Бізнес па… зернетку. Даведаліся, як наладжвала сваю фермерскую справу сям’я Няцецкіз з Астрыны

 

Гэту фермерскую гаспадарку на Астрыншчыне адразу выдзеліш сярод іншых дзякуючы нязвыклай для земляробчых будняў рамантычнай назве – “Мара дзеда”.

 

– Дзеці прапанавалі, а мы і не былі супраць, бо, відаць, на генетычным узроўні ў кожнага патомнага селяніна падкоркава трымціць мара аб уласным надзеле зямлі-карміцелькі, – тлумачаць мне вытокі крэатыву муж і жонка Няцецкія.

 

Ні многа ні мала, а ўжо амаль дзясятак год, як на карце раёна з’явілася гэта сялянская гаспадарка. Яе ўладальнікам афіцыйна зарэгістраваны Леанід Вацлававіч Няцецкі, але насамрэч гэта агульная сямейная справа. Як калісь усе разам прыдумалі не проста назву, а лічы, свой фермерскі брэнд, так зараз і на зямлі працуюць талакою. Дарослыя сыны Няцецкіх, хоць і выбралі сабе прафесіі, не звязаныя з аграрнай навукай, аднак заўжды гатовы падставіць плячо бацькам у гарачы сезон – ці то падчас пасяўной, ці то на ўборачнай.

 

– Як жа рашыліся вы так кардынальна змяніць жыццё, пакінуць стабільную работу і рызыкнуць заняцца фермерствам? – цікаўлюся ў сваіх суразмоўцаў.

 

– Я задумваўся аб гэтым яшчэ з маладосці, калі працаваў вадзіцелем у калгасе імя Някрасава, – дзеліцца Леанід Вацлававіч. – Вельмі хацелася паспрабаваць па сваім разуменні гаспадарыць на зямлі. Мару гэту ажыццявіў значна пазней, калі ўжо нас, някрасаўцаў, далучылі да калгаса “Савецкая Беларусь”. Раённая ўлада з разуменнем аднеслася да такога памкнення. Пад фермерскую гаспадарку мне было выдзелена 72,6 гектара зямлі. Скажу шчыра, няпростая гэта справа – быць фермерам. Вельмі важна запасціся цярпеннем, быць настойлівым і мэтанакіраваным, разумець, што прыйдзецца працаваць ад цямна да цямна. Асабліва складана напачатку.

 

Як аказалася, першыя тры гады ўвогуле не прыносілі прыбытку: трэба было добра ўкласці ў не вельмі ўрадлівую глебу, каб атрымаць аддачу. Закуплялі далёка не таннае насенне бульбы галандскіх сартоў, садзілі сталовыя буракі, сеялі яравыя…

 

– Калі я зразумела, што справіцца з фермерствам у адзіночку нерэальна, і мужу патрэбны пастаянны памочнік, прыняла рашэнне пакінуць пасаду намесніка дырэктара па ідэалагічнай рабоце калгаса “Савецкая Беларусь”, хоць справе гэтай 13 год прысвяціла, – прызнаецца Яўгенія Вацлаваўна. – Усё ж спакушальная гэта ідэя – наладзіць уласны аграбізнес. Канешне, мы заўжды цвяроза ацэньвалі свае магчымасці і ніколі не разлічвалі на звышпрыбыткі. Год на год не прыходзіцца, вынік залежыць не толькі ад нашай працы, але і ад капрызаў надвор’я: то вымакне поле, то засохне… Сёлета на плошчы ў 20 гектараў прыходзілася перасейваць культуры зноўку. Самым паспяховым быў ураджай 2019 года. Гэты сезон хоць і не назавеш вельмі спрыяльным, аднак вынікі ў цэлым парадавалі.

 

Зараз ва ўладаннях фермерскай гаспадаркі “Мара дзеда” амаль 90 гектараў зямлі ва ўрочышчах Нарашы і Пескі. Ёсць і ўся неабходная для апрацоўкі глебы тэхніка: тры трактары, сеялка, бульбасаджалка, бульбакапалка, прычапныя прылады… Як правіла, за рулём “жалезнага каня” можна ўбачыць не толькі Леаніда, але і Яўгенію.

 

– Ён кіруе бульбакапалкай, а я на трактары адвожу ўраджай клубняў. Усё у нас разам, – распавядае Вацлаваўна. – Напачатку лета, каб апрацаваць пасевы кукурузы пры неабходнай вільготнасці, удваіх выязджаем у поле ў… дзве-тры гадзіны ночы. Спраўляемся да дзесяці раніцы. Нялёгка, але нам падабаецца той шлях, які мы абралі. Муж не можа жыць без зямлі, я вам не дзеля прыгожага слоўка гэта кажу! Дый для мяне гэта справа – пастаянны адрэналін, драйв, творчасць…

 

Па сваім узросце Няцецкія маглі б быць ужо на заслужаным адпачынку. Літаральна некалькі тыдняў таму Леаніда Вацлававіча віншавалі з 65-гадовым юбілеем. Аднак ставіць кропку на фермерстве супружная пара не спяшаецца.

 

Вось і ў дзень нашай сустрэчы прыйшлося нечакана перарваць дыялог, бо фермерам прадстаяла весці на рэалізацыю зерне кукурузы. Дарэчы, ураджай зерневых у Няцецкіх ахвотна прымае ААТ “Васілішкі”, бульбу закупляе ААТ “Агракамбінат “Скідзельскі”, сталовыя буракі забірае Гродзенская агароднінная база. Заробленыя грошы ўкладваюцца ў вытворчасць.

 

Безумоўна, сапраўднае багацце Няцецкіх – гэта іх дзеці і ўнукі. У вялікі дом, адбудаваны ў Астрыне ўласнымі рукамі ў нялёгкія 90-я, на святы і ў будні (калі бацькам патрэбна дапамога) з’язджаецца ўся “маладая гвардыя”. Нядаўна вось так па-сямейнаму віншавалі сына Андрэя з прысваеннем звання падпалкоўніка, а служыць ён у Шчучынскім раённым аддзеле Следчага камітэта. Старэйшы сын Дзмітрый таксама 20 гадоў прысвяціў службе ў міліцыі, а зараз працуе ў кампаніі “ТрансЛайнКом”. Ганарацца Няцецкія-старэйшыя і сваімі “проста залатымі” нявесткамі ды чатырма жыўчыкамі-ўнукамі. Вось дзеля каго дзед рэалізуе свае мары, аддана працуючы на роднай зямлі.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.

 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!