“Пра радыяцыю спачатку нічога не ведалі, а жылі клопатам, каб абмяняць Ашмяны на Шчучын”. Гісторыя шчучынскага ліквідатара Генрыка-Збігнева Пятровіча

 

У яго два імені і два … дні нараджэння. Хто ведае, магчыма, менавіта таму не адзін, а цэлая пара анёлаў-ахоўнікаў аберагаюць ягоны лёс. Бо чым яшчэ растлумачыць, што жыве, нягледзячы на ладную долю схопленай радыяцыі ў чарнобыльскай зоне, умее радавацца кожнаму новаму дню, усмешкам блізкіх людзей, прыгажосці юнай вясны...

 

Генрыка-Збігнева Пятровіча (Пятровіч – гэта прозвішча!) многія ў раёне памятаюць як строгага, але заўжды справядлівага супрацоўніка падатковай інспекцыі. І зусім мала хто ведае, што Генрык Альбертавіч, як і сотні іншых нашых землякоў, быў сярод тых, каго называюць ёмкім словам “ліквідатар” і хто пасля бездакорна выкананага грамадзянскага абавязку атрымаў не толькі падзячны ліст, але і пасведчанне пацярпелага ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Напярэдадні 35-годдзя з дня той страшнай трагедыі мы папрасілі ліквідатара падзяліцца сваімі ўспамінамі.

 

“Пра радыяцыю нічога не ведалі...”

 

 – Чаму ў мяне два імені? – усміхаецца мой суразмоўца. – Першае звязана з імянінамі, што супалі з рэальным днём народзінаў, а другое імя – Збігнеў – далі пры хрышчэнні, дарэчы, у гонар адважнага літаратурнага героя з любімага мамінага рамана Сенкевіча “Крыжаносцы”. Ці не таму я таксама стаў вялікім аматарам кніг і вельмі люблю класіку?

 

 У пасляваенныя гады не заўсёды быў час у сялян, каб своечасова рэгістраваць немаўлят. Хлопчыка, што з’явіўся на свет у сям’і Пятровічаў у самы пік сельгасработ напрыканцы лета 1948 года, бацькі сабраліся ахрысціць (а заадно і ў сельвыканкаме зарэгістравалі!) толькі … 10 студзеня 1949 года, запісаўшы ва ўсіх дакументах двайное імя сына – Генрык-Збігнеў. Натуральна, што ў сямейным кругу Альбертавіч адзначае свой Дзень Анёла 29 жніўня, а “зімовы дзень нараджэння” застаецца для афіцыйных стасункаў.

 

 

Ён добра ведае радавод, цікава расказвае пра дзядулю-настаўніка, свайго бацьку – земляроба-рупліўца, за што той і трапіў у разрад “кулакоў ды эксплуататараў”, але менавіта адзін з камісараў НКУС усё ж аб’ектыўна разабраўся ў справе, апытаў аднавяскоўцаў і паабяцаў сям’і, дзе ў люльцы ляжаў маленькі Генрык-Збігнеў, маўляў, ваш бацька праз тыдзень-другі вернецца з турмы. І самае галоўнае, што абяцанне тое спраўдзілася.
 Генрык Пятровіч нарадзіўся і вырас на Ашмяншчыне. Там жа ў сярэдзіне 80-х працаваў на пасадзе інжынера-брыгадзіра ў бюро тэхнічнай інвентарызацыі. Але на сямейным савеце яны з жонкай Янінай Мікалаеўнай па шэрагу прычын вырашылі пераехаць бліжэй да яе малой радзімы – у Шчучын. Такая нагода якраз і надарылася вясной 1986 года: знайшоўся ўзаемавыгадны варыянт па абмене кватэр.

 

– Вось гэтымі клопатамі і жылі: афармленне дакументаў, пераезд, рамонт, – узгадвае Г.А. Пятровіч. – Схадзілі тады ўсёй сям’ёй на першамайскую дэманстрацыю, цешыліся з неверагоднай цеплыні і толькі потым даведаліся пра выбух на Чарнобыльскай атамнай станцыі. Але не хацелася верыць у дрэннае, тым больш, што афіцыйная інфармацыя была вельмі скупой і не выклікала трывогі. Вось і працягвалі займацца сваімі абыдзённымі справамі, да канца не разумеючы маштаб здарэння. Пераводам былі аформлены на аналагічную работу ў Шчучыне. Наш сын у тую восень пайшоў у першы клас, а дачушка – у трэці. Мне ж праз некалькі тыдняў уручылі павестку з ваенкамата.

 

Служыў у 30-кіламетровай зоне адчужэння

 

– Безумоўна, я разумеў, што мяне абавязкова прызавуць, бо тэрміновую службу ў свой час праходзіў у хімічных войсках, – распавядае Генрык Альбертавіч. – Вопыт аказаўся запатрабаваным. Мяне прызначылі намеснікам камандзіра ўзвода. Такіх жа, як я, прызыўнікоў цягніком даставілі на чыгуначны вакзал у Хойнікі, далей на машынах – у палатачны гарадок ля Брагіна, які аб’ядноўваў і нас, “партызан-запаснікоў”, і маладзенькіх салдат тэрміновай службы. Належала займацца дэзактывацыяй населеных пунктаў у 30-кіламетровай зоне адчужэння, дый многімі іншымі работамі таксама.

