Прыгожа, урачыста і вельмі кранальна прайшло свята апошняга школьнага званка ў Жалудоцкай СШ імя. В. Урублеўскага
Канечне, героямі дня, як і належыць, сталі адзінаццацікласнікі. Гэта яны пакідаюць родную школу і накіроўваюцца ў дарослае жыццё, гэта ім у хуткім часе прадстаіць здаваць экзамены і цэнтралізаванае тэсціраванне.
Шчыра, ад усёй душы віншавалі віноўнікаў урачыстасці, а таксама ўсіх школьнікаў, педагогаў, бацькоў з завяршэннем чарговага навучальнага года старшыня Шчучынскага раённага Савета дэпутатаў Ганна Станіславаўна Хвядзюк, старшыня Жалудоцкага сельвыканкама Генадзій Іванавіч Цывінскі, дэпутат раённага Савета дэпутатаў, дырэктар філіяла "Жалудоцкі агракомплекс" ААТ "Агракамбінат "Скідзельскі" Станіслаў Юльянавіч Гузень, а таксама ветэран працы, былы дырэктар школы Ян Францавіч Прускі і іншыя госці.
Дырэктар школы Уладзімір Анатольевіч Васількевіч уручыў рабятам узнагароды і Пахвальныя лісты і адзначыў, што навучальны год быў для школы даволі паспяховым. Ён пажадаў рабятам выдатнага адпачынку, а тым, хто здае экзамены і развітваецца са школай – поспехаў.
Са словамі на дарогу звярнуліся да выпускнікоў іх малодшыя сябры – першакласнікі, а таксама першая настаўніца і бацькі. У сваю чаргу адзінаццацікласнікі паабяцалі заўсёды помніць сваю родную школу і свой самы непаўторны і любімы Жалудок.
Пад гукі апошняга школьнага вальса закружыліся прыгожыя пары. Разам з самымі запаветнымі марамі паляцелі ў неба рознакаляровыя шарыкі. Прагучаў апошні школьны званок… Да пабачэння, школа!
Ганна РУДСКАЯ.
Фота аўтара.