Рэйд ДАІ. Стаць прыкметнымі імкнуцца не ўсе

З 28 верасня па 5 кастрычніка Дзяржаўтаінспекцыя правяла рэспубліканскую прафілактычную акцыю “Стань больш прыкметным!” Такім чынам супрацоўнікі ДАІ нагадалі пешаходам, веласіпедыстам і іншым удзельнікам дарожнага руху аб тым, што восеньскія дні ўсё больш кароткія, рана цямнее і таму дарогі становяцца яшчэ больш небяспечнымі. Таму жыццёва неабходна, выходзячы на вуліцу, прыхапіць з сабой святлоадбівальныя элементы. Такім чынам пешаходы і веласіпедысты змогуць зрабіць сябе больш прыкметнымі на дарозе.
Наколькі дысцыплінаваныя ўдзельнікі дарожнага руху ў нашым раёне, вырашылі высветліць і мы, накіраваўшыся вечарам у рэйд разам з супрацоўнікамі аддзела ДАІ Шчучынскага РАУС – старшым дзяржаўтаінспектарам Андрэем Аляксандравічам Антановічам і інспектарам ДПС Паўлам Уладзіміравічам Старчуком. Пабывалі мы ў ражанкаўскім і жалудоцкім боку: наведалі вёскі Руткевічы, Клімаўшчыну, Вярбілкі, Гірдзеўку, Ражанку, Заполле, Балічы, заехалі ў Жалудок і Баяры Лябецкія, дзе нядаўна на дарозе загінула жанчына, а таксама ў іншыя населеныя пункты. 
Сказаць, што пешаходаў і веласіпедыстаў, не абазначаных флікерамі, у цемнаце зусім не відаць, гэта не сказаць нічога. Яны проста раствараюцца на вясковых вуліцах. Каб убачыць іх на дарозе, вадзіцелю трэба кіраваць сваім транспартным сродкам у пастаянным напружанні. Двух такіх пешаходаў сустрэлі мы ў вёсцы Балічы. Мясцовы жыхар вырашыў правесці да суседняй вёскі свайго сябра, які зайшоў на аганёк. Веласіпед, на якім прыехаў госць, яны цягнулі побач. 
На заўвагу супрацоўнікаў ДАІ, што іх зусім не бачна ў цемнаце, абодва дружна павярнуліся і прадэманстравалі нашытыя на “спяцоўках” святлоадбівальныя стужкі, каб пацвердзіць, што штраф ім прызначаць няма за што. А той факт, што машыны асвятляюць іх толькі спераду, і стужак на плячах зусім не відаць (а пешаходы да ўсяго яшчэ рухаліся не па тым боку), ніколькі іх не пераканаў. 
– У першую чаргу вы павінны думаць пра ўласную бяспеку, – не губляў надзеі дастукацца да ўпартых пешаходаў Андрэй Аляксандравіч. – Галоўнае для нас – не аштрафаваць вас за парушэнні правілаў дарожнага руху, а клапаціцца аб тым, каб з вамі на дарозе нічога не здарылася. 


І ў яго, па ўсім відаць, атрымалася. Калі мы вярталіся назад па той жа дарозе, два сябры перайшлі на патрэбны бок і шпарка крочылі ў патрэбным накірунку. 
Дарэчы, належным чынам неабходна абсталяваць і веласіпеды: толькі катафотаў у цемнаце недастаткова. Спераду ў іх павінна быць прымацавана фара, якая выпраменьвае белае святло, ззаду – ліхтар з чырвоным святлом. 
Варта адзначыць дысцыплінаванасць вадзіцеляў. Ва ўсіх кіроўцаў, якіх спынялі супрацоўнікі ДАІ, усе дакументы і транспартныя сродкі былі ў парадку. Папярэджанне атрымаў толькі жыхар г. Скідаль, які ехаў да сястры. Два дні таму ў яго аўтамабіля закончыўся тэхагляд, але машына ўжо прайшла абследаванне на станцыі дыягностыкі і знаходзілася ў спраўным стане. Вадзіцелю заставалася толькі паставіць адпаведную адзнаку ў дакументах. 
Праязджаючы населеныя пункты, супрацоўнікі ДАІ не забывалі заглянуць у мясцовыя гандлёвыя кропкі, каб пераканацца, што ў продажы ёсць святлоадбівальныя элементы. Гэты тавар надзвычай патрэбны ў такі сезон. У магазіне “Родны кут” у Ражанцы ў рэалізацыі знаходзіліся пяць флікераў, у гандлёвай кропцы ў Рэзах – дзесяць, а вось у магазіне “Прадукты” ІП Куцеля ў Ражанцы такі тавар не прадугледжаны. 
Да чаго толькі не дадумаюцца мясцовыя кулібіны! У вёсцы Заполле мы натрапілі на такія “транспартныя сродкі”, якім па дарогах агульнага карыстання рухацца забаронена. Самаробныя прычэпы былі прымацаваны да мотаблокаў, на якіх у поўнай цемнаце, без фараў (толькі ў аднаго з мотаблокаў быў усталяваны адзін ліхтар) і іншага асвятлення вяскоўцы перавозілі бярвенні са ст. Ражанка ў аг. Ражанка.
– Мы там разбіралі дом на дровы, – патлумачыў ініцыятар такой небяспечнай паездкі Генадзій Уладзіміравіч. – Крыху затрымаліся і неяк непрыкметна сцямнела. 
Штрафаваць гэтых кіроўцаў інспектары не сталі, але і адпусціць адных рухацца дамоў не маглі. Таму вяскоўцы прадоўжылі свой шлях у суправаджэнні супрацоўнікаў ДАІ і шчасліва дабраліся дадому. 
– Вельмі здзіўляе пазіцыя некаторых нашых грамадзян, – гаворыць А.А. Антановіч. – Яны не толькі не думаюць пра ўласную бяспеку, але і могуць так сказаць “падставіць” іншых удзельнікаў дарожнага руху і стаць прычынай ДТЗ. Хачу яшчэ раз нагадаць пешаходам і веласіпедыстам: калі яны рухаюцца без святлоадбівальнікаў у цёмны час сутак па краі праезнай часткі, могуць атрымаць штраф ад адной да трох базавых велічынь. А калі яшчэ і ў стане алкагольнага ап’янення – ад трох да пяці базавых велічынь. Толькі ж справа зусім не ў пакаранні, а ў тым, каб людзі нарэшце задумаліся і не рызыкавалі сваім жыццём. 
Ганна РУДСКАЯ.
Фота аўтара. 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!