Прымай работу, ветэран!

Шчучынскія камунальнікі ў рамках спонсарскай дапамогі зрабілі касметычны рамонт у пад’ездзе дома, дзе жыве ветэран Вялікай Айчыннай вайны Мікалай Мікалаевіч Юр’еў. 
– Ініцыятыва добрай справы сыходзіла ад кіраўніцтва раёна, а мы толькі рэалізавалі задуманае. Прынялі рашэнне, што гэта будзе наш падарунак паважанаму чалавеку да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, – азначыў дырэктар Шчучынскага РУП ЖКГ Андрэй Валер’евіч Шкіндзераў. – І знак асаблівай павагі да былога воіна, які ў цяжкі для краіны час змагаўся за сённяшні мірны дзень. Дарэчы, матэрыялы для рамонтных работ выдзеліла МПМК-167. 
Аўтар гэтых радкоў пабывала ля дома, дзе жыве ветэран, напярэдадні Дня Незалежнасці і застала брыгаду маляроў РУП ЖКГ на заключным этапе работ. Алена Сцяпанаўна Васілеўская, Ірына Генрыкаўна Ванэлік і Марына Баляславаўна Ханько наносілі пэндзалямі апошнія мазкі на поручнях. Да гэтага яны пабялілі столь, пафарбававалі ў прыемны воку блакітны колер сцены і ў нямаркі ўваходныя дзверы. А забяспечыў жанчынам фронт малярных работ – ліквідаваў усе няроўнасці – тынкоўшчык Юрый Паўлавіч Каляда. Паблісквае на сонцы і абноўленая лаўка ля ўваходу ў пад’езд. Адным словам, прымай работу, ветэран!
І хаця М.М. Юр’еў з-за сталага ўзросту і стану здароўя цяпер рэдка выходзіць са сваёй кватэры, але падчас святочных мерапрыемстваў з нагоды Дня Перамогі і Дня Незалежнасці ён заўжды ў гушчыні падзей, сярод удзельнікаў урачыстасці. Вось і 3 ліпеня шчучынцы віталі яго на святочным мітынгу. А значыць, Мікалай Мікалаевіч заўважыў і перамены, якія адбыліся ў інтэр’еры пад’езда.
Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!