Рыхтуй тэхніку зімой,каб без прастояў працаваць вясной. Нягледзячы на тое, што зіма ў самым разгары, аграрыі СВУ “Пратасаўшчына” актыўна рыхтуюць сельскагаспадарчую тэхніку да пачатку вясенне-палявых работ.

На мехдвары кіпіць работа: механізатары разам са слесарамі разбіраюць трактары, а таксама прычапныя і навясныя агрэгаты: правяраюць работу ўсіх вузлоў, замяняюць зношаныя дэталі, фарбуюць корпусы.

Калі мы зайшлі ўнутр мехмайстэрні, механізатар Віктар Часлававіч Вінча ўвіхаўся ля свайго “жалезнага каня” – энерганасычанага МТЗ-3022. Праводзіць рамонтныя работы яму дапамагаў слесар Уладзімір Уладзіміравіч Філіпчык.

– За дзесяць сезонаў інтэнсіўнай эксплуатацыі трактар адпрацаваў амаль 15 тысяч (!) машына-гадзін, – зазначае Віктар Часлававіч. – Таму, каб пазбегнуць сур’ёзных паломак падчас работы ў полі, я кожны год цалкам перабіраю яго. Зараз займаюся рамонтам каробкі перадач: праз 2-3 дні яна будзе як новая! Застанецца зачысціць іржаўчыну, дзе неабходна – падфарбаваць і паставіць тэхніку ў гараж.

Слесар Уладзімір Мар’янавіч Тамкевіч у гаспадарцы ўсяго некалькі дзён, аднак за гэты час паспеў паставіць на колы трактар і адрамантаваць аўтамабіль.

– Я больш за 20 гадоў прапрацаваў слесарам у ААТ “Васілішкі”, таму з тэхнікай на “ты”, – гаворыць Уладзімір Мар’янавіч. – Пераехаў бліжэй да бацькоў, каб іх даглядаць, і ўладкаваўся ў СВУ “Пратасаўшчына”. Адразу заўважыў, што кіраўніцтва гаспадаркі на запасных дэталях не эканоміць, таму тэхніка тут як след дагледжана. Адным словам, працаваць камфортна! Зараз заканчваю рамонт шыроказахопнага камбінаванага агрэгата: праверыў зубы, наяўнасць наканечнікаў, замяніў зношаныя падшыпнікі ў катках.

Для таго, каб падтрымліваць аўтапарк у належным стане, у аграрыяў СВУ “Пратасаўшчына” працуе свой пункт тэхабслугоўвання.

– У нас ёсць усё неабходнае: устаноўкі для выкачкі і падачы масла, для раздачы тугаплаўкіх змазак, для прасавання гідрашлангаў, – падкрэслівае майстар-наладчык Лютастаў Станіслававіч Ачкоўскі. – У наяўнасці таксама набор шчупоў, стэнд для рэгуліроўкі фарсунак, прыборы для праверкі тармазной і гідрасістэм, ціску масла ў рухавіку. Пад рукамі неабходныя пракладачныя матэрыялы, розныя ключы, тэстары і іншы інструмент.

Ёсть на мехмайстэрні свой такарны станок, сучаснае зварачнае абсталяванне і паветрана-плазменная рэзка, якая здольна разразаць метал таўшчынёй да 40 міліметраў. Да ўсяго, летась у гаспадарцы набылі новы шынамантажны стэнд коштам 12 тысяч рублёў. Дзякуючы гэтаму мясцовым механізатарам ужо не трэба вазіць “пераабуваць” колы ў Ліду, што дазволіла значна знізіць фінансавыя затраты. Толькі за 5 месяцаў мінулага года тут самастойна замянілі 74 колы, дзякуючы чаму зэканомілі на перавозках прыкладна 700 літраў газу.

– У нашай гаспадарцы налічваецца 39 трактароў, у тым ліку 3 энерганасычаныя, 4 кормаўборачныя і 7 зернеўборачных камбайнаў, 37 аўтамабіляў, – падсумоўвае галоўны інжынер СВУ “Пратасаўшчына” Аляксандр Генрыкавіч Шагун. – Таксама ёсць 7 плугоў, 4 сеялкі, 6 культыватараў і іншыя прычапныя і навясныя агрэгаты. Усе яны будуць гатовы прайсці тэхагляд у пачатку сакавіка бягучага года.

Аляксандр КАСПЯРЧУК.

Фота аўтара.

 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!