Шчучын – горад вялікіх магчымасцей

Наша гутарка са старшынёй Шчучынскага раённага выканаўчага камітэта С.В. Ложэчнікам адбылася напярэдадні слаўных дат – 500-годдзя Шчучына з дня першага ўпамінання яго ў старажытных пісьмовых крыніцах і 55-годдзя прысваення нашаму райцэнтру статуса горада. 

– Пад знакам двайнога юбілею горад жыве з пачатку года, – падкрэслівае Сяргей Васільевіч. – Урачыстае адкрыццё пасля рэканструкцыі педыятрычнага аддзялення райбальніцы, шыкоўны баль у палацы Друцкіх-Любецкіх, закладка капсулы пад будаўніцтва новага дзіцячага садка, абуладкаванне зоны адпачынку ля возера – усё гэта і многае іншае мы, безумоўна, прысвячаем слаўным датам у гісторыі роднага горада. 
Свой дзень нараджэння Шчучын сустракае адноўленым, маладым і прыгожым. Яго самабытны архітэктурны ансамбль мы падкрэслілі арыгінальным светлавым эфектам. І вежа-абярэг, ад якой усе ў захапленні, і шчучынскія храмы, што сваім суседствам сімвалізуюць мір і згоду ў нашым грамадстве, і іншыя знакавыя будынкі ў цэнтры горада цяпер будуць мець арыгінальную падсветку. Над гэтай ідэяй працавалі і архітэктары, і энергетыкі, і нашы камунальнікі. 
– А моладзь ускладае надзеі на новы фармат адпачынку ў рэканструяваным кінатэатры…
– Так, да Дня беларускага пісьменства сучасныя абрысы набыў фасад кінатэатра, а з нагоды юбілею горада шчучынцаў чакае ўрачыстае адкрыццё яшчэ аднаго пускавога комплексу гэтага аб’екта. Глядзельная зала на 112 месц абсталявана зручнымі, камфортнымі крэсламі, устаноўлены 3D-экран для якаснага прагляду фільмаў, будзе дзейнічаць більярдная, а з цягам часу – кафэ, трэнажорная і танцавальная залы. Атрымаецца шматфункцыянальны маладзёжна-забаўляльны комплекс для адпачынку. Тут будуць праводзіцца дыскатэкі, дзіцячыя святы – ды што заўгодна! Мы гатовы на справе даказаць: дзяржаўная ўстанова можа арганізаваць сэрвіс самага высокага кшталту і паспяхова зарабляць грошы на развіццё новых сучасных паслуг.
Клопат пра нашу моладзь праяўляецца і ў тым, што мы планамерна прыводзім у належны парадак гарадскія школы, аднаўляем спартзалы. Як вынік – поспехі нашых рабят у прэстыжных спаборніцтвах. Якой жа была радасць, калі ў гэтыя жнівеньскія дні нашы юныя спартсмены вярнуліся з Бангкока з перамогай па тайландскім боксе! А ці не сімвалічна тое, што 27 жніўня адбудзецца адкрыццё абсалютна новай спартыўнай старонкі ў гісторыі Шчучына? Знайшоўся зацікаўлены энтузіяст, чые ідэі мы падтрымалі, арганізавалі аматарскае аб’яднанне, закупілі байдаркі… І вось ўжо збяром усю вобласць на “Шчучынскую рэгату” – спаборніцтвы па грэблі на байдарках і каноэ.
Увогуле, дзякуючы распачатым па добраўпарадкаванні работам наша гарадское возера літаральна “ажыло”. Тут утвараецца своеасаблівая аздараўленчая зона: катамараны, ролікі, веласіпеды… Прадстаўнікі старэйшага пакалення не на жарт захапіліся папулярнай у Еўропе скандынаўскай хадой. 
Добры “вірус” здаровага ладу жыцця, актыўнага адпачынку пранікае ў свядомасць гараджан. Гэту тэндэнцыю важна падхапіць і падтрымаць. Менавіта таму на пляцоўку за возерам мы завозім спецыяльны пясок, што не ўтварае пылу, і абуладкоўваем поле для пляжнага футбола. У той жа зоне будуць размяшчацца трэнажоры пад адкрытым небам, якімі абсалютна бясплатна змогуць карыстацца ўсе жадаючыя.
