашыў паспрабаваць сябе ў прафесіі пажарнага. Пачынаў на пасту ў Збражках, затым перавёўся ў г.п. Астрына. Дванаццаць год кожнае дзяжурства дабіраўся туды са Шчучына на аўтобусе або на “папутцы”.
На пажарным аварыйна-выратавальным пасту ў Астрына Дзмітрый Міхайлавіч не толькі працаваў вадзіцелем, але і стаў ініцыятарам рамонтных работ.
– Мы ж на службе праводзім трэцюю частку свайго жыцця, – разважае Дзмітрый Міхайлавіч. – Кожнаму хочацца працаваць у камфортных умовах, таму мы з калегамі штосьці падрамантавалі, штосьці перапланавалі – тут і спатрэбіліся мае будаўнічыя навыкі. І засталіся вельмі задаволены вынікам.
У першыя ж месяцы сваёй работы Дзмітрыю Міхайлавічу прыйшлося выязджаць на тушэнне пажару, пра які ён да гэтай пары часам успамінае.
– Гарэла школа ў Барэйшышках, – расказвае мой суразмоўца. – Полымя было такім, што вымушаны былі выклікаць дапамогу з усіх бліжэйшых пастоў раёна, а таксама з Ліды і Гродна. Там сабралася адзінак 15-20 тэхнікі. Праблема заключалася ў тым, што школа была аднапавярховая, а даўжынёю метраў 50. Штосьці моцна падтрымлівала гарэнне знутры. Як аказалася пазней, класы і калідоры былі толькі-толькі пафарбаваныя. А дах пакрыты бляхай. Мы ніяк не маглі яго разабраць, каб атрымаць магчымасць заліць полымя. Ваду лілі і лілі. Яе ўзровень у возеры, з якога “запраўлялася” пажарная тэхніка, панізіўся на 25-30 см. Пажар мы патушылі. Але самае галоўнае, што там не пацярпелі людзі.
Самае спакойнае і надзейнае месца для Дзмітрыя Міхайлавіча – яго сям’я. Старэйшы сын служыць у Мінску ў атрадзе міліцыі асобага прызначэння. Малодшы – сямікласнік першай гарадской школы.
– У свой выхадны не магу сядзець дома без работы, – гаворыць Дзмітрый Міхайлавіч. – Вельмі люблю збіраць грыбы, рыбачыць. Заўсёды гатовы дапамагчы жонцы Святлане, сваім матулі і цешчы. Ведаеце, мяне не пакідае такое пачуццё, што я зусім нядаўна прыйшоў у Шчучынскі РАНС. Гады службы праляцелі імгненна. Усяго пабачыў. І сёння лічу, што самае галоўнае – гэта спакой, каб нідзе не адбываліся надзвычайныя сітуацыі, каб не гінулі людзі.
Цэніць ветэранаў службы і начальнік Шчучынскага РАНС Аляксандр Дзмітрыевіч Малюгін. Увесь дружны калектыў, а таксама ўсіх, хто сёння ўжо знаходзіцца на заслужаным адпачынку, ён віншуе з прафесійным святам. Здароўя, сямейнага дабрабыту, поспехаў жадае ён сваім калегам.
Ганна РУДСКАЯ.
Фота аўтара.