У філіяле “Жалудоцкі агракомплекс” актыўна нарошчваюць тэмпы касавіцы

 

У філіяле “Жалудоцкі агракомплекс” актыўна нарошчваюць тэмпы касавіцы. Улічваючы няўстойлівае надвор’е, мясцовыя аграрыі мабілізавалі ўсе свае тэхнічныя рэсурсы на правядзенне гэтай адказнай кампаніі. Яно і зразумела: нарыхтаваць кармы, якімі жывёлы будуць харчавацца амаль увесь год, прадстаіць усяго за два тыдні, таму часу на раскачку няма.

 

У філіяле “Жалудоцкі агракомплекс” актыўна нарошчваюць тэмпы касавіцы. Улічваючы няўстойлівае надвор’е, мясцовыя аграрыі мабілізавалі ўсе свае тэхнічныя рэсурсы на правядзенне гэтай адказнай кампаніі. Яно і зразумела: нарыхтаваць кармы, якімі жывёлы будуць харчавацца амаль увесь год, прадстаіць усяго за два тыдні, таму часу на раскачку няма.

 

У сем гадзін раніцы механізатары ўжо на рабочым месцы. Гадзіну яны прадуваюць і чысцяць агрэгаты, запраўляюць трактары і машыны, праходзяць перадрэйсавы агляд і выязджаюць у поле. На ўборцы траў задзейнічаны два трактары з прычапнымі касілкамі, спушвацель, двое грабляў і пара кормаўборачных камбайнаў. Адвозкай падвяленай зялёнай масы займаюцца сем адзінак тэхнікі, у тым ліку чатыры магутныя МАЗы. Усіх, хто ў гэтую гарачую пару заняты на касавіцы, гаспадарка забяспечвае двухразовым гарачым харчаваннем.

 

 

Сярод тых, хто заняты на ўборцы шматгадовых траў, – камбайнер з 23-гадовым стажам Іван Гірыч. Ён кіруе камбайнам КВК-800 “Палессе”, які ў гаспадарцы набылі летась.

 

– Да гэтага я прыкладна 15 гадоў адпрацаваў на “Палессі” іншай мадэлі, – гаворыць Іван Іванавіч. – Новы камбайн больш магутны за свайго папярэдніка амаль удвая: за працоўную змену ў сярэднім загружае 350 тон свежаскошанай травы, але здольны выдаць і 500 тон. Ён з лёгкасцю падбірае і здрабняе падвяленую масу пры дапамозе ўсталяванага ўнутры спецыяльнага барабана. Адначасова дадае кансервант: для гэтых мэт на жалезным волаце ўсталявана спецыяльная ёмістасць аб’ёмам 300 літраў. На тону зялёнай масы расходуецца грам кансерванту. Здаецца, дробязь, але гэтага дастаткова, каб травяныя кармы ў далейшым выдатна захоўваліся і не гнілі.

 

У полі, дзе працуе камбайнер Іван Гірыч, пастаянна дзяжураць МАЗы з прычэпамі. На месца аднаго цалкам загружанага грузавіка, які адразу адпраўляецца да бліжэйшых сянажных траншэй, пад’язджае другі, і прыкладна праз 10 хвілін ён таксама запаўняецца. Гэты працэс прадаўжаецца ў рытме нон-стоп увесь светлавы дзень.

 

 

Адным з такіх МАЗаў, які задзейнічаны на адвозцы зялёнага грузу, кіруе вадзіцель Андрэй Раманко.

 

– Свой грузавік я атрымаў новым у лютым бягучага года, – зазначае Андрэй Уладзіміравіч. – Пры дапамозе дадатковага прычэпа за адзін рэйс магу перавезці 10 тон свежаскошанай травы. За дзень перавожу каля 200 тон зялёнай масы, накручваю па сельскіх дарогах у сярэднім 150 кіламетраў. Безумоўна, стамляюся фізічна, але разумею, што ад добрасумленнай працы кожнага залежыць агульны поспех. Да ўсяго ў гаспадарцы распрацаваны ўмовы спаборніцтваў, па заканчэнні кампаніі за высокія вытворчыя паказчыкі перадавыя механізатары і вадзіцелі атрымаюць прэміі.

 

Ад моманту скошвання траў да іх уборкі і адвозкі да сянажнай траншэі ў залежнасці ад тэмпературы паветра праходзіць ад некалькіх гадзін да сутак. За гэты час зялёная маса павінна правяліцца да 50-55% вільготнасці і толькі тады яе можна будзе “падымаць” з поля. Каб корм не перасыхаў, яго трамбоўка ў філіяле “Жалудоцкі агракомплекс” вядзецца ў дзве змены: днём працуюць два “Амкадоры”, а ўвечары эстафету прымае “Кіравец”.

 

– Каб закладваемы сянаж быў якасным і спажыўным для жывёлы, вельмі важна паспець скасіць травы ў аптымальную фазу, – тлумачыць галоўны спецыяліст па кормавытворчасці філіяла “Жалудоцкі агракомплекс” Алег Лісай. – Затым праходзіць абавязковы працэс падвяльвання зялёнай масы, і толькі потым – трамбоўка і ўкрыццё – фінальныя аперацыі пры нарыхтоўцы кансерваваных кармоў у траншэі. Памылкі і недапрацоўкі на гэтых этапах вядуць да сур’ёзных страт спажыўных якасцей сенажу. Таму мы імкнёмся забяспечыць раўнамернае ўшчыльненне падвяленай масы, каб стварыць у пласце беспаветранае асяроддзе. Для гэта раўнамерна размяркоўваем “зялёнку” па плошчы і пастаянна разраўноўваем. Важны аспект – якасная падрыхтоўка саміх траншэй перад запаўненнем: іх мы абавязкова вычышчаем, дэзінфіцыруем і белім.

 

У гаспадарцы падчас закладкі кармоў заўсёды прысутнічае адказны спецыяліст, які кожную гадзіну вымярае тэмпературу, вільготнасць, даўжыню рэзкі масы. Такім чынам забяспечваецца нарыхтоўка якаснага і спажыўнага корму, што станоўча адаб’ецца на выніках работы жывёлагадоўчай галіны філіяла “Жалудоцкі агракомплекс”.

 

– Для паўнавартаснага забеспячэння кармавой базай нашага пагалоўя буйной рагатай жывёлы нам неабходна нарыхтаваць 900 тон сена, 18000 тон сенажу і 18620 тон сіласу, – гаворыць дырэктар філіяла “Жалудоцкі агракомплекс” Станіслаў Гузень”. – Зараз мы абкошваем люцэрну і атрымліваем па 130 цэнтнераў на круг. Паралельна нарыхтоўваем сянаж са злакавых траў. Усяго валавы збор гэтага відакорму на 31 мая дасягнуў 3500 тон. Для яго захоўвання ў нас налічваецца 24 траншэі агульным аб’ёмам 15 тысяч тон. З кожным днём корманарыхтоўчая кампанія ў нашым сельгаспрадпрыемстве набірае абароты. Будзьце ўпэўнены, мы зробім усё, што ад нас залежыць, каб якасна і ў тэрмін завяршыць першы ўкос траў.

 

Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

 

 

 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!