Больш таго, мы гатовы прыслухацца да любых творчых ідэй нашых гараджан, магчыма, ля возера варта разбіць своеасаблівы батанічны сад з рэдкімі насаджэннямі. Праект прадугледжвае і наяўнасць яшчэ двух вадаёмаў з зонай камфорту абапал. Усё гэта – для людзей, для іх добрага самаадчування і пазітыўнага настрою.
– З якіх крыніц вядзецца фінансаванне гэтых праектаў?
– З абласнога і раённага бюджэтаў, а яшчэ – за спонсарскія сродкі. Нашы прадпрыемствы з гатоўнасцю адгукаюцца на цікавыя ініцыятывы і імкнуцца ўнесці свой уклад у гарадскія інавацыі. Прыходзяць з прапановамі і людзі бізнесу. Словам, у Шчучыне ёсць на каго разлічваць.
– Сяргей Васільевіч, яшчэ нядаўна мы не вагаючыся лічылі градаўтваральнымі прадпрыемствамі выключна завод “Аўтапровад” і масласырзавод. Аднак горад прырастае новымі высока­тэхна­лагічнымі вытворчасцямі, і сёння ўжо цяжка вызначыць, хто насамрэч флагман… 
– Так, адкрытая летась інавацыйная вытворчасць ТАА “Праймілк” па аб’ёмах перапрацоўкі малочнай сыравіны знахо­дзіцца на адным узроўні з масласырзаводам, аднак з прычыны спецыфікі там работнікаў у тры разы менш. 
Што тычыцца ААТ “Шчучынскі масласырзавод”, то дзейнасць гэтага прадпрыемства адчувальна ўплывае на стабільнасць нашых сельскагаспадарчых арганізацый. Сёння мы – вядучы рэгіён па вытворчасці малака: толькі за адзін дзень атрымліваем яго больш за 300 тон! Каштоўную сыравіну трэба хутка прыняць, якасна перапрацаваць, а атрыманыя харчовыя прадукты з абмежаваным тэрмінам захавання – аператыўна прадаць. Усё гэта – каласальная адказнасць, з якой дастойна спраўляюцца шчучынскія малочнікі.
ААТ “Шчучынскі завод “Аўтапровад” таксама займае трывалыя пазіцыі на рынку кабельных тавараў як у Беларусі, так і за яе межамі, мэтанакіравана працуе над удасканаленнем і асваеннем новых відаў прадукцыі, павышае якасць і нарошчвае аб’ёмы вытворчасці. Словам, кожнае з нашых прадпрыемстваў адыгрывае важную ролю ў жыцці горада і эканоміцы краіны.
Разам з тым важна прыцягваць усё новых ігракоў на наша эканамічнае поле, адкрываць новыя вытворчасці і працоўныя месцы. Надзвычай важна і далей развіваць прамысловасць горада.
Ужо ў пачатку верасня ў раёне аэрадрома пачнецца будаўніцтва чарговага прадпрыемства. Шчучынская кампанія заключыла інвестыцыйны дагавор з Гродзенскім аблвыканкамам, праект праходзіць экспертызу, і ў недалёкім будучым у Шчучыне з’явіцца фабрыка па вырошчванні шампіньёнаў. Пры ўводзе першай пускавой чаргі там будзе адкрыта каля сотні рабочых месц, а пры канчатковай здачы аб’екта ў эксплуатацыю – каля 400.
Прыемна, што інвестары цэняць прыцягальнасць бізнес-клімату ў нашым рэгіёне, гатоўнасць раённай улады ісці на кантакт, аператыўна вырашаць усе пытанні. У выніку менавіта наш рэгіён стаў першым на Гродзеншчыне, дзе з’явіліся сонечныя электрастанцыі. Зялёная энергетыка будзе і далей развівацца на Шчучыншчыне.
