Працоўны калектыў аўтапарка №12 г. Шчучына заняў першае месца на раённых спаборніцтвах сярод суб’ектаў гаспадарання абслуговага сектара эканомікі

Пачатак гэтага года для філіяла “Аўтамабільны парк №12 г. Шчучын“ ААТ “Гроднааблаўтатранс“ быў авеяны вельмі святочнай падзеяй – урачыста сустрэлі 60-годдзе аўтапрадпрыемства яго работнікі і ветэраны працы ў студзені. А ў сакавіку зноў парадавала прыемная навіна – працоўны калектыў заняў першае месца на раённых спаборніцтвах сярод суб’ектаў гаспадарання абслуговага сектара эканомікі.
Прадпрыемства пачынала свой шасцідзесяцігадовы шлях ад невялікай гаспадаркі, прызначанай для перавозак народна-гаспадарчых грузаў і пасажыраў у Шчучынскім раёне. З дробных аўтагаспадарак была створана аўтабаза №12, якая размяшчалася ў непрыстасаваных майстэрнях Ляшчанкі. Чатыры аўтобусы ПАЗ-652 сваімі маршрутамі звязвалі станцыю Ражанка, вёскі Орля, Дэмбрава і гарадскі пасёлак Астрына з раённым цэнтрам. Было ў наяўнасці і некалькі грузавых ГАЗаў. Праз шэсць год аўтабаза №12 перамясцілася ў новыя вытворчыя памяшканні і адміністрацыйны будынак у Шчучыне. 
Сваю сучасную назву філіял “Аўтамабільны парк №12 г. Шчучын“ ААТ “Гроднааблаўтатранс“ атрымаў у 2009 годзе. 
Аўтамабільны парк сёння – гэта 29 аўтобусаў і 14 грузавых аўтамабіляў, сярод якіх і набыты ў мінулым годзе КамАЗ-65801 коштам амаль 230 тысяч рублёў і грузападымальнасцю 33 тоны. Кіраваць ім даверылі вопытнаму вадзіцелю Аляксандру Станіслававічу Курылу. Дарэчы, у бягучым годзе плануецца набыць і яшчэ адзін КамАЗ-65801 у крэдыт.
– Сярод паслуг, якія аказвае аўтамабільны парк №12, дыягностыка, шынамантаж, рамонт і тэхабслугоўванне аўтамабіляў, перадрэйсавыя медыцынскі і тэхнічны кантроль, мыйка транспартных сродкаў, – зазначае дырэктар філіяла Генадзь Генрыхавіч Паўлюкевіч. – У арэнду здаюцца плошчы рамонтнай базы і аўтастанцыі. Нашы грузавікі працуюць на рэканструкцыі аўтадарогі М6, асноўным заказчыкам з’яўляецца ДБТ №6. Аўтапагрузчык прадпрыемства разам з самазваламі заказваюць Шчучынскае РУП ЖКГ і масласырзавод. Самазвалы прадпрыемства працуюць і з суб’ектамі сельскай гаспадаркі раёна.
Важнае месца ў дзейнасці аўтапарка займае перавозка пасажыраў. Яна ажыццяўляецца на 27 прыгарадных, чатырох гарадскіх і трох міжгародніх маршрутах: Шчучын – Брэст, Шчучын – Каменка – Гродна і Шчучын – Дэмбрава – Гродна. Працягласць маршрутнай сеткі ўвогуле складае 1313 кіламетраў. У святочныя і выхадныя дні жыхары і госці райцэнтра могуць скарыстацца дадатковымі рэйсамі па папулярным накірунку Шчучын – Гродна.
Грузавыя перавозкі і заказныя перавозкі пасажыраў з’яўляюцца аднымі з самых прыбытковых. У мінулым годзе прадпрыемства ажыццяўляла падвоз работнікаў прадпрыемства “Аграхімсэрвіс“. ТАА “Новы трансфер“ заказвае аўтобусы для дастаўкі жыхароў нашага раёна ў крамы “Еўраопт“. Аўтамабільным паркам былі арганізаваны паездкі ў Санкт-Пецярбург і на Чорнае мора. Да слова, у 2018 годзе былі выкананы тры рэйсы на курорты Чорнага мора, дзе адпачыла каля 120 чалавек. Заработак ад рэалізацыі тавараў, прац і паслуг у 2018 годзе склаў звыш 2670 тысяч рублёў.
Гэты вынік залежыць не толькі ад матэрыяльна-тэхнічнай базы, але і ад сумленнай і руплівай працы кіраўніка і ўсяго калектыву – амаль 90 чалавек. Сярод іх вялікае мноства тых, хто аддаў аўтапрадпрыемству больш за 10, 20, 30 і нават 40 гадоў жыцця. І.М. Шмык, І.П. Санюкевіч, В.М. Богдан, Т.В. Біндзей, У.І. Васілеўскі, Р.Э. Кахновіч, А.А. Залескі, Г.Э. Антановіч і многія іншыя – работнікі з амаль 35-40-гадовым стажам. Вядучы інжынер па арганізацыі перавозак Ганна Іванаўна Дзікевіч працуе ў аўтапарку больш за 40 год. Ганарыцца калектыў аўтамабільнага парка №12 і сваімі працоўнымі дынастыямі – Дзікевічаў, Богданаў, Янкоўскіх і Васілеўскіх.
Спраўджвае сябе ўсім вядомая ісціна пра якасную працу і добры адпачынак: работнікі прадпрыемства адпраўляюцца ў паездкі, наведваюць канцэрты, удзельнічаюць у раённых турзлётах, конкурсах прафесійнага майстэрства, захапляюцца спортам – на абласных спаборніцтвах сярод работнікаў транспартнай сферы займаюць прызавыя месцы. 
На аўтапрадпрыемстве напрацаваны той бясцэнны вопыт, з якім смела можна ўступаць у наступнае дзесяцігоддзе і паспяхова вырашаць пастаўленыя задачы. Першарадная з іх, па словах дырэктара Генадзя Генрыхавіча Паўлюкевіча, – павысіць прадукцыйнасць працы кожнага спецыяліста. Чым менш машын знаходзіцца ў рамонтнай майстэрні, тым лепш для калектыву і для жыхароў раёна. 
Юлія ЦІМАШЧУК.
Фота аўтара і Аляксандра КАСПЕРЧУКА.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!