Сэрвісны атрад БРСМ дзейнічае ў Шчучыне

Магчымасць зарабіць грошы атрымаў кожны жадаючы з тых рабят, якія  запісаліся ў рады сэрвіснага атраду "Камунальнік-2". Сёлета ён дзейнічае з 10 па 25 верасня.

– У нашай камандзе 16 чалавек: школьнікі 9-11-ых класаў з другой і трэцяй гарадскіх школ, таксама адзін ліцэіст, – расказвае камандзір атраду Ігар Самсонавіч Грыц. – Рабяты падзяліліся на дзве групы, каб зручней размеркаваць свае сілы. Усе яны адказныя, працавітыя і дружныя.

На працягу першага працоўнага тыдня хлопцы і дзяўчаты выконвалі розныя віды работ па паляпшэнні гарадской тэрыторыі: збіралі сухое лісце, фарбавалі лаўкі, разкідвалі пясок на ўкладцы тратуарнай пліткі ў адным з двароў па вуліцы Астроўскага. Паспелі прыбрацца ў гарадскім скверы ды ў парку за аўтастанцыяй.

Пасля заняткаў моладзь з задавальненнем спяшаецца на працу: за некалькі тыдняў можна атрымаць сваю ўласную капеечку. Такая магчымасць з'явілася дзякуючы супрацоўніцтву РУП ЖКГ і РК БРСМ.

Юлія ЦІМАШЧУК. Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!