 

Першым было ўкраінскае сяло Кашалаўка, што знаходзілася за пяць кіламетраў ад Чарнобыльскай АЭС. Мы вывозілі грунт, апрацоўвалі сцены дамоў, якіх налічвалася пад дзве з паловай сотні. Са Шчучынскага раёна нас тут было чацвёра. Двое маладых вадзіцеляў з аўтапарка №12 рабілі рэйсы непасрэдна на атамную станцыю: на вялікі жаль, іх ужо няма ў жывых. Як потым давялося даведацца, была “пахавана” і ачышчаная намі Кашалаўка: сяло проста закапалі ў зямлю. А вось вёску Чырвоная Гара Брагінскага раёна, дзе мы таксама праводзілі дэзактывацыю, праз пэўны час прызналі прыгоднай для жыцця, праўда, вярнуліся туды ўсяго некалькі сямей.

 

Удзельнічалі мы і ў будаўніцтве так званых фінскіх домікаў для перасяленцаў з зоны адчужэння. Работы хапала, і ўсе працавалі з поўнай аддачай. Напярэдадні Новага года за добрасумленную працу мяне ўзнагародзілі водпускам, але… У палатку зайшоў наш старшына і даверліва звярнуўся: “Слухай, Генрык, я два гады перад гэтым служыў у Афганістане, столькі часу не сядзеў з сям’ёй за навагоднім сталом… Давай памяняемся водпускамі. З начальствам я дамоўлюся”. Канешне, я зразумеў гэтага чалавека, хоць і маё сэрца рвалася дамоў.

 

У водпуск паехаў пазней – непазнавальны, з “чапаеўскімі” вусамі, якія ўсе мы адрошчвалі, каб абараніць сябе ад прамога ўдыхання радыяцыі. Разумеў, што ўсё маё абмундзіраванне, цяжкі салдацкі бушлат таксама пранізаны радыяцыяй, але іншай вопраткі не было. Па прыездзе ў Шчучын пераапранаўся ў падвале, каб не быць небяспечным для дзяцей. Усё гэта горка ўспамінаць. А было мне тады 38 год.
Пасля водпуску зноў чакалі напружаныя будні ліквідатара аварыі. Дэмабілізаваўся толькі ў маі 1987-га. І тыя паўгода ў чарнобыльскай зоне сталі сапраўдным выпрабаваннем. Ці мог я адмовіцца? Паклаўшы руку на сэрца скажу: ніколі! Лічыў і лічу гэта сваім грамадзянскім абавязкам.

 

 

Удзячнасць – урачам

 

 Генрык Альбертавіч неўзабаве вярнуўся да сваіх абавязкаў інжынера БТІ, да таго ж браў удзел у рабоце раённай камісіі па ацэнцы дамоў, якія ў 90-я гады актыўна набывалі калгасы, каб забяспечыць жыллём сваіх работнікаў. Там і заўважыў добрага спецыяліста старшыня камісіі і тагачасны кіраўнік падатковай інспекцыі Ф.Б. Кузьміч. Ён запрасіў Г.А. Пятровіча да сябе на працу ў якасці старшага інспектара, а з 1994 года і па 2009-ты наш герой займаў пасаду начальніка аднаго з аддзелаў.

 

– У першыя гады пасля чарнобыльскай аварыі за здароўем ліквідатараў асабліва пільна сачылі, накіроўвалі ў лепшыя санаторыі Савецкага Саюза, – расказвае Генрык Альбертавіч. – Мне вельмі хацелася жыць, і я адказна ставіўся да ўсіх рэкамендацый медыкаў, у санаторыях, як на працу, хадзіў на працэдуры, і гэта давала эфект. Па прыездзе з аздараўлення мог з паўгода не прымаць прэпараты. Уважліва адносіліся да ліквідатараў і нашы шчучынскія ўрачы. Спачатку за намі назірала доктар Хоцелева, пазней – тэрапеўты Мілюта, Росенік, Якусік, зараз – доктар Місевіч. Усе яны – сапраўдныя прафесіяналы і цудоўныя людзі. Лічу, што менавіта іх клопатам я абавязаны сваім жыццём.

 

Варта сказаць, што і сам Генрык Альбертавіч, і ўся сям’я многае робяць для падтрымкі яго здароўя. Супружная пара Пятровічаў абавязкова выходзіць на прагулкі працягласцю ні ў адзін кіламетр, увесь цёплы сезон праводзіць у прынёманскай вёсачцы, дзе ўсё экалагічнае, а мясцовыя гаспадары гатовы па памяркоўнай цане даставіць пажылым гараджанам натуральныя прадукты. Сюды ж, у вёску, Пятровічы афармляюць і падпіску на любімую газету, бо які адпачынак без інфармацыі і “Дзянніцы”?! Пазітыву дадаюць любімыя ўнукі і поспехі дарослых дзяцей. Генрык-Збігнеў Пятровіч за гэта шчыра ўдзячны лёсу, а мы ў яго асобе ўдзячны ўсім ліквідатарам той страшнай тэхнагеннай катастрофы, што не зламаліся духам, ратавалі нас ад чорнай бяды Чарнобыля.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара і з інтэрнэт-крыніц.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!