Праз адказнасць – да нулявога траўматызму. На базе Шчучынскага РУП ЖКГ прайшлі дадатковыя заняткі, прымеркаваныя да Дня аховы працы

 

Пытанням бяспекі работнікаў на працоўным месцы надаецца павышаная ўвага з боку профільных ведамстваў. Гэта, аднак, не заўсёды ратуе калектывы ад няшчасных здарэнняў. У большасці выпадкаў да траўмаў і ахвяраў вядзе банальнае грэбаванне правіламі бяспекі. Таму з мэтай прафілактыкі вытворчага траўматызму 9 лістапада на Гродзеншчыне праводзіўся абласны Дзень аховы працы з адзінай павесткай: “Забеспячэнне бяспекі працы пры правядзенні работ павышанай небяспекі”. У рамках Дня аховы працы ў нашым раёне праводзіўся шэраг мерапрыемстваў, сярод якіх былі дадатковыя заняткі на базе РУП ЖКГ.

 

 

Летам гэтага года ў Шчучынскім РУП ЖКГ адбыўся няшчасны выпадак, які прывёў да смерці работніка. Таму ўвага да мерапрыемстваў, накіраваных на ахову працы ў гэтай арганізацыі, асабліва пільная. Дадатковыя заняткі сабралі працаўнікоў розных аддзелаў РУП ЖКГ, якія назіралі за паказальнымі дзеяннямі групы слесараў аварыйна-аднаўленчых работ. Таксама мерапрыемства наведалі начальнік Лідскага міжраённага аддзела Гродзенскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Аляксандр Волчак і начальнік аддзела працы і заработнай платы ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Шчучынскага райвыканкама Яўгеній Мецько.

 

 

Слесары праводзілі ачыстку ад засмечвання каналізацыйнай трубы ў калодзежы. Гэтая маніпуляцыя адносіцца да работ павышанай небяспекі, таму вялікая ўвага пры яе выкананні мусіць надавацца мерам бяспекі. На практыцы група слесараў паказала, як праводзіцца праверка рабочага абсталявання і сродкаў індывідуальнай і калектыўнай аховы. Таксама імі былі адзначаны галоўныя правілы бяспекі. Пасля завяршэння ачысткі работнікі ЖКГ, якія назіралі за маніпуляцыяй змаглі выказаць свае заўвагі наконт бяспекі працы падчас такіх дзеянняў.

 

 

Важнасць і карысць падобных заняткаў адзначыў старшы майстар службы ВКГ Генадзій Хвайніцкі, менавіта ён кіраваў групай слесараў падчас паказальнай ачысткі каналізацыйнага калодзежа.

 

– Безумоўна, правядзенне такіх практыкаарыентаваных мерапрыемстваў карыснае для працоўнага калектыву, – кажа Генадзій. – Акрамя таго, што мы павышаем сваю кваліфікацыю, яшчэ і паказваем сваю працу калегам, якія потым могуць зрабіць карысныя заўвагі, даць парады. Гэта дазволіць у далейшым пазбегнуць траўмаў і ахвяраў.

 

 

Пасля практычнай часткі калектыў РУП ЖКГ і службовыя асобы ўзялі ўдзел у пасяджэнні, якое прайшло ў актавай зале. Падчас пасяджэння Аляксандр Волчак давёў працоўнаму калектыву інфармацыю аб стане вытворчага траўматызму ў Гродзенскай вобласці і непасрэдна ў Шчучынскім раёне, звярнуў увагу прысутных на неабходнасць бездакорнага выканання патрабаванняў па ахове працы. Таксама асобна была разгледжана інфармацыя і абставіны няшчаснага выпадку са смяротным зыходам, які адбыўся летам у гэтай арганізацыі.

 

 

Разам з тым, у Гродзенскай вобласці з 6 па 12 лістапада праводзіцца Тыдзень нулявога траўматызму, ў рамках якога на тэрыторыі нашага раёна будуць праводзіцца дадатковыя мерапрыемствы, накіраваныя на недапушчэнне траўмаў на вытворчасці.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!