Прызванне – ратаваць жыццё. Малады спецыяліст, урач-анколаг Шчучынскай ЦРБ Беата Тодрык расказала пра асаблівасці сваёй працы

 

Пацыента з анкалогіяй нельга пакідаць з хваробай сам-насам. Такім людзям патрэбна ўсебаковая падтрымка ад сям’і і медыкаў. У гэтым упэўнена малады спецыяліст, урач-анколаг Беата Тодрык, якая сёлета папоўніла калектыў Шчучынскай ЦРБ і ўжо паспела зарэкамендаваць сябе як адказны і сумленны спецыяліст.

 

Сама Беата родам з Гродна. У школьныя гады дзяўчына захаплялася біялогіяй, удзельнічала ў алімпіядах па гэтым прадмеце, а рашэнне аб паступленні ў Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт прыняла ўжо ў старэйшых класах.

 

– Да мяне ў сям’і ніхто не быў звязаны з медыцынай, але павага да гэтай прафесіі заўсёды была, – кажа Беата Тодрык. – Родныя з радасцю ўспрынялі навіну аб маім паступленні. Да таго ж доктар у сям’і ніколі лішнім не будзе. Вучылася на спецыяльнасці “лячэбная справа”. Першыя тры курсы была тэорыя, атрымлівалі агульныя веды. А вось на старэйшых курсах ужо пачалі паглыблена вывучаць хваробы.
Больш за ўсё дзяўчыне запомнілася, як яна першы раз прымяняла свае веды на практыцы: абследавала пацыентаў, самастойна выконвала маніпуляцыі.

 

– Анкалогію ў якасці сваёй спецыялізацыі выбрала перад самым размеркаваннем, – расказвае малады спецыяліст. – Справа ў тым, што на 4-5 курсе я працавала медсястрой у аддзяленні сківічна-тварнай хірургіі. Шосты курс ардынатуры правяла ў хірургічным аддзяленні паліклінікі. Таму мела шмат часу, каб пазнаёміцца з рознымі спецыялізацыямі. Часта кантактавала з хірургамі, траўматолагамі і анколагамі. Я доўга выбірала кім быць – хірургам ці анколагам, але ўрэшце спынілася на апошняй спецыялізацыі.

 

Нягледзячы на тое, што анколаг лічыцца больш тэрапеўтычнай спецыяльнасцю, хірургічная практыка таксама прысутнічае. Напрыклад, у Шчучынскай ЦРБ Беата выконвае невялікія аперацыі. Часцей за ўсё яны звязаны з выдаленнем радзімак і розных утварэнняў на скуры.

 

– У Шчучыне я трапіла ў выдатны калектыў, мяне тут прынялі добра. Увогуле ў Шчучынскай ЦРБ надаецца вялікая ўвага маладым спецыялістам. Ніхто не адмаўляе ў парадзе, заўсёды ёсць да каго звярнуцца па дапамогу. Кіраўніцтва стараецца стварыць камфортныя ўмовы.

 

Як адзначае Беата, немалаважным для яе з’яўляецца наяўнасць добрых і аўтарытэтных настаўнікаў сярод калег. Вучоба ў медыкаў працягваецца і на рабочым месцы, таму малады ўрач-анколаг стараецца рэгулярна павялічваць і ўдасканальваць свае веды.

 

– У вольны ад працы час чытаю дадатковую медыцынскую літаратуру, каб быць у курсе апошніх тэндэнцый, – дзеліцца Беата. – Добра, што зараз ёсць магчымасць анлайн наведваць лекцыі і вэбінары пра новыя метады лячэння і дыягностыкі анкалогіі.

 

 

У нашы дні анкалогія становіцца ўсё больш актуальнай сферай медыцыны, бо, на жаль, з кожным годам у нашай краіне расце колькасць злаякасных новаўтварэнняў сярод насельніцтва.

 

– Зараз навука пайшла далёка, верагоднасць поўнага выздараўлення пры анкалогіі на ранніх стадыях даволі высокая. Лячэнне праходзіць на высокім узроўні з выкарыстаннем самых сучасных метадаў прамянёвай і хіміятэрапіі. Не трэба думаць, што познія стадыі рака – гэта прысуд, усё зусім не так. Лячыць можна нават запушчаныя анкалогіі трэцяй і чацвёртай стадыі. Усё залежыць ад лакалізацыі і тыпу пухліны. Таму ніколі нельга падаць духам, – кажа Беата.

 

Па словах Беаты Тодрык, пры лячэнні анкалогіі важнай умовай выздараўлення з’яўляецца настрой пацыента:

 

– Бывае так, што пацыенту цяжка прыняць дыягназ. Часам патрабуецца псіхалагічная дапамога. Але важна ўзяць сябе ў рукі і настроіцца на лячэнне. Сям’і важна падтрымліваць хворага, быць поруч, не пакідаць у бядзе. Нават калі пацыент будзе хацець дыстанцыравацца ад грамадства, яго нельга пакідаць аднаго. Не трэба хаваць праблему, лепш раздзяліць яе з роднымі людзьмі, якія стануць апорай. Для гэтага і патрэбна сям’я.

 

Добрае здароўе ў значнай ступені залежыць ад ладу жыцця чалавека. Шкодныя звычкі, такія як курэнне і алкаголь, аслабляюць наш арганізм і часта становяцца ініцыятарамі анкалагічных хвароб. Практычна кожны пацыент з ракам горла ў Шчучынскім раёне – гэта курыльшчык з вялікім стажам. Таксама з курэннем часта звязаны рак глоткі і гартані.

 

Калі казаць пра самыя частыя анкалагічныя захворванні, то тут усё залежыць ад полу. У мужчын самым распаўсюджаным з’яўляецца каларэктальны рак і рак прастаты. У жанчын – рак малочнай і шчытападобнай залозы.

 

– У барацьбе з анкалогіяй самае важнае – выявіць захворванне на ранняй стадыі, – адзначае Беата Тодрык.

 

– Трэба ўважліва ставіцца да любых зменаў у арганізме. Напрыклад, спецыфічныя сімптомы, якія могуць сведчыць аб анкологіі гартані – гэта змена голасу і сухі кашаль. Уважліва трэба ставіцца да ўзнікнення разнастайных боляў і павелічэнняў лімфавузлоў. У мэтах прафілактыкі жанчынам рэкамендуецца праводзіць самаабследванне малочных залоз. Трэба разумець, што злаякасная пухліна часцей за ўсё больш цвёрдая, чым звычайныя тканкі арганізма.

 

Вялікую ролю ў выяўленні анкалогій на ранніх стадыях маюць рэгулярныя медагляды і штогадовая дыспансерызацыя. Такія мерапрыемствы дазваляюць заўважыць адхіленні ў аналізах, якія могуць сведчыць аб ракавых захворваннях. Пры падобных падазрэннях правядзенне дадатковых абследванняў дапаможа выключыць рызыкі.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!