«Прамую лінію» правёў намеснік старшыні Шчучынскага райвыканкама Аляксей Валянцінавіч Садоўскі

Пагодлівы вераснёўскі дзянёк, відаць, падкарэкціраваў планы людзей: скіраваў іх увагу на ўборку вырашчанага ў агародзе і на полі, а таксама на лес, дзе дружна высыпалі грыбы. Бо за тры гадзіны «дзяжурства» на «прамой лініі» паступіла толькі тры тэлефонныя звароты.

У прыватнасці, зацікаўлены дыялог адбыўся ў А.В. Садоўскага з жыльцом дома №3 па вуліцы Астроўскага. Пачынаючы размову, гэты чалавек адабральна выказаўся ў адрас кіраўніцтва раёна і старшыні райвыканкама С.В. Ложэчніка. Маўляў, узяты накірунак на развіццё і добраўпарадкаванне Шчучына правільны, людзі ўсім сэрцам за такія перамены. Разам з тым мужчына падзяліўся ўласнымі перажываннямі – у яго кватэры дыскамфорт з-за праблем з вентыляцыяй. Гэты ж чалавек аказаўся неабыякавым і да грамадскіх спраў: падказаў адрас прыкладання сіл для пэўных раённых службаў. Гэта тэрыторыя насупраць магазіна «Ветразь». Менавіта тут утварылася яма-лужына, якая стварае нязручнасці для прахожых і псуе выгляд.

Аляксей Валянцінавіч пагадзіўся з суразмоўцам: сапраўды непарадак.

-- На такія звароты трэба рэагаваць аператыўна. Канешне, я не магу сказаць, што на гэтым месцы тут жа пакладзём асфальт, але ёсць іншы і просты спосаб зняць пытанне – засыпаць лужыну, -- пракаменціраваў ён. -- Зрабіць гэта неадкладна даручым уласніку зямельнага ўчастка ля гандлёвага аб'екта. А то на падрыхтоўку адказу заяўніку можа спатрэбіцца больш часу, чым на ліквідацыю тае ямы…

Аляксей Валянцінавіч выказаў намер пасля заканчэння «прамой лініі» выехаць на вуліцу Мічурына ў Шчучыне. Адсюль паступіла просьба дапамагчы прыбраць са двара бярозу, што празмерна разраслася і стварае пэўныя нязручнасці. Па словах заяўніцы, зрабіць гэта самастойна жыльцам не па сілах з-за сталага ўзросту.

Намеснік старшыні райвыканкама адразу ж даў тлумачэнні на зварот вяскоўца з Матылёў, які цікавіўся цаной на бульбу і магчымасцю здачы клубняў. Як вядома, у раёне закупкай сельгаспрадукцыі ў насельніцтва займаеццца спажывецкая кааперацыя. Але аб'ёмы нарыхтовак не надта вялікія, таму, магчыма, варта разгледзець прапановы мабільных «купцоў», якія наведваюцца ў населеныя пункты. Што да цаны на «другі хлеб», то яна сёння ў межах дваццаці капеек за кілаграм. Між іншым, плануючы памеры ўчастка пад бульбу на наступны год, кожнаму гаспадару не лішне падумаць, як ён будзе распараджацца атрыманым ураджаем.

Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Чытайце таксама: 
Г.С. Хвядзюк: «Людзі заўважаюць і цэняць зробленае для іх»
                                  Время подумать о зиме
                                 Конструктивный диалог

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!