– Калі прыходзіць у рэгіён інвестар, заўжды знаходзіцца работа і для будаў­нікоў…
– Мы на гэта вельмі спадзяемся, таму што Шчучынскія МПМК-166 і МПМК-167 – гэта высокапрафесійныя каманды, якія на справе даказалі, што могуць і старажытныя палацы аднаўляць, і высокатэхналагічныя заводы ўзводзіць. Мы стараемся забяспечыць нашых будаўнікоў работай. Нездарма нарадзілася выслоўе: будуем – значыць, жывём.
У Шчучыне стабільна ўзводзіцца жыллё. Зараз па сацыяльнай праграме будуюцца дамы для мнагадзетных сем’яў: тры 4-кватэрныя ў раёне аўтавакзала і адзін 20-кватэрны па вуліцы Заводскай. 
Фарміруецца кааператыў на будаўніцтва 50-кватэрнага дома з ліку працаўнікоў масласырзавода. У планах ТАА “Праймілк” для сваіх спецыялістаў таксама ўзвесці некалькі катэджаў і шматпавярхоўку. 
Зразумела, што шчучынцы з вялікім нецярпеннем чакаюць таго моманту, калі адчыніць дзверы новы дзіцячы садок – з басейнам, з самымі сучаснымі інтэр’ерамі і адпаведнай інфраструктурай. 
Не менш важная сацыяльная задача – завяршыць капітальны рамонт яшчэ аднаго, чарговага паверха ў тэрапеўтычным корпусе райбальніцы. Сёлета будзем урачыста адкрываць адноўленыя аддзяленні, што там знаходзяцца. 
– Хто прыдумаў такую дакладную канцэпцыю свята: Шчучын – 500 год на вышыні?
– Думаю, ідэю падказала само жыццё. За паўтысячагоддзе існавання наш горад сапраўды дасягнуў вышыні, нам ёсць на што азірнуцца. Асабіста я схіляю галаву перад авіяцыйным мінулым Шчучына, і гэта вельмі сімвалічна, што мы агульнымі намаганнямі адрадзілі наш аэрадром, “прапісалі” ў сябе малую авіяцыю і своеасаблівым брэндам зрабілі авіяшоу. Сёлета юбілей горада спалучылі з гэтым прыгожым авіяцыйным святам. Да нас прыедзе мноства гасцей, сябры з гарадоў-пабрацімаў. Чакаем дэлегацыі з Расіі, Літвы, Польшчы. Шчучын стане яшчэ і пляцоўкай яднання, паразумення, згоды між народамі, якія, упэўнены, усе да аднаго зацікаўлены ў дружбе і шчырых, брацкіх адносінах.
– Сяргей Васільевіч, калі Вы хочаце зрабіць сябрам нейкі па-асабліваму шчучынскі падарунак, што з сувеніраў выбіраеце з гэтай нагоды?
– Мне вельмі падабаецца наш шчучынскі герб і не меней – тыя жывыя эмоцыі, што ён выклікае ў гасцей. Дарэчы, у Шчучыне ёсць рэзчыкі па дрэве, майстры, што працуюць у іншых тэхніках, якія ўмеюць вырабляць сапраўдныя мастацкія шэдэўры, у аснове якіх пакладзены менавіта наш герб. Вось такім сувенірам я заўжды аддаю перавагу, калі збіраюся зрабіць падарунак на памяць пра наш слаўны Шчучын. 
– А што б Вы хацелі пажадаць шчучынцам у знакавы юбілей?
– Жадаю шчаслівага лёсу Шчучыну і яго жыхарам. Усім добрага здароўя, аптымізму, веры ў тое, што ўсялякую канструктыўную ідэю можна ператварыць у жыццё. Шчучын – горад вялікіх магчымасцей. А мы, раённая ўлада, здолеем стварыць такія ўмовы, каб кожны паспяхова рэалізаваў сваю задумку.
Гутарыла Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота Ганны ВІЛЕНЦЭВІЧ. 

Чытайце таксама: Цэнтр прыцяжэння радзіны.

                                 Пяць таямніц Шчучына.

                                 Святочны настрой.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!