“Прышпіліся сам і … не думай пра дзіця!” – на жаль, менавіта так паступаюць некаторыя бацькі, перавозячы дзяцей у аўтамабілях

Кожную раніцу, аркамя выхадных, каля дзіцячага садка №4 у Паўднёва-Заходнім мікрараёне вельмі ажыўлены рух. Перад пачаткам працоўнага дня бацькі спяшаюцца адвезці ў садок сваё дзіця.
А вось наколькі ў гэтай спешцы яны клапоцяцца пра бяспеку сына або дачушкі, мы вырашылі высветліць разам з інспектарам ДПС аддзела ДАІ Шчучынскага РАУС Дзмітрыем Яўгеньевічам Жагунем. Гэта сумесная акцыя праходзіла ў рамках комплексу прафілактычных мерапрыемстваў “Прышпіліўся сам – паклапаціся пра дзіця!”

 

Першыя некалькі вадзіцеляў, якія пад’ехалі да садка, ніякіх пытанняў не выклікалі. Дзеці для іх – галоўныя пасажыры, таму яны перавозіліся ў спецыяльных утрымліваючых прыстасаваннях і былі прышпілены згодна з патрабаваннямі правілаў дарожнага руху. У поўнай бяспецы адчувалі сябе шасцігадовая Насця з татам Аляксандрам, чатырохгадовая Аліна, якую прывезла ў садок мама Алена, пяцігадовы Данііл, які прыехаў разам з мамай Марыяй. Ніколі не забываюць прышпіліць дачушку Анастасію тата Вадзім і сына Максіма мама Наталья.

 

 

…Да садка пад’язджае чарговы аўтамабіль, і мы з супрацоўнікам ДАІ проста застываем ў нямым здзіўленні. На пярэднім сядзенні на каленях у мамы Вольгі як ні ў чым не бывала едзе ў садок даволі рослая дачушка Варвара. А на заднім сядзенні аўтамабіля так і засталося незапатрабаваным … дзіцячае крэсла. Вось так “бяспечна” прывёз у садок сваю ўнучку дзядуля Мар’ян Станіслававіч. Чаму дзіця перавозіцца ў машыне з парушэннем патрабаванняў правілаў дарожнага руху, ні мама, ні дзед патлумачыць так і не змаглі. Паколькі на гэты раз праводзілася прафілактычная акцыя, вадзіцель атрымаў вусную заўвагу. Толькі пратакол на яго ўсё роўна быў складзены. Дзядуля-парушальнік запэўніў, што ўперад заўсёды будзе ў першую чаргу думаць пра бяспеку дзіцяці-пасажыра.

 

Дарэмна мы спадзяваліся, што той раніцай гэта будзе самае сур’ёзнае парушэнне. “Рэкорд” паставіў мнагадзетны тата: не маючы права на кіраванне аўтамабілем – ён толькі займаецца ў аўташколе – Сяргей Аляксандравіч перавозіў свайго сына Міхаіла спераду не прышпіленым.

 

 

У сваё апраўданне ён расказаў, што жонка, якая мае вадзіцельскае пасведчанне і можа кіраваць аўтамабілем, адчувае сябе дрэнна. Таму везці ў садок сына прыйшлося яму. А ўгаварыць маленькага непаседу ехаць ззаду і прышпіліцца ў яго не атрымалася.

 

Як аказалася, ад дома да садка Сяргею Аляксандравічу рукой падаць. Толькі навошта ісці пяшком, лепш ехаць з камфортам! Дарэчы, за падобнае парушэнне гэтага вадзіцеля супрацоўнікі ДАІ затрымліваюць не першы раз, таму, нягледзячы на прафілактычную акцыю, рашэнне ў адносінах да яго ўжо будзе выносіць суд. Якое б пакаранне ні атрымаў гэты парушальнік, а ў даным выпадку гэта штраф ад 20 да 50 базавых велічынь або адміністрацыйны арышт, для ўсёй сям’і гэта будзе сур’ёзнай непрыемнасцю. Вось так тата пастараўся…

 

…Кожны раз, накіроўваючыся ў падобныя рэйды, не магу зразумець адно: чаму супрацоўнікі ДАІ павінны нагадваць дарослым відавочныя рэчы? Патрабаванні правілаў дарожнага руху адносна перавозкі дзяцей у кожных без выключэння бацькоў павінны быць аксіёмай. Што можа быць даражэй за жыццё свайго дзіцяці?! Ні на імгненне не забывайце пра гэта!

Ганна РУДСКАЯ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!