Паглядзіце, як прайшоў гімназічны “Top-school”

Традыцыйны гімназічны музычны фестываль “Top-school” праходзіў у мінулую суботу ў Шчучынскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці і сабраў мноства сваіх прыхільнікаў: вучняў гарадскіх школ, іх бацькоў, былых выпускнікоў і проста гараджан, якія прыйшлі паслухаць прыгожыя выступленні.
19 выдатных нумароў былі прадстаўлены на свяце. Песні гучалі на англійскай, нямецкай і ўкраінскай мовах. Упершыню магчымасць удзельнічаць у гімназічным “Top-school” атрымалі рабяты з іншых школ, таму гэты музычны фестываль ператварыўся ў сапраўднае гарадское свята.

 

 

– Музычнае спаборніцтва, арганізаванае сумесна з РК ГА “БРСМ”, праходзіла ў некалькіх намінацыях, – расказвае настаўніца англійскай мовы гімназіі і куратар мерапрыемства Вольга Пятроўна Стульгіс. – Сярод салістаў пераможцы вызначаліся ў трох узроставых групах: першая – з 1 па 4 класы, другая – з 5 па 7 класы і трэцяя – з 8 па 11 класы. У другой намінацыі былі прадстаўлены дуэты, трыа, групы і ў трэцяй – “Жывы гук” – гучалі гітары.

 

 

Гран-пры конкурсу атрымаў квінтэт “Апрель” з Палаца творчасці дзяцей і моладзі. Прыз глядацкіх сімпатый заваяваў вучань СШ №1 г. Шчучына Арцём Чакаеў, які толькі на два балы апярэдзіў гімназіста-васьмікласніка Мікіту Трафімовіча.

 

У гасцявой праграме фестывалю выступіла цудоўная гродзенская група “Варта часу”, якою кіруе былы гімназіст Валерый Краеўскі. Падчас мерапрыемства праводзілася латарэя і разыгрываліся прызы. Гэту гульнявую частку праграмы курыравала настаўніца нямецкай мовы Т.І. Гарохава.

 

 

– Арганізацыяй мерапрыемства займалася творчая група вучняў з 5 па 11 класы – больш за 30 гімназістаў, – расказвае Вольга Пятроўна. – Вялікую дапамогу заўсёды аказваюць былыя выпускнікі. І на гэты раз яны не засталіся ў баку: Цімур Паноў, Максім Майсееў і іншыя рабяты дзяліліся сваімі ідэямі і прымалі непасрэдны ўдзел у падрыхтоўцы музычнага фестывалю. А ўвогуле ў той дзень на сцэну падняліся больш за 200 юных танцораў, музыкантаў і спевакоў.

 

 

Свае творчыя нумары рыхтавалі самі рабяты. Развучваць песні на замежнай мове дапамагалі педагогі школ і гімназіі, кіраўнікі аб’яднанняў па інтарэсах Шчучынскага ПТДіМ.
Пераможцаў музычнага фестывалю павіншаваў дырэктар гімназіі г. Шчучына У.Р. Дубок і ўручыў узнагароды.

 

Ганна РУДСКАЯ.
Фота з архіва гімназіі.

 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!