У кожным садзе павінна расці “Алеся”

лічыць А.М. Місюк – загадчыца аддзела садаводства Гродзенскага занальнага інстытута раслінаводства Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі

Алена Мечыславаўна часта становіцца не толькі гераіняй нашых газетных публікацый, а хутчэй тым кампетэнтным навукоўцам, які заўсёды гатовы адказаць на ўсе журналісцкія пытанні, падзяліцца апошнімі дасягненнямі і, што немалаважна, даць парады аматарам-садаводам. Вось і на гэты раз наша размова атрымалася надзвычай цікавай і карыснай. А паколькі сустракацца з Аленай Мечыславаўнай даводзіцца не ўпершыню, захацелася крыху больш даведацца, як яна прыйшла ў сваю прафесію, якімі навуковымі распрацоўкамі займалася.

Мары збываюцца 
– Аддзел садаводства я ўзна­чальваю ўжо сямнаццаць год, – расказвае Алена Мечыславаўна. – Яшчэ будучы студэнткай факультэта аховы раслін Гродзенскага сельгасінстытута, куды я паступіла пасля заканчэння Жалудоцкай сярэдняй школы, марыла працаваць на доследнай станцыі ў Шчучыне, як тады называлася наша ўстанова. Нават прыходзіла сюды ў пошуках работы. Аднак свабоднай вакансіі не аказалася, і па размеркаванні я накіравалася працаваць інспектарам па каранціне і ахове раслін у Жыткавіцкі раён Гомельскай вобласці. Толькі мне вельмі хацелася на радзіму… 
Так і здарылася. Вярнуўшыся на Шчучыншчыну, Алена Мечыславаўна пэўны час працавала ў эксперыментальнай базе “Руткевічы” аграномам па ахове раслін, а затым уладкавалася ў Гродзенскі занальны інстытут раслінаводства тэхнікам, праз пэўны час стала малодшым навуковым супрацоўнікам і навуковым супрацоўнікам. І, безумоўна, увесь час займалася навуковай дзейнасцю. 
У даследаванні нараджаецца ісціна
– Мы пастаянна цесна супрацоўнічаем з нашым галаўным інстытутам пладаводства ў Мінску, – працягвае Алена Мечыславаўна. – Доўгі час займаліся сортавывучэннем костачкавых і семечкавых культур, сабралі вялікую калекцыю матэрыялаў. Праводзілі цікавыя тэхналагічныя доследы. Дзесьці ў пачатку сваёй навуковай дзейнасці мне давялося вывучаць сарты грушы, а таксама падбіраць для гэтага пладовага дрэва такую прышчэпу, каб яно не расло высокім. Нашы намаганні ўвянчаліся поспехам.
Вынікі яшчэ аднаго даследавання, напэўна, зацікавяць аматараў-садаводаў. Як лепш даглядаць прыствольныя палосы ў садзе – адказ на гэта пытанне таксама шукала ў свой час Алена Мечыславаўна. 
– Мы накрывалі гэтыя ўчасткі саломай, поліэтыленам, апрацоўвалі гербіцыдамі і прыйшлі да высновы, што лепш за ўсё мульчыраваць глебу ў прыствольных кругах дрэў апілкамі, – раскрывае сакрэт мая суразмоўца. – Пад дрэвамі ўтвараецца свой мікраклімат, і яны не так цяжка пераносяць засуху. Змяншаюцца таксама і хімічныя нагрузкі, паколькі для барацьбы з пустазеллем не выкарыстоўваюцца хімікаты. 
Сур’ёзныя даследаванні праводзілі мы і па ўтрыманні палос, занятых пасадкамі чорнай парэчкі. Дачнікам, якія вырошчваюць гэтыя ягады не для прамысловай вытворчасці, магу даць толькі адну параду – глебу вакол вашых кустоў лепш прапалоць, а не выкарыстоўваць для знішчэння пустазелля гербіцыды. 
Ад тэорыі да практыкі
Размаўляла з Аленай Мечыславаўнай, і складвалася такое ўражанне, што пра сваю работу яна можа расказваць бясконца. 
– Сапраўды, вельмі люблю сваю прафесію і тую справу, якой займаюся, – прызналася Алена Мечыславаўна. – І спецыяльнасць такую ў свой час выбрала не выпадкова. Я ж вырасла ў сельскай мясцовасці. Што можа параўнацца з тым асаблівым пахам, якім напоена паветра, калі спее жыта? А хіба ж можа быць што-небудзь прыгажэйшым за квітнеючае блакітнае поле льну, які яшчэ вырошчвалі ў час майго дзяцінства? Гэта немагчыма перадаць словамі, гэту асаблівую еднасць з прыродай трэба адчуваць. Таму я заўсёды з задавальненнем займалася сортавывучэннем – цікава было назіраць, як паводзяць сябе дрэвы розных сартоў, якія атрымліваюцца плады. І ў той жа час праводзіла тэхналагічныя доследы, што суправаджаліся карпатлівай работай па вызначэнні аптымальных доз прэпаратаў, правільным іх унясеннем, і галоўнае – жадаемым вынікам! 
У даны момант Алена Мечыславаўна таксама працуе над сур’ёзным даследаваннем, мэта якога – стварыць тэхналагічныя прыёмы па выдаленні лішніх кветачак падчас цвіцення дрэва, каб не нашкодзіць яму, а пры дапамозе пэўных прэпаратаў і іх патрэбных доз пазбавіцца ад перыядычнасці плоданашэння і атрымліваць плады кожны год. Пасля завяршэння тэарэтычных распрацовак, пачнецца іх прымяненне на практыцы.
