Пуцёўку ў вялікую журналістыку дала “Дзянніца”. Наша калега Ганна Каспер пераводзіцца на працу ў Выдавецкі дом “Беларусь сёння”

Раённыя будні і святы не сыходзяць са старонак нашай газеты. А сёння хочацца падзяліцца з чытачамі яшчэ і рэдакцыйнымі падзеямі. Для нас яны крыху сумныя і ў той жа час радасныя.

 

 

Наша калега – намеснік галоўнага рэдактара Ганна Каспер пакідае рэдакцыю роднай раёнкі, дзе на працягу 15 год пісала, тварыла, вучылася, адточвала сваё прафесійнае майстэрства. Таленавітая журналістка атрымала прапанову ад установы Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Выдавецкі дом “Беларусь сёння” і літаральна з гэтага тыдня мае намер распачаць новую старонку ў сваім творчым жыцці, уліўшыся ў раку вялікай журналістыкі.

 

У рэдакцыю “Дзянніцы” Аня прыйшла ў маі 2006 года. Пачынала з абавязкаў літаратурна-стылістычнага рэдактара, потым – карэспандэнта, а ўрэшце дарасла за гэтыя гады да адказнай кіруючай пасады. Дапытлівы журналіст, яркі фотарэпарцёр са сваім бачаннем рэчаіснасці, крэатыўны чалавек, летуценная паэтка (аўтар двух паэтычных зборнікаў), Ганна Каспер пастаянна самаўдасканальваецца, прымае актыўны ўдзел у шматлікіх рэспубліканскіх форумах і семінарах, заўжды знаходзіцца ў віры грамадскага жыцця.

 

 

Імкненне браць усё новыя і новыя вышыні – здаецца, гэта і ёсць няпісаны дэвіз нашай Ганны Віктараўны. Захопленую любімай справай, яе можна бачыць з фотакамерай у кабіне лёгкаматорнага самалёта, што імкліва ўзлятае са Шчучынскага аэрадрома, на мотакросе, бясстрашна здымаючай байкерскі экстрым, вярхом на доўгагрывым скакуне або веласіпедзе – найлепшым транспарце для няспешнай і ўдумлівай фотавандроўкі па родным краі. А якім паслухмяным становіцца ў яе руках квадракоптар, аблятаючы Шчучыншчыну, каб падарыць чытачам унікальныя краявіды з вышыні птушынага палёту!

 

Як вынік натхнёнай і самаадданай працы, Ганна Каспер неаднойчы выходзіла лаўрэатам і пераможцай прэстыжнага Нацыянальнага конкурсу “Залатая ліцера”. А ў мінулую пятніцу намеснік старшыні райвыканкама Алена Пасюта ўручыла Ганне Віктараўне Ганаровую грамату Шчучынскага райвыканкама і выказала словы падзякі за плённую працу, высокі прафесіяналізм, асабісты ўклад у рэалізацыю дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі. Удзячныя словы свайму “баявому заму” выказаў і галоўны рэдактар “Дзянніцы” Сяргей Каспярчук. Мы, калегі, надзвычай удзячны Ганне Каспер за тое, што менавіта яе намаганнямі была аформлена музейная экспазіцыя, прысвечаная гісторыі нашай раёнкі. Дый увогуле наша Аня – душэўны, чулы і вельмі добры чалавек. А таму ад шчырага сэрца жадаем ёй шчаслівага старту ў вялікую журналістыку. Не сумняваемся, што наша зямлячка заваюе сэрцы і чытачоў вядучых рэспубліканскіх выданняў. Так трымаць і так тварыць!

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота Аляксандра КАСПЕРЧУКА.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!