Плённа спрацавалі

Мінулы год стаў знакавым для спажывецкай кааперацыі Беларусі – у пачатку ліпеня арганізацыя адзначала свой 100-гадовы юбілей. Але спыняцца на дасягнутым было б няправільна, таму спажывецкая кааперацыя развіваецца і крочыць у нагу з патрабаваннямі часу. З якімі поспехамі ўступіў у другое стагоддзе Шчучынскі філіял Гродзенскага аблспажыўтаварыства, расказаў дырэктар гэтай арганізацыі Вануш Рубікавіч НАВАСАРДЗЯН.

– Вануш Рубікавіч, з якімі вынікамі Шчучынскі філіял падышоў да прафесійнага свята?

– 2016 год не вельмі парадаваў нас, а вось мінулы год, можна сказаць, стаў пераломным амаль за апошнія дзесяць год. Мы змаглі выканаць практычна ўсе паказчыкі акрамя аднаго ключавога – рознічнага гандлю і тавараабароту. І нават можам пахваліцца: па выніках 2017 года наш філіял заняў другое месца сярод арганізацый спажывецкай кааперацыі Гродзенскай вобласці.

– Што папярэднічала такому дастойнаму поспеху арганізацыі?

– У мінулым годзе мы зрабілі ўпор на галіну нарыхтовак і прамысловасці, дзякуючы гэтаму атрымалі выдатны фінансавы вынік. Заробленыя грошы спатрэбіліся на мадэрнізацыю і рэканструкцыю гандлёвых кропак, павелічэнне заработнай платы, змяненне тэхналогій гандлю, бо ў гэтай сферы імкліва расце канкурэнцыя. У 2017 годзе атрымалася нарасціць аб’ёмы па нарыхтоўках і прамысловасці амаль у два-тры разы.

– Ці ёсць прыярытэтныя напрамкі ў галіне нарыхтовак?

– На сённяшні дзень займаемся практычна ўсім, пачынаючы ад металалому да дзікарослай прадукцыі ў залежнасці ад сезона. У мінулым годзе мы былі ў лідарах па нарыхтоўцы яблыкаў. Наш вынік за сезон – каля 2200 тон садавіны. У асноўным яна ішла ў якасці сыравіны на вінзаводы вобласці і рэспублікі. На Гродзеншчыне з’яўляемся аднымі з лідараў па нарыхтоўцы металалому. 

– Якія змены адбываюцца ў структуры гандлю?

– Сучасны пакупнік шмат увагі надае тэме карыснасці прадуктаў. Адной з канкурэнтных пераваг нашай гандлёвай сеткі з’яўляецца наяўнасць у продажы тавараў уласнай вытворчасці, на аснове ўласнай сыравіны або сыравінных рэсурсаў, нарыхтаваных ад насельніцтва. А гэтыя тавары з’яўляюцца экалагічна прывабнымі. Распрацаваны новы брэнд для гандлёвай сеткі спажывецкай кааперацыі “Родны кут”.

Новыя магазіны адкрываць пакуль не плануем – замест гэтага вырашылі ісці іншым шляхам і заняцца глабальнай рэканструкцыяй і рамонтам існуючых гандлёвых аб’ектаў. На сённяшні час ужо адзін такі магазін з цалкам змененай тэхналогіяй гандлю адчыніў свае дзверы ў Астрыне. Мы спадзяемся, што наш пакупнік ацэніць гэтыя перамены.

– Як прывабліваюць пакупніка магазіны спажывецкай кааперацыі?

– У цэлым па вобласці распрацаваны буклеты, у якіх змешчана інфармацыя пра акцыённыя тавары. Яны былі ўведзены нядаўна і ўжо паспелі даказаць сваю эфектыўнасць. Дзякуючы выкарыстанню сістэмы акцыённых тавараў прырост тавараабароту склаў 5-10%. У акцыённых буклетах прадстаўлены каля сарака найменняў тавараў. Змяняюцца яны штомесяц і каштуюць іншы раз танней, чым у буйных канкурэнтаў. Радуем пакупнікоў і святочнымі зніжкамі, праводзім розныя акцыі, сезонны распродаж.

Цесна супрацоўнічаем з банкамі па льготным крэдытаванні насельніцтва на ўсе групы тавараў. У Белкаапсаюзе дзейнічае новая адзіная праграма лаяльнасці – дысконтная карта “Мой Родны кут”. Людзі пра яе ведаюць і з задавальненнем карыстаюцца.

Ужо рэалізавана каля 700 такіх картак, якія дзейнічаюць і ў іншых гандлёвых аб’ектах нашай сістэмы па ўсёй рэспубліцы. Але ёсць і свае мінусы – гэтую праграму лаяльнасці можна прымяніць толькі ў тых магазінах, дзе ёсць камп’ютарныя сістэмы.

– Добра зарэкамендаваў сябе магазін “Марк Фармэль”, які быў адкрыты па сістэме франчайзінгу. Ці плануецца адкрыццё іншых магазінаў па аналагічнай сістэме?

– Мы вядзём перамовы аб супрацоўніцтве і адкрыцці сумеснага магазіна з рытэйлерам “Санта-Импекс”. З “Красным пищевиком” у нас дзейнічае сістэма фірмовай секцыі ва ўніверсаме “Центральный”, фірмовая секцыя па продажы посуду “ТВК” дзейнічае ў Доме гандлю.

– Сярод работнікаў спажывецкай кааперацыі нямала тых, хто прысвяціў амаль усё жыццё сваёй прафесіі...

– Кожны год у Дзень спажывецкай кааперацыі мы ўшаноўваем тых, хто вызначыўся сваёй працай, добрасумленнымі адносінамі да тых абавязкаў, якія выконвае. Сёлета сярод нашых работнікаў шмат тых, хто атрымаў узнагароды самых розных узроўняў: Л.І. Сыч, К.І. Навагродская, О.С. Цыбанёва, А.І. Данілевіч, С.В. Хільмановіч, Т.С. Шываранкава, Д.П. Бабіцкая, М.В. Рамейка, Д.І. Мішкель і многія іншыя. Калектыў магазіна “МаркФармэль” узнагароджаны граматай пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Шчучынскага філіяла. Хочацца шчыра падзякаваць нашым ветэранам і цяперашнім работнікам за плённую, адказную працу і вернасць прафесіі. Поспехаў, новых дасягненняў, бадзёрасці духу і моцнага здароўя!

Гутарыла Юлія ЦІМАШЧУК.

Фота Аляксандра КАСПЕРЧУКА.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!