Пра тое, што сэрцу блізка,усё жыццё складае вершы 88-гадовы жыхар вёскі Пашыцы Аркадзь Кандыба

У журналісцкай практыцы так бывае часта: пішаш пра аднаго чалавека і адначасова знаходзіш героя для новай публікацыі. Такім вось чынам нядаўна празнала я і пра сапраўднага самародка зямлі шчучынскай Аркадзя Кандыбу. 

 

Жыхарка Ражанкі Ірына Карасевіч прыгадала, як некалі гэты чалавек, аднавясковец яе мужа, склаў цэлую паэму, прысвечаную нараджэнню іх маладой сям’і. Твор стаў сямейнай рэліквіяй. Жанчына зачытала некалькі радкоў. Яны гучалі так проста і кранальна, што я не стала адкладваць знаёмства.

 

“Вёску я люблю, вёску я хвалю”

– Атрымалася ўсё неяк са смехам і жартамі. Бывала, управішся па гаспадарцы, а вечары вялікія. Пасядзем радком і размаўляем. Пачуеш што цікавае і думаеш: а чаму б не запісаць, – прыгадвае свае першыя паэтычныя “практыкаванні” Аркадзь Іванавіч Кандыба. – Так і ўвайшло ў прывычку. А потым некаторыя людзі прасіць сталі: “Пра мяне складзі верш”. Так і пайшло. Слова за слова… Што бачыў, пра што чуў, што адчуваў, пра тое і пісаў.

 

Перада мной сшытак, у якім занатаваны “народныя творы” (так умоўна вызначыла для сябе іх жанр) майго новага знаёмага. Чытаеш і быццам дакранаешся да нечага самага роднага і святога. Душэўная інтанацыя вершаў выклікае давер да напісанага. Кожны радок прасякнуты любоўю да малой радзімы, вёскі і яе жыхароў. Ноткі ў вершах самыя розныя: ад разважліва- шчымлівых да жартоўных. Вось як тут: “Вёсачка мая састарэлая, Усе людзі у ёй пасівелыя. Вёска Пашыцы называецца, Моладзь уся з яе раз’язджаецца…” Але мінору няшмат, тут жа ідзе прызнанне шчырае:”Вёску я люблю, вёску я хвалю”, і паўстае пазнавальная карціна:

 

Хлеб вязуць да нас аўталаўкамі, 
А купляць ідуць бабы з палкамі.
Хваляць прадаўцоў і начальнікаў,
Нашай вёсачкі выручальнікаў.
Хто каманду даў хлеб да нас вазіць, 
Гора каб не знаў – колькі будзе жыць!

 

У вершах бачна і асоба аўтара – памяркоўны, добры, душэўны. Аркадзь Іванавіч прызнаецца, што не ведае, адкуль вытокі яго здольнасцей. Нарадзіўся і ўсё жыццё пражыў у Пашыцах. Сялянскі сын, вырас у простай мнагадзетнай сям’і, як малітву засвоіў бацькоўскі наказ любіць родную зямлю і людзей, жыць па божых запаведзях. А лёс не песціў – з маленства працаваў. Пайшоў у першы клас пры савецкай уладзе, хадзіў у школу пры немцах... “У вайну якая вучоба: адна кніга на чатыры вёскі. А ў пятым класе ўжо скончылася мая школа. Скаціну трэба было пасвіць, а справа гэта небяспечная: бывала, стаіш і бачыш, як ваўкі падбіраюцца… “, – успамінае Аркадзь Іванавіч.

 

Дарэчы, гэты ўнікальны чалавек не толькі доўгі час складаў вершы, але і занатоўваў тэксты даўнейшых народных і любімых народам сучасных песень. Яны беларускія, польскія, рускія: “Чаму ж не прыйшоў”, “Волгоградская березка”, “Под лясэм” і многія іншыя. Усё найбольш лірычныя – пра каханне і дзявочую долю, пра вёску і прыроду… І гэта ўсё перадасць у спадчыну прадаўжальнікам роду.

 

“Я ў магазін прыйшоў першы. Усё разгледзеў – злажыў вершы”

Чытаю і перачытваю верш Аркадзя Кандыбы “Снежнаю зімою”. Гэта яркі, у коласаўскім стылі, аповед пра тое, “як да Пашыц хлеб вязлі”. І трэба ж было такому здарыцца: “Следу ў вёсцы не было, роўна з плотам намяло”. Аднак вадзіцель і вяскоўцы “ля канюшні пастаялі, а пасля апланавалі”, як даставіць прадукт у магазін. Аркадзь Іванавіч прывёў дыялогі, назваў імёны і прозвішчы. “Шатроў кажа: “Іду да Яні, скажу, хай кладзе ў сані і вязе далей сама, бо дарогі тут няма. Грузчык кажа брыгадзіру: “Ты не можаш даць кабылу, каб хлеб з Ліпічна вазілі, каб нам голаў не дурылі”. Рашэнне тады знайшлося: прадавец Яня заслала сані прастынямі, туды паклалі хлеб і… 

 

Болек з Генікам адразу
Узяліся ўдвух разам, 
Разагналі з груда й селі, 
Аж у вёску паляцелі.
Янусь з Янкам – за другія,
Бо ўжо хлопцы не малыя,
За аглоблі ўзяліся
І за імі панясліся. 

