Працягваем праект "Фамільная каштоўнасць" - сёння расказваем пра Жукавых, Васілеўскіх, Маліноўскіх

Май, сімвалам якога стаў яблыневы цвет, багаты на святы. Яго першы дзень праходзіць пад знакам яднання людзей працы, а дзявяты – ушанавання герояў Вялікай Айчыннай. Таму і вырашылі мы прысвяціць чарговы выпуск праекта “Фамільная каштоўнасць” шчучынцам, чые прозвішчы сугучныя з прозвішчамі легендарных военачальнікаў, маршалаў Вялікай Перамогі. Знаёмства з гэтымі людзьмі пацвердзіла: у кожнага з іх ёсць свой фронт – толькі працоўны – і перамогі на ім.

Белы яблыні цвет
У 60-ыя гады мінулага стагоддзя ў нашых мясцінах сышла з поезда сям’я Жукавых: бацька Канстанцін Уладзіміравіч, маці Марыя Паўлаўна і іх чацвёра дзяцей. У руках – няхітрыя пажыткі. Адкуль бы вы думалі былі гэтыя людзі? Ажно з-пад Іркуцка, дзе прытулілася да Байкала іх родная вёсачка з незвычайнай назвай Канторка.
– А прыехалі яны ў Беларусь, каб паглядзець, як растуць яблыкі, – здзіўляе мая новая субяседніца, жыхарка Жалудка Таццяна Антонаўна Жукава – нявестка тых самых лёгкіх на пад’ём расіян. – Гэта ў нас пладовыя дрэвы раслі пры кожным доме. А ў іх суровым клімаце яблыня не выжывала. Дарэчы, ехала сям’я не да чужых людзей: у Шчучыне на той час ужо жыў і працаваў іх сваяк. Гэты чалавек, відаць, бываючы на малой радзіме, і пачаставаў радню беларускімі яблычкамі, смак якіх яны ацанілі.
Між іншым, муж Таццяны Антонаўны – адзін з трох сыноў Жукавых. Услед за сваімі бацькамі, якія прыжыліся ў Жалудку (гаспадар працаваў у гаргазе, а гаспадыня бухгалтарам у сельпо), і Уладзімір пусціў тут карані. Зрэшты, як і яго брат Сяргей. Іх адзіная сястра стала лідчанкай. А вось трэцяга брата Жукавых паклікала назад малая радзіма: ён з сям’ёй у Волагдзе.
Па словах Таццяны Антонаўны, яе свякроў была жанчына душэўная, дзяцей гадаваць дапамагала. І свёкар чалавек неблагі, гаспадарлівы. “Рускія – людзі добрыя…”, – заўважае субяседніца.
– А ў іх сям’ю я патрапіла дзякуючы… першаму снегу, – смяецца мая “экскурсавод” у радаслоўную Жукавых. – У той дзень, у 1971 годзе гэта было, ён якраз выпаў, і мы, навучэнкі Жалудоцкага медвучылішча, выйшлі на вуліцу палюбавацца беллю. А насустрач групка мясцовых хлопцаў ішла, сярод іх Валодзя. Так і пазнаёміліся. Мой суджаны тады ў Жыровічах на электрыка вучыўся. Сёлета ў жніўні маемся адзначыць 45-годдзе сумеснага жыцця. У адзін дзень з нашым юбілеем заахвоціўся зарэгістраваць свой шлюб і наш унук.
Вось так супалі дарогі гэтых людзей. А яшчэ Уладзімір Канстанцінавіч і Таццяна Антонаўна абое ў красавіку нарадзіліся, як і іх сыны – Андрэй і Ігар. Малодшы служыць у міліцыі на малой радзіме матулі – у Мастах, а старэйшы пераняў ад маці любоў да медыцыны – ён па спецыяльнасці фельчар, жыве ў сталіцы.
Між іншым, у самой Таццяны Антонаўны 36 гадоў стажу: працавала ў хірургічным аддзяленні паліклінікі, потым дыспетчарам на “хуткай дапамозе”. А Уладзімір Канстанцінавіч “адслужыў” не менш за жонку, толькі на мясцовым комплексе электрыкам.
– У яго залатыя рукі, – хваліць свайго Жукава Таццяна Антонаўна. – І па доме ўсё зробіць, і на падворку ля катэджа, і людзям у дапамозе не адмаўляе. Як толькі запахла вясной, з раніцы ходзіць ля свайго трактарчыка – рыхтуецца да работы на зямлі. А яшчэ ён заядлы рыбак і грыбнік. У пасёлку, калі бачаць яго з кошыкам дароў лесу, жартуюць: “Зноў прадпрыемства “Баравічок” запрацавала”. А па характары мой Канстанцінавіч на свайго цёзку-маршала не падобны. Не камандуе, больш да маіх парад прыслухваецца…
За Васілеўскіх не сорамна
Шчучынец Андрэй Іосіфавіч Васілеўскі – з вялікага сялянскага роду, карані якога ў вёсцы Андрушоўцы. У яго дзядулі і бабулі па бацькоўскай лініі было восем дзяцей. У дружнай мнагадзетнай сям’і ўсім хапіла ўвагі і любві. Выраслі, знайшлі кожны сваё месца на зямлі. Так, бацька Андрэя – Юзаф Эдвардавіч – стаў вадзіцелем і ўстанавіў своеасаблівы рэкорд па працягласці работы ў мясцовай аўтакалоне. Па яго слядах пайшоў і адзін з сыноў – Уладзімір. “ Як толькі гэтыя двое сыдуцца разам, толькі і размовы, што пра машыны і аўтапарк, – з усмешкай зазначае Андрэй Іосіфавіч. – А вось сястра мая Святлана абрала прафесію медсястры, жыве і працуе ў прысталіччы”. 

 Між іншым, і сам Андрэй выбіўся з сямейнай “аўтамабільнай каляіны”, у свой час скіраваўшы погляд у будаўнічую сферу.
– У 1987 годзе я стаў студэнтам будаўнічага факультэта Брэсцкага інжынерна-будаўнічага інстытута, – распавядае Андрэй Іосіфавіч. – Пачынаў працоўную дзейнасць майстрам у будтрэсце ў Ваўкавыску. А з 1995 года вярнуўся ў Шчучын, у МПМК-167, на аналагічную пасаду. Прадпрыемства стала родным. Лічы, чвэрць стагоддзя работы за плячыма. 
Цяпер А.І. Васілеўскі працуе прарабам аддзелачных работ. Цікаўлюся, да якіх аб’ектаў, што называецца, прылажыў руку ён сам і яго падначаленыя.
– Ды амаль да ўсіх, якія ўзводзіць ці рэканструюе наша ПМК, – тлумачыць ён. – Вось і цяпер члены маіх дзвюх брыгад – 12 тынкоўшчыкаў і 16 маляроў – заняты на рэканструкцыі МТФ “Грамавічы” і адміністрацыйнага будынка ў РЭСе. І ў сценах вашай рэдакцыі мы некалі прыгажосць наводзілі…
Гэта што датычыць работы. Ёсць што сказаць А.І. Васілеўскаму і пра сям’ю. Яго жонка Валянціна Яўгенаўна працуе галоўным бухгалтарам фінансавага аддзела райвыканкама. Дарэчы, іх некалі пазнаёмілі… мамы. Мама Андрэя – Надзея Васільеўна – у маладосці вучылася разам з дзяўчынай, якая потым стане… цешчай яе сына. Дарэчы, старэйшай у сям’і Васілеўскіх жанчыне ўжо за восемдзясят. Яна многа год аддала педагагічнай і выхаваўчай рабоце. Напачатку, расказвае сын, працавала ў доме-інтэрнаце ў Андрушоўцах, дзе сям’я і жыла. А потым, калі гэту ўстанову перавялі ў Ражанку, сям’я Васілеўскіх перабралася ў Шчучын. Цяпер Надзея Васільеўна і Юзаф Эдвардавіч ужо ў паважаным ўзросце, жывуць у кватэры адны, але не забытыя дзецьмі і ўнукамі. “Я кожны дзень у іх бываю. Па выхадных у касцёл падвожу. Бачу, як беражліва, з ласкай ставяцца бацькі адно да аднаго. У мамы падводзіць здароўе, і тата практычна ад яе не адыходзіць”, – сцвярджае Андрэй. А яго жонка Валянціна прыгадвае, што ўсе разам яны любяць збірацца ў бацькоў мужа на святы. Заглядвае да дзядулі з бабуляй і іх дачка Вольга – студэнтка БДЭУ.
Дарэчы, “карэньчыкі” роду Васілеўскіх усё яшчэ ёсць і ў Андрушоўцах. Там жыве дзядзя Андрэя Іосіфавіча. А іншыя Васілеўскія разышліся-раз’ехаліся. “Да прыкладу, адзін з маіх стрыечных братоў – Сяргей – былы вайсковец. Да маршала крыху не хапіла, але адслужыў годна, – кажа Андрэй Іосіфавіч. – А другога прадстаўніка роду вы павінны ведаць – Ян Янавіч Васілеўскі ўзначальвае Гродзенскі райвыканкам. Лічы, галоўнакамандуючы ў раёне! Зрэшты, за ўсіх нашых Васілеўскіх не сорамна “.
“Вёска – галоўны козыр у маім жыцці”
– Я ў горад прыязджаю, пахаджу і такі стомлены дамоў вяртаюся, быццам вагон з цэментам разгрузіў, – дзеліцца яшчэ адзін носьбіт “маршальскага” прозвішча Мечыслаў Мацвеевіч Маліноўскі з вёскі Кобраўцы. – А дома так добра, так вальготна! Прырода абуджаецца – радуюся, птушкі прыляцелі – радуюся. Тут і ў хмуры дзень сонца свеціць! Вёска – галоўны козыр у маім жыцці!
Адчуваецца: эмацыянальны маналог – не дзеля чырвонага слоўка. Такія пачуцці “праклюнуліся” ў Мацвеевіча яшчэ ў маленстве ў бацькоўскай хаце, што ў вёсцы Вугольнікі, а “ўзрошчаны” на працягу ўсяго сталага жыцця. Уласным працоўным фронтам для М.М. Маліноўскага стала спажывецкая кааперацыя раёна, а дакладней – Астрынскае сельпо, дзе ён доўгі час займаў пасаду намесніка старшыні па гандлі. А калі гэта падраздзяленне расфарміравалі, спакойна змяніў дзелавы касцюм на рабочую вопратку – пайшоў у слесары-рамонтнікі: наладжваў абсталяванне, сачыў за работай катлоў, выконваў іншыя работы… “Пры гэтым мяне людзі не менш паважалі, бо рабіў усё як для сябе”, – адзначае цяпер былы кааператар. Увогуле працоўны стаж гэтага чалавека – 42 гады!
– Муж – таваразнаўца па адукацыі, любіў сваю былую работу, – дапаўняе жонка Людміла Яўгенаўна. – І адказна ставіўся да яе. Тады ў гандлі былі часы дэфіцыту на тавары. Бывала, прашу, каб купіў дамоў лішні мяшок мукі. А ён мне ў адказ:”Ты што, у нас усё на ўліку!”. Цяпер муж часта ўспамінае калег і А.Л. Смірнова, з якімі давялося працаваць. А пачуўшы, што недзе зноў закрываецца магазін, ён так перажывае…
Ужо ад жыхаркі Шчучына Зоі Канстанцінаўны Мацюк даведалася, што сваім выбарам прафесіі яна абавязана менавіта Мечыславу Мацвеевічу Маліноўскаму: паслухала некалі яго параду, што “эканамісты заўжды патрэбны”, і падала дакументы ў Гомельскі кааператыўны інстытут. Бацькоўская сядзіба гэтай жанчыны па-суседску з родавым гняздом жонкі Маліноўскага. ”Усё тут дагледжана як след. Гэта вельмі руплівыя і прыстойныя людзі, – кажа З.К. Мацюк. – І Мацвеевіч да вядзення сельскай гаспадаркі здольнасць мае, і Яўгенаўна”.
Спытала пра тое ў самой Л.Я. Маліноўскай. Яна расказала, што ў свой час скончыла завочна Ленінградскі сельгасінстытут па спецыяльнасці “агароднік”. А папрацаваць давялося і аграномам, і бухгалтарам у родных Кобраўцах, дзе некалі знаходзілася цэнтральная сядзіба калгаса імя Някрасава, а потым і ў Астрыне – загадчыцай камбіната бытавога абслугоўвання. А свае інстытуцкія веды яна прымяняе цяпер на ўласным агародзе: па навуцы вырошчвае памідоры, перцы і іншую гародніну.
Пакуль Маліноўскія працавалі ў Астрыне, там і жылі. Але часта прыязджалі ў Кобраўцы – даглядалі бацькоў. А потым вырашылі тут застацца. Сюды ахвотна наведваюцца іх дарослыя дзеці, якія жывуць у Гродне. Таня працуе зубным урачом у дзіцячай паліклініцы, а Андрэй знайшоў сябе ў спартыўнай медыцыне і займаецца пчалярствам. Унукі Елісей і Ліза таксама любяць вясковы прастор. І ўсе разам прыязджалі ў Кобраўцы 9 мая – павіншаваць Мечыслава Мацвеевіча з Днём нараджэння і пажадаць яму даўгалецця.
Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота аўтара.