Прэм’ера кнігі. Фотаальбом “Шчучын і ваколіцы”, прысвечаны 80-годдзю нашага раёна, выпушчаны творчымі сіламі журналістаў “Дзянніцы”

Прыгожы фотаальбом у цвёрдай вокладцы нядаўна быў выдадзены ТАА “РІА “Вячэрні Брэст”, а Шчучынская раённая бібліятэка імя Цёткі запрасіла сваіх чытачоў на прэзентацыю новай кнігі “Шчучын і ваколіцы”. Удзельнікі маглі пазнаёміцца з выставай “Шчучын: погляд праз гады”, дзе сабраны ўсе кнігі, фотаальбомы, буклеты пра наш горад, якія выходзілі на працягу апошніх гадоў – у тым ліку і самая першая брашура савецкай эпохі, прысвечаная гісторыі Шчучына.

 

Бібліёграф Людміла Аляксей знаёміць удзельнікаў мерапрыемства з гасцямі, расказвае, якое месца займае новы фотаальбом сярод іншых выданняў падобнага кшталту. Прэм’ера кнігі суправаджалася відэапрэзентацыяй і кранаючымі гукамі “Шчучынскага вальса”.

 

 

Намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Таццяна Цюсіна, якая каардынавала ход выдання кнігі, раскрыла некаторыя “сакрэты”: фотаальбом быў падрыхтаваны за рэкордна кароткі тэрмін дзякуючы зладжанай творчай камандзе журналістаў шчучынскай раённай газеты “Дзянніца” і дзелавым якасцям кіраўніка выдавецтва Уладзіміра Шпарло.

 

 

 

Аўтар тэксту, карэспандэнт Таццяна Ступакевіч, прапанавала ўдзельнікам мерапрыемства, а гэта былі дзевяцікласнікі і педагогі СШ №1 горада Шчучына, узгадаць свае любімыя куточкі роднага горада, і самае цікавае, што кожны з такіх маляўнічых гарадскіх пейзажаў можна з лёгкасцю адшукаць у новым фотаальбоме!

 

 

– Працуючы над тэкстам і перагортваючы старонкі нашай гістрыі, аналізуючы сённяшні дзень, мяне больш за ўсё ўразіла, які эканамічны (і не толькі!) рывок за апошнія пяць год зрабіў наш рэгіён, як прырос і новымі прадпрыемствамі, і аб’ектамі “зялёнай энергетыкі”, і прыгожай архітэктурай, – падзялілася сваімі думкамі Т.В. Ступакевіч.

 

 

З цікавасцю слухалі старшакласнікі аповед намесніка галоўнага рэдактара газеты “Дзянніца” Ганны Каспер і загадчыка аддзела эканомікі і сельскай гаспадаркі Аляксандра Касперчука, якія прадаставілі для новай кнігі свае выдатныя здымкі, як, дарэчы, і фотамастак Аляксей Бібікаў. Такі творчы альянс атрымаўся надзвычай плённым. Зрэшты, гэта можа ацаніць кожны з вас. Новая кніга ёсць у фондзе бібліятэкі, яе можна купіць у кіёсках “Саюздруку”. Добрым сувенірам стане фотаальбом і для турыстаў, у тым ліку і замежных: беларускамоўны тэкст тут перакладзены на англійскую мову. Не прапусціце кніжную навінку! Магчыма, дзякуючы гэтаму фотаальбому і яго аўтарам, вы па-новаму ўбачыце наш самабытны Шчучын.

 

Таццяна ВАЛЯНЦІНАВА.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!