Першыя крокі ў педагогіку. У Шчучыне прайшоў раённы конкурс “Педагагіяда” (+відэа)

 

Зрабіць першыя крокі ў прафесію, атрымаць карысны досвед і ўпэўніцца ў правільнасці свайго выбару змаглі вучні педагагічных класаў школ раёна падчас конкурсу “Педагагіяда”, які нядаўна прайшоў у Шчучыне.

 

“Педагагіяда” праводзіцца ў нашым раёне другі год. Мерапрыемства мае на мэце пошук таленавітай і адоранай вучнёўскай моладзі, якая ў будучым будзе здольная падхапіць сцяг педагагічнай дзейнасці.
У 2022/23 навучальным годзе групы педагагічнай накіраванасці адкрыты ў Шчучынскай гімназіі і СШ № 3, а таксама ў Галавічпольскай і Ляшчанскай сярэдніх школах. Усяго ў нашым раёне азы педагогікі спасцігаюць 40 старшакласнікаў.

 

 

Падрабязней аб педагагічных класах нам распавёў начальнік аддзела адукацыі Шчучынскага райвыканкама Павел Тарчынскі:

 

– Вучні педагагічных класаў выбіраюць два прадметы, якія вывучаюцца імі на павышаным узроўні. Таксама яны абавязкова наведваюць факультатыў “Уводзіны ў педагагічную прафесію”, на якім атрымліваюць агульныя звесткі аб дзіцячай псіхалогіі і педагогіцы. Да выкладання гэтага факультатыву прыцягваюцца толькі самыя таленавітыя і вопытныя педагогі. Як паказвае практыка апошніх гадоў, каля паловы вучняў педагагічных класаў у далейшым звязваюць сваё жыццё з настаўніцкай дзейнасцю, што сведчыць аб эфектыўнасці гэтай ініцыятывы.

 

 

Сёлета “Педагагіяда” складалася з некалькіх этапаў, якія праходзілі на базе дзіцячага садка № 4 і гарадской гімназіі. Будучыя педагогі змаглі падрабязна азнаёміцца з арганізацыяй працы гэтых навучальных устаноў, прысутнічалі на адкрытых занятках, а таксама наведалі майстар-класы ад педагогаў-прафесіяналаў.
Другім этапам “Педагагіяды” стала рашэнне тэстаў, з дапамогай якіх школьнікі праверылі свае веды ў педагогіцы і псіхалогіі. Пасля наведалі музей гісторыі адукацыі ў гімназіі.

 

Таксама ў рамках “Педагагіяды” працавала дыялогавая пляцоўка “Адкрыты мікрафон”, на якой з вучнямі і маладымі спецыялістамі сферы адукацыі сустрэліся намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Цюсіна, начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Павел Тарчынскі і старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Галіна Вашчыла. Падчас адкрытага дыялога прысутныя абмеркавалі актуальныя праблемы ў сферы адукацыі, а спікеры падзяліліся сваім педагагічным досведам.
Вынікі адкрытага дыялога падвяла Таццяна Цюсіна:

 

 

– Дыялогавыя пляцоўкі такога кшталту вельмі важныя, бо на іх моладзь бачыць зацікаўленасць улады ў вырашэнні сваіх праблем. Важна, каб маладыя спецыялісты разумелі, што яны могуць разлічваць на дапамогу не толькі кіраўніцтва навучальных устаноў ці аддзела адукацыі, але райвыканкама таксама. Вялікае значэнне мела тое, што на дыялогавай пляцоўцы прысутнічалі дзеці, якія вучацца ў педагагічных класах. Яны змаглі пазнаёміцца з умовамі працы маладых педагогаў і атрымалі карысны для сябе досвед. Цяпер школьнікі ведаюць значна больш аб сваёй будучай прафесіі.

 

Заключным этапам “Педагагіяды” стаў конкурс прэзентацый каманд педагагічных класаў, падчас якога