Яблыневыя ноу-хау
Як самы заўзяты садавод Алена Мечыславаўна займаецца любімай справай і дома. 
– У маім садзе – 120 дрэў, – расказвае мая суразмоўца. – Блага, ёсць дзе іх высаджваць: сядзіба маіх бацькоў у Фарным Канцы, а муж родам з Амбілеўцаў. – Што тычыцца яблынь, выбірала такія, што не патрабуюць хімічнай апрацоўкі. Таму эксперыменты ў сваім садзе праводжу толькі з фарміраваннем кроны. Сёння гэты працэс адрозніваецца ад таго, што быў год дзесяць таму. Раней мы стараліся пакінуць на дрэве больш бакавых шкілетных галін, а цяпер тоўстыя выдаляем, каб пачыналася адрастанне маладзенькіх галінак, на якіх хутка фарміруюцца плады. На старым дрэве такую працэдуру правесці ўжо немагчыма. 
У нашы дні не карыстаюцца папулярнасцю сарты яблынь, што высаджваліся раней. Садаводы аддаюць перавагу прамысловым сартам, каб яны хутчэй пачыналі плоданосіць і давалі высокія ўраджаі. Спажыўцы чамусьці імкнуцца набыць плады круглыя і чырвоныя. 
Высаджваючы ў сваіх садах яблыні на карлікавых прышчэпах, людзі не задумваюцца над тым, што іх таксама трэба абрэзваць і фарміраваць. Асаблівасць такіх дрэў у тым, што ў іх слабая каранёвая сістэма, таму і замацоўванне ў глебе слабое. З вялікім ураджаем дрэва можа нахіліцца. Таму для карлікавых яблынь неабходна моцная падпора, якую трэба ўстанаўліваць ужо пры пасадцы, каб затым не пашкодзіць карані. І мець на ўвазе, што на такім дрэве ўраджай будзе значна меншым, чым на звычайным. Вялікі ўраджай у гаспадарках на карлікавых дрэвах дасягаецца за кошт шчыльнасці пасадак. 
Беларускае салодкае, Дарунак, Джонаголд…
Як кажуць, на смак і колер таварышаў няма. І ўсё ж, што сёння прапаноўваюць садаводам беларускія селекцыянеры? Якім сартам яблынь аддаць перавагу пры закладцы саду? Пра гэта я не магла не пацікавіцца ў Алены Мечыславаўны.
– У кожным садзе абавязкова павінна расці яблыня Алеся, – нават не задумваючыся адказала садавод-прафесіянал. – Гэта позні сорт, добра захоўваецца, кожны год дае высокі ўраджай, а яблыкі вызначаюцца выдатнымі смакавымі якасцямі. Не патрабуе апрацоўкі і не пашкоджваецца паршой Беларускае салодкае. Добра захоўваюцца Поспех, Дарунак, Сябрына. Карыстаецца папулярнасцю і плеяда навейшых сартоў: Дыямент, Сакавіта, Красавіта. У жніўні – пачатку верасня пачынае даваць плады яблыня Каваленкаўская – адзін з ранніх сартоў, які вызначаецца нераўнамерным выспяваннем пладоў, што даволі зручна, калі проста ўжываць іх у ежу. 
Што тычыцца сартоў замежнай селекцыі, амаль усе яны патрабуюць апрацоўкі супраць хвароб і шкоднікаў. Доўга ляжыць і вызначаецца грушавым смакам Джонаголд. Сакавіты, смачны яблык – Шампіён. Добра расце ў нашых мясцінах Глостэр. Кожны садавод павінен сам вызначыць той сорт, які яму найбольш спадабаецца. 
Дарэчы, як лічыць Алена Мечыславаўна, маладзенькія дрэўцы лепш садзіць увосень – не пазней кастрычніка, тады яны пусцяць новыя карэньчыкі і вясною адразу пойдуць у рост. 
Саджанцы з прабірак
Кожную восень пакупнікі з нецярпеннем чакаюць, калі на прылаўках магазіна або на рынку з’явяцца яблыкі, вырашчаныя садаводамі інстытута. Не стаў выключэннем і гэты сезон.
– На жаль, сёлета мы не атрымалі яблычны ўраджай, на які разлічвалі, – гаворыць Алена Мечыславаўна. – Ураджайнасць яблык склала 120 цэнтнераў з гектара. З-за вясновых замаразкаў на дрэвах не завязаліся кветкі. 
Увогуле пад сады ў Гродзенскім занальным інстытуце раслінаводства адведзена 45 га, пяць гектараў займае гадавальнік. 
– На сённяшні дзень мы ўжо рэалізавалі Беларускае салодкае, летнія і асеннія сарты, – удакладняе Алена Мечыславаўна. – 370 тон яблык закладзена на захоўванне. 
На зімовы перыяд у садзе работы прыспыняюцца, а вось у мерыстэмнай лабараторыі інстытута яны працягваюцца. 
– У бліжэйшы час мы плануем размнажаць у лабараторыі новыя сарты буякоў (голубика) і ажыны (ежевика) без калючак, – дзеліцца планамі Алена Мечыславаўна. – Зыходны матэрыял у прабірках ужо заказалі ў інстытуце пладаводства. Дарэчы, некаторыя сарты буякоў у нас ужо закладзены на 55 сотках і цяпер мы займаемся іх вывучэннем. Вырашчаныя саджанцы буякоў і ажыны будзем рэалізоўваць насельніцтву. 
Не сумняваюся, пройдзе зусім няшмат часу, і мы даведаемся пра новыя дасягненні садаводаў Гродзенскага занальнага інстытута раслінаводства. Гэтаму садзейнічае іх штодзённая карпатлівая праца і ўменне дабівацца пастаўленай мэты. 
Ганна РУДСКАЯ.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!