Працягваем наш праект "Куточак сэрцу дарагі": у вёсцы Фарны Канец пражывае больш за 150 чалавек

Вёска Фарны Канец па колькасці жыхароў – адна з самых вялікіх у Жалудоцкім сельсавеце. Там пражывае больш за 150 чалавек. Ад яе да Жалудка – рукой падаць. Можа таму і не імкнуцца нікуды адсюль пераязджаць людзі. Большая палова вяскоўцаў яшчэ працуе. Самай пажылой доўгажыхарцы – 95. Самаму маленькаму жыхару – тры годзікі. 
Вось у гэты населены пункт мы і накіраваліся са старшынёй Жалудоцкага сельвыканкама Генадзіем Іванавічам Цывінскім. Што адметна – усе нашы суразмоўцы аказаліся людзьмі вельмі добразычлівымі, працавітымі, з няпростымі лёсамі. А аб’ядноўвае іх не толькі тое, што жывуць яны ў адной вёсцы, у лёсе амаль кожнага з іх свой след пакінула Жалудоцкае медвучылішча – хтосьці там вучыўся, а хтосьці працаваў. 
Чаму Фарны Канец калісьці атрымаў такую назву? Мясцовыя жыхары лічаць, што яна звязана з Фарным касцёлам, пабудаваным тут. Фарны – значыць, прыходскі, які належыць толькі прыходу. На жаль, сёння застаўся толькі грудок, на якім ён некалі стаяў.

Паўстагоддзя разам крочаць па жыцці

Марыя Станіславаўна і Іван Станіслававіч Будрэвічы літаральна на днях адзначылі 50-годдзе сумеснага жыцця. 
– І як жа вы жылі разам столькі часу? – цікаўлюся я. 
– Выдатна! – не думаючы ні хвіліны, адказвае Марыя Станіславаўна. 
І ў яе голасе няма ні ноткі фальшу. Па ўсім відаць, яна сапраўды вельмі шчаслівая жанчына. А яшчэ мужная, гатовая кожнаму прыйсці на дапамогу. Але пра гэта я даведалася, ужо слухаючы яе аповед. 
Вёсачка Фарны Канец – яе малая радзіма, менавіта тут яна з’явілася на свет крыху больш за 70 год таму. Мама Яніна Антонаўна Здановіч, якой сёння ўжо 95 год і яна старэйшая жыхарка вёскі, працавала санітаркай у ветэрынарнай лячэбніцы, а бацька быў конюхам. Як і многія дзяўчаты ў той час, выбрала прафесію фельчара. Атрымаўшы спецыяльнасць, паехала па размеркаванні працаваць на фельчарска-акушэрскі пункт у Ліпічна. 
– Не паверыце, але свайго мужа першы раз убачыла ў сне, – расказвае Марыя Станіславаўна. – Бывала, на Андрэя дзяўчаты гадалі. Казалі, хто прывідзіцца ў сне і будзе весці цябе праз кладачку, той і будзе тваім мужам. Менавіта мой Ванюша і перавёў мяне праз кладачку. Я тады падумала: “Які ж прыгожы хлопец!” А калі ён вярнуўся з арміі, мы з ім і пазнаёміліся. 
Іван Станіслававіч родам з суседняй Забалаці. У Полацкім ДПТВ-20 атрымаў прафесію электраманцёра. Працаваў па спецыяльнасці ў Маладзечанскім СУ-5, пакуль на два з паловай гады яго не прызвалі ў армію. Адслужыў, вярнуўся на малую радзіму і ўладкаваўся на работу ў будаўнічую арганізацыю. Потым быў электраманцёрам Шчучынскага раёна электрасетак на Жалудоцкім участку, а затым 25 год працаваў у мясцовай гаспадарцы. 
Спачатку маладая сям’я жыла ў бацькоў Марыі Станіславаўны, а потым яны пачалі будаваць свой дом. Першы сын нарадзіўся ў 1969 годзе, а другі – праз чатыры гады. Пасля з’яўлення на свет першынца Марыя Станіславаўна перавялася працаваць з ФАПа ў Жалудоцкую бальніцу і была медсястрой па флюараграфічнай картатэцы. Пасля другога водпуску па догляду дзіцяці выйшла на работу ўжо акушэркай агляднага кабінета. 12 гадоў яна сачыла за здароўем жанчын, пабывала ў кожнай вёсцы, праводзіла агляды, давала парады. З агляднага кабінета хацела перайсці працаваць у хуткую дапамогу, толькі замест гэтага стала участковаю медсястрою ў тэрапеўтычным кабінеце. Агульны медыцынскі стаж Марыі Станіславаўны складае ні многа, ні мала – 35 год!
– Лёгка ніколі не было, – гаворыць жанчына. – Сёння ў нашым доме і газавае ацяпленне праведзена, і вада – усё, як у горадзе. А жыць ужо няма калі. Шмат працавалі, гаспадарку вялікую трымалі, усё зараблялі ўласным мазалём. Дзецям стараліся дапамагчы. Але здароўе стала падводзіць. У мужа яно заўсёды было слабое, а ў мяне цяпер моцна баляць ногі. 
Да сённяшняга дня помніць Марыя Станіславаўна тыя жудасныя хвіліны, якія ёй прыйшлося перажыць, калі толькі цудам не загінуў яе муж. Помніць, і як ратавала яго, калі ўрачы паставілі страшны дыягназ. Колькі слёз выплакала тады, каб ён не бачыў…
– Я справілася! – радуецца жанчына. – Такога, як мой Ваня, яшчэ пашукаць трэба. Акуратны, любіць ва ўсім парадак і дзяцей так выхаваў. У яго рукі залатыя, амаль усё ў доме сам зрабіў. А колькім людзям дапамог! Цяпер дзеці просяць нас берагчы сябе. Старэйшы сын працуе ўрачом у санаторыі ў Трускаўцы, а наш унук – хірург, яго жонка – медсястра. Так што ў сям’і ўжо атрымалася сапраўдная дынастыя медыкаў. Другі ўнук – юрыст. А наш малодшы сын закончыў Жалудоцкае медвучылішча, працуе фельчарам у воінскай часці ў Мінску. 
Іван Станіслававіч, слухаючы жонку, не перабіваў, толькі час ад часу спрабаваў крыху прыспыніць яе эмацыянальны расказ. Я шчыра парадавалася за гэтых людзей, паміж якімі і сёння адчуваецца вялікая ўзаемная павага. Яны і цяпер шануюць адзін аднаго і разам даглядаюць старэнькую матулю. У іх ёсць чаму павучыцца…

Пакарыў шакаладкай і цюльпанамі

Прыгожы, дагледжаны дом Анатолія Ксавер’евіча і Таццяны Васільеўны Здановічаў яшчэ дзесяць год таму быў прызнаны ў Жалудоцкім сельсавеце “Сядзібай узорнага стану”. Руплівыя рукі гаспадара тут адчуваюцца ва ўсім, а прыгажосць і ўтульнасць – гэта ўжо заслуга гаспадыні. 
Анатолій Ксавер’евіч нарадзіўся і вырас у Фарным Канцы, вучыўся ў Жалудоцкай сярэдняй школе, а потым у Шчучынскім СПТВ №65, дзе атрымаў спецыяльнасць вадзіцеля, слесара па рамонце аўтамабіляў. Служыў у арміі ў Эстоніі. Вярнуўся дамоў і паступіў у Брэсцкі інжынерна-будаўнічы інстытут. Толькі правучыўся там нядоўга – вельмі ўжо хацелася вярнуцца дамоў, дзе яго чакала прыгажуня Таццяна. 
– Мы пазнаёміліся ў Жалудоцкім клубе, – расказвае Анатолій Ксавер’евіч. – Я з хлопцамі прыйшоў на адзін з кінасеансаў, а Таня з дзяўчатамі сядзелі ад нас праз тры рады. Мы вырашылі пачаставаць іх шакаладкаю. Тады і запрыкмеціў я сваю Таццяну. 
І вось ужо амаль трыццаць год яны жывуць душа ў душу. 
– Як жа было не адказаць узаемнасцю, калі на мой дзень нараджэння ён мне велізарны букет цюльпанаў прынёс … праз акно, – з цеплынёй гледзячы на мужа, смяецца Таццяна Васільеўна. – Ён у мяне самы лепшы. 
Маладзенькай дзяўчынай прыехала Таццяна з Івана-Франкоўскай вобласці Украіны ў Жалудок. Паступіла ў медвучылішча, а пасля яго заканчэння 27 год працавала медсястрой у мясцовай бальніцы. А цяпер у Жалудоцкім агракомплексе штодзень праводзіць медыцынскі агляд вадзіцеляў і работнікаў перад іх выхадам на работу. Жалудоцкая зямля стала для Таццяны Васільеўны другой радзімай. 
Анатолій Ксавер’евіч і Таццяна Васільеўна жывуць у яго бацькоўскім доме. Тут выраслі дзве іх дачушкі: Вольга і Дзіяна. У старэйшай ужо свая сям’я. Часта прыязджаюць яны з Гродна да бацькоў з шасцігадовай дачушкай. А малодшая Дзіяна сёлета заканчвае адзінаццаты клас і марыць пайсці ў медыцыну, як мама, – стаць урачом. 
Анатолій Ксавер’евіч працуе галоўным тэхнолагам на Жалудоцкім свінагадоўчым комплексе. Як прыйшоў туды на практыку падчас вучобы ў Гродзенскім сельгасінстытуце, так і застаўся назаўсёды, толькі год за годам пераадольваў прыступкі кар’ернай лесвіцы: працаваў заатэхнікам-селекцыянерам, затым начальнікам рэпрадуктыўнага цэха. 
Кожны год сям’я Здановічаў абавязкова бывае на Украіне, каб праведаць маму Таццяны Васільеўны. Ехаць да дачкі ў Беларусь яна пакуль не хоча – спраўляецца сама. 
– Цяпер свабоднага часу стала крыху больш, – гаворыць Таццяна Васільеўна. – Гэта не раней, што і паесці не было калі: трымалі свіней, дзве каровы, здавалі малако. Зараз у мяне ёсць магчымасць папесціць маіх родных – вельмі люблю гатаваць, а муж – яшчэ той аматар торцікаў і розных слодычаў. З задавальненнем кірую аўтамабілем: на веласіпедзе ездзіць не ўмею, а за рулём – гэта маё! 
А вось Анатолій Ксавер’евіч, акрамя таго, што майстар на ўсе рукі, яшчэ і ягаднік заўзяты. 
Развітваючыся з гэтымі мілымі, прыемнымі людзьмі, я між-волі залюбавалася іх домам і дворыкам – нават зімою там вельмі акуратна і прыгожа – бацькоўская сядзіба стала іх родавым гняздом.

У Фарным Канцы растуць … апельсіны

– Што ж гэта за дрэўца такое? – цікаўлюся ў Ірыны Сцяпанаўны Мамуль, убачыўшы невядомага мне зялёнага прыгажуна.
– Апельсінавае дрэва, – тлумачыць гаспадыня экзатычнай расліны. – Гадоў сорак таму сын тыкнуў у кветкавы гаршчок зернетка, а яно прыжылося. І ўжо не адзін ўраджай дало. Першы раз, калі дрэўца зацвіло, мы не маглі зразумець, што за пах стаіць у доме. А гэта распусціліся дробныя белыя кветачкі, якія пахлі як акацыя. Апошнія два гады апельсінавае дрэўца не хоча цвісці. Пазамінулым летам мы вынеслі яго на вуліцу. Яму так спадабалася, што за клопат аддзячыла пышным белым цвіценнем. Але тут на бяду пачалася навальніца, і ўсе кветачкі асыпаліся. З той пары яно не хоча зацвітаць.
Ірына Сцяпанаўна прыехала паступаць у Жалудоцкае медвучылішча з вёскі Шпількі Лідскага раёна. Было гэта ў далёкім 1964 годзе. Са сваім будучым мужам Станіславам Францавічам пазнаёмілася на танцах у мясцовым клубе. 
– Пасля заканчэння вучылішча мяне накіравалі працаваць у псіхіятрычную бальніцу ў Брэсцкую вобласць, – успамінае Ірына Сцяпанаўна. – Канечне, мне было не па сабе. Толькі на маё шчасце малады спецыяліст там быў нікому не патрэбны, і я вярнулася ў Жалудок. Пачала працаваць у бальніцы ў тэрапеўтычным аддзяленні паставою медсястрой. Не раз наведвала курсы павышэння кваліфікацыі ў Бабруйску, у Мінску. 
Праз некаторы час Ірыну Сцяпанаўну як адказнага работніка назначылі старшаю медсястрою тэрапеўтычнага аддзялення. 
– Так і працавала, – гаворыць Ірына Сцяпанаўна. – Да таго ж тры гады выкладала ў медыцынскім вучылішчы прадмет “Агульны догляд за хворымі”. Доўгі час была донарам – 86 разоў здавала кроў. 
Муж працаваў майстрам у камунгасе. На жаль, ужо дзесяць год, як ён пайшоў з жыцця. І цяпер Ірына Сцяпанаўна жыве адна ў вялікім дыхтоўным доме, які яны самі будавалі для сваёй сям’і. Сын Андрэй з сям’ёй – у Гродне. Дачка Марыя – у Мінску. У свой час яна таксама закончыла Жалудоцкае медвучылішча і цяпер працуе медсястрой у адной з бальніц. Самае вялікае шчасце бабулі – трое ўнукаў. Адзін пакуль служыць у арміі, другі вырашыў стаць прафесійным стылістам, а трэці набывае прафесію праграміста. 
Крыху больш, чым праз месяц Ірына Сцяпанаўна Мамуль адзначыць сваё 75-годдзе, на якое абавязкова збярэцца ўся яе сям’я. І хтосьці ёй абавязкова падорыць кветкі ў гаршчочку, якія яна так любіць і ўмее даглядаць. 
…Сёння мы не заканчваем наш расказ пра вяскоўцаў з Фарнага Канца. У бліжэйшы час вас чакаюць новыя цікавыя сустрэчы.
Ганна РУДСКАЯ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!