Пявучыя сяброўкі з Куляшоў: вакальны калектыў, які шануе традыцыі

 

Народныя песні, сяброўства і павага да традыцый… Менавіта такімі словамі можна апісаць вакальны калектыў “Куляшоўскія сяброўкі”, удзельнікі якога на працягу больш чым дваццаці год радуюць жыхароў вёскі Куляшы і ўсяго Шчучынскага раёна сваімі непаўторнымі спевамі.

 

Нам пашанцавала: “Куляшоўскія сяброўкі” Лідзія Малмыга, Лілія Чарняк і Яніна Дацук сабраліся на чаяванне ў хаце Ефрасінні Сідлярэвіч. Тут яны часцяком рэпеціруюць, сюды проста прыходзяць пагутарыць. Падчас лёгкай размовы ўдзельніцы вакальнага калектыву з радасцю падзяліліся гісторыяй і творчымі асаблівасцямі свайго гурта.

 

 

Назва калектыву “Куляшоўскія сяброўкі” наўпрост апісвае сутнасць гэтага гурта. Спяваюць тут жанчыны, якія сябруюць ужо шмат гадоў, а нехта – нават з самага дзяцінства.

 

Ля вытокаў гурта стаяла васьмідзесяцігадовая Лідзія Уладзіміраўна Малмыга, яна яшчэ ў 60-х гадах мінулага стагоддзя спявала ў тутэйшым вакальным калектыве. Аднак з цягам часу ўдзельнікі ансамбля парасходзіліся: хто дзяцей нарадзіў, хто з вёскі з’ехаў. Так гурт заняпаў. Аднак спеўныя традыцыі ў вёсцы ніколі не перарываліся, бо часцяком на святы і нават у звычайны будны дзень людзі спявалі на ўсю акругу.
У пачатку 2000-х гадоў было вырашана адрадзіць спеўны гурт у Куляшах. Якраз у той час пачалі адзначаць новае свята – “Дзень вёскі”, а ансамбль меўся даць канцэрт. Першай сцэнай сталі дзве грузавыя машыны, іх калгас спецыяльна выдзеліў для вясковага свята. Дэбют прайшоў паспяхова. Наваспечаны калектыў атрымаў народнае прызнанне і любоў. А вось назва гурта прыйшла не адразу.

 

 

– Доўга думалі, як будзем называцца, – кажа спадарыня Лідзія. – Быў варыянт “Вяргіні”, але ў выніку вырашылі назвацца “Куляшоўскія сяброўкі”. Людзі ў нашым калектыве зацікаўленыя. Шмат мы паездзілі і роварамі, і возам на розныя святы ў суседнія вёскі. Нас там ведаюць і заўсёды чакаюць. Як толькі “сяброўкі” прыедуць, дык тады ў Першамайску многа людзей адразу збіраецца.

 

Асобнай увагі заслугоўваюць касцюмы “Куляшоўскіх сябровак”, яны аздоблены разнастайнымі ўзорамі з маляўнічымі кветачкамі-красачкамі. У гэтых строяў ёсць свая гісторыя, якой з намі падзялілася Лілія Іванаўна Чарняк:

 

– Гэтыя касцюмы шыла яшчэ мая маці – Клементына Сідлярэвіч. Недалёка ад Куляшоў знаходзіцца наша вёска Танявічы, там таксама ёсць калектыў, называецца ён “Матчына пясэнька”. Раней там я і мая мама спявалі вось у такіх касцюмах.

 

Час бяжыць імкліва. Некаторыя людзі ўжо пакінулі гурт, але на іх месца прыходзяць новыя. Так, мы мелі магчымасць пазнаёміцца з Янінай Аляксандраўнай Дацук, якая далучылася да “Куляшоўскіх сябровак” летась.

 

– Крыху губляецца яшчэ, – адзначаюць дасведчаныя калегі. – Але нічога, муж у яе іграе, яна добра спявае, дык чаму ж не запрасіць.

 

Сама Яніна Аляксандраўна прызнаецца, што не магла адмовіцца ад прапановы зямлячак, цяпер толькі трэба вывучыць рэпертуар, а ён, тут сумненняў няма, у калектыву багаты.

 

Рэпертуар, як кажуць жанчыны, у іх “даўнейшы”. Песні яны спяваюць народныя, якія шмат пакаленняў перадаваліся ад продкаў нашчадкам. Тэматыка твораў розная: вясёлыя і сумныя, пра каханне і пра разлуку, нязменна адно – імпэт у вачах сябровак.

 

Песні з’яўляюцца важнай і неад’емнай часткай жыцця кожнай пявунні з “Куляшоўскіх сябровак”. Напрыклад, Ефрасіння Цыпрыянаўна Сідлярэвіч кажа, што ў яе сям’і музыку любяць усе. Сын, унучка і ўнук атрымалі музычную адукацыю і вядома ж падтрымліваюць захапленне маці і бабулі. Вось так творчыя традыцыі сям’і працягваюць перадавацца з пакалення ў пакаленне.

 

Запалу і імпэту “Куляшоўскіх сябровак” можа пазайздросціць любы сучасны музычны гурт. Сапраўдная музыка ідзе ад сэрца і таму заўсёды трапляе ў душу слухача. Гэта ж можна сказаць і пра куляшоўскі ансамбль. Шчырыя спевы і любоў таленавітых жанчын да сваёй справы робяць песні ў іх выкананні важным нематэрыяльным багаццем нашага краю.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!