 

Праўда, у той дзень не ўсе вяскоўцы былі з хлебам. Удзячная прадавец спачатку адпусціла яго сваім памочнікам, а хто-ніхто з кабетаў ушчаў лямант. “Я ў магазін прыйшоў першы. Усё разгледзеў – злажыў вершы”, – прызнаецца аўтар.

 

Дарэчы, многія паэтычныя творы самародка з Пашыцаў імянныя. Ён жыва, сакавітай народнай мовай напісаў пра вяселі, юбілеі, іншыя знамянальныя падзеі ў жыцці канкрэтных людзей. “Я еў булку, мазаў мёдам зверху, збоку і пад сподам. Па гарадскім абычаю запіваў гарачым чаем”, – распавядае паэт у вершы “У гасцях” і дадае: “Як былося, так сплялося, а ўсё добра абышлося”. Многія паэтычныя радкі разышліся ў народзе. “Мая мама ведае яго вершы напамяць”, – нечакана заяўляе калега Святлана Рымко, пачуўшы знаёмае прозвішча. “Мама жыве ў суседняй з Пашыцамі вёсцы Доўгая. Там Аркадзя Кандыбу ўся акруга ведае. І я памятаю, як ён прыходзіў да нас у школу на ўрокі літаратуры”.

 

“Мы за бацькам – як за каменнай сцяной”

За плячамі 88-гадовага А.І. Кандыбы – доўгі і дастойна пройдзены жыццёвы шлях. І калі б не страта любімай жонкі Яўгеніі Браніславаўны– адмысловай гаспадыні, майстрыхі і пявунні на ўсю вёску, не хвароба, якая па-здрадніцку падкралася да гэтага чалавека-жыццялюба, то і цяпер тупаў бы па падворку ў сваіх Пашыцах, любаваўся на родныя краявіды, склікаў бы да “стала” пярнатую жыўнасць і дыхаў паветрам малой радзімы…

 

А так ужо два гады жыве ў Шчучыне ў старэйшай дачкі Тарэсы. Тут яму забяспечаны догляд як віп-персоне: асобны пакой, дзе цёпла і ўтульна, мора ласкі і клопату ад родных людзей. Аркадзя Іванавіча абагаўляюць усе яго трое дзяцей (акрамя Тарэсы ёсць яшчэ сын Станіслаў і дачка Ірына), дзевяць унукаў і столькі ж праўнукаў. Нягледзячы на праблемы са здароўем, ён мае ясны розум, цудоўную памяць, любіць расказваць і слухаць, не губляе аптымізму і цікавасці да жыцця. Ахвотна глядзіць тэлевізар, з любімых – праграмы “Таленты Беларусі” і “Лучше всех”.

 

Партрэт майго героя будзе няпоўным, калі не расказаць пра яго чалавечыя вартасці і іншыя творчыя, і не толькі, здольнасці.

 

– Мы за сваім бацькам пражылі як за каменнай сцяной, – дзеліцца дачка Тарэса Аркадзьеўна Шадура. – У маладосці ён мог рабіць любую работу. Працаваў конюхам, потым на свінаферме. А ў вольны час вязаў, з саломы вырабляў усялякіх жучкоў-павучкоў, паясы плёў. А як ён грыбы збіраў! Усе ідуць з лесу з пустымі кошыкамі, а тата з паўнюткім. Нашы хата і падворак патаналі ў кветках, пасаджаных яго рукамі. У хляве заўжды было многа жыўнасці – ад каровы да кролікаў і курэй-цэсарак. Неяк нават развёў галубоў… А па вечарах сядаў да стала, браў у рукі аркуш паперы і запісваў свае назіранні і эмоцыі. “Што ты там пішаш? – пыталася мама, але ніколі не крыўдавала на тату. Бо на яго немагчыма крыўдаваць – дабрэйшага чалавека ў адносінах да сям’і і ўвогуле да людзей яшчэ пашукаць трэба. 

 

А яшчэ доўгажыхар дзядзька Аркадзік, як называюць яго землякі, не курыць і да алкаголю раўнадушны. Ніхто – ні жонка, ні чужыя людзі – не чуў ад яго лаянкі ці абразы. “Гарэлка, каб яна рэчкай цякла, мяне не прывабіць. Зарокся, што мае дзеці ніколі не ўбачаць мяне п’яным”, – кажа мужчына. Хаця кампаніі ніколі не цураўся: і на вяселлях сватам не раз быў, і хрышчоных больш за дзясятак мае. 

 

У мяне ні на хвілінку не ўзнікла сумнення ў праўдзівасці таго, што пачула пра А.І. Кандыбу. Усе, з кім давялося размаўляць, не згаворваючыся, запэўнівалі: гэта сапраўды ўнікальны чалавек. Ён ніколі не адмаўляў аднавяскоўцам у просьбе: і балон з газам закажа, і карову, што прыйшла ў ахвоту, да “кавалера” завядзе, і “хуткую” выкліча… І цяпер знаёмыя, калі сустрэнуць Тарэсу Аркадзьеўну, просяць яму прывітанне перадаць. А, нядаўна, на Усе святыя, падышоў да яе ксёндз з Жалудка, спытаў пра бацьку, пажадаў таму даўгалецця і здароўя. “Ну як такога бацьку не любіць?!” – усхвалявана, з замілаваннем прамаўляе дачка. 
Канешне, трэба любіць. Ён сапраўды гэтага варты!

 

Таццяна ПАЛУБЯТКА. 
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!