Прававая дапамога побач: у Шчучынскім лясгасе прайшоў прафсаюзны прыём грамадзян

У ДЛГУ "Шчучынскі лясгас" прафсаюзны прыём грамадзян правялі прававы інспектар Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў лесу і прыродакарыстання А.А. Паўловіч, старшыня Шчучынскага раённага аб'яднання прафсаюзаў Ю.Т. Пашук, намеснік пракурора раёна Д.Ю. Гайдукевіч і галоўны спецыяліст адзела працы і заработнай платы ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама А.І. Вашчыла.

 

Неабходнасць атрымаць юрыдычныя кансультацыі з'явілася ў некалькіх чалавек. Спецыялісты растлумачылі ім нормы заканадаўства, якія рэгулююць сферу працоўных і звязаных з імі адносін, у тым ліку асобныя новаўвядзенні і змяненні, змешчаныя ў новым Працоўным кодэксе, які ўступіў у сілу 28 студзеня бягучага года, а таксама нюансы новай сістэмы аплаты працы работнікаў бюджэтных арганізацый.

 

Так, надзвычай уважліва і падрабязна быў разгледжаны калектыўны зварот, які датычыўся пытанняў матэрыяльнай адказнасці работнікаў за ўрон, нанесены трэцім асобам пры выкананні службовых абавязкаў. Падставай для звароту стала канкрэтная сітуацыя. Сутнасць яе вось у чым. Вадзіцель легкавушкі, які рухаўся па дарозе, не заўважыў паваленае дрэва, наехаў на яго і пашкодзіў аўто. Суд, куды звярнуўся пацярпелы, прыйшоў да высновы, што большая частка віны за здарэнне ляжыць на арганізацыі, работнікі якой павінны былі выявіць і прыбраць аварыйнае дрэва. І вынес рашэнне спагнаць страты менавіта з яе. У сваю чаргу гэта арганізацыя цяпер мае права патрабаваць са сваіх работнікаў, якія былі за гэта адказныя, выплаты сумы нанесенай грамадзяніну шкоды. Заяўнікоў цікавіла таксама, як гэта сітуацыя ацэньваецца з пазіцыі новага Працоўнага кодэкса.

 

А.А. Паўловіч і Д.Ю. Гайдукевіч далі кампэтэнтныя рэкамендацыі, падказалі алгарытм дзеянняў.

Юрыдычную кансультацыю атрымала ад прысутных на прыёме спецыялістаў эканаміст па аплаце працы ДЛГУ "Шчучынскі лясгас", а таксама жыхарка Шчучына. У прыватнасці, апошнюю цікавіла, як аплачваецца работа ў святочныя і выхадныя дні, чым адрозніваецца сумяшчальніцтва і сумяшчэнне. "У адпаведнасці з Працоўным кодэксам да работніка, які працуе па сумяшчальніцтву, прымяняюцца тыя ж гарантыі, што і да работніка, які працуе на асноўным месцы работы", -- патлумачыў А.А. Паўловіч. Паняцці "мінімальная зарплата", "тарыфны аклад" і парадак іх фарміравання растлумачыла заяўніцы А.І. Вашчыла.

 

Таццяна ПАЛУБЯТКА.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!