Праблемныя пытанні на кантролі. Старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Таццяна Якубовіч правяла сустрэчу з педагогамі Шчучыншчыны

 

У пятніцу з рабочым візітам наш раён наведала старшыня Беларускага прафесіянальнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Таццяна Якубовіч. У СШ№ 2 горада Шчучына прайшла сустрэча прафсаюзнага лідара з работнікамі сферы адукацыі.

 

У мерапрыемстве таксама ўзялі ўдзел начальнік аддзела адукацыі Шчучынскага райвыканкама Павел Тарчынскі, старшыні абласной і раённай арганізацый Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Лела Шпак і Галіна Вашчыла.

 

 

Сустрэча пачалася з выступу Таццяны Якубовіч, у якім яна расказала пра дзейнасць сваёй арганізацыі, кадравую палітыку на месцах, пра матэрыяльную дапамогу і аздараўленне. Вялікая ўвага была засяроджана на новаўвядзеннях у працэс паступлення ў ВНУ, а менавіта новым цэнтралізаваным экзаменам.

 

– Сёння Беларускі прафсаюз работнікаў адукацыі і навукі з’яўляецца самым масавым у краіне. Ён налічвае звыш за 7000 пярвічных арганізацый, якія аб’ядноўваюць каля 600 тысяч чалавек па ўсёй краіне, – адзначыла Таццяна Якубовіч. 

 

Карыснымі для прысутных сталі парады па правільным запаўненні дакументаў і атрыманні юрыдычнай дапамогі ад прафсаюзаў. Таксама на сустрэчы абмяркоўваліся змены ў законе аб Усебеларускім народным сходзе і новаўвядзеннях ў Выбарчы кодэкс.

 

 

Работнікі сферы адукацыі нашага раёна скарысталіся магчымасцю задаць хвалюючыя іх пытанні і абмеркаваць актуальныя праблемы ў сваёй дзейнасці. Прысутныя цікавіліся нюансамі налічэння грашовых надбавак, даплатаў за перапрацоўкі. Таксама абмяркоўвалася дзейнасць педагогаў-псіхолагаў і правілы бяспекі ў дашкольных навучальных установах. У сяброўскай абстаноўцы цікаўныя змаглі задаволіць свае інфармацыйныя патрэбы і атрымаць адказы на важныя пытанні.

 

 

Вынікамі гэтай сустрэчы з намі падзялілася Таццяна Якубовіч:

 

– Сёння на сустрэчы было шмат важных і актуальных пытанняў. Былі прапановы па змене некаторых нарматыўных дакументаў Міністэрства адукацыі, што сведчыць аб эфектыўнасці і запатрабаванасці мерапрыемства. Мы разумеем, што ўсё ідэальна быць не можа і рана ці позна нарматыўныя акты ў сферы адукацыі патрабуюць дапаўненняў ці дапрацовак, можна сказаць, што ў гэтым кірунку мы ідзем эвалюцыйна. Гэта дазваляе нам паступова павялічваць заробкі і ўдасканальваць умовы працы ў сістэме адукацыі. Таму я вельмі задаволена сённяшняй шчырай размовай, бо прысутныя педагогі  і старшыні пярвічных прафсаюзных арганізацый дзяліліся менавіта тымі праблемамі, якія іх хвалююць і патрабуюць увагі. Гэтыя абмеркаванні, безумоўна будуць улічвацца пры наступных зменах ці дапаўненнях у заканадаўчыя акты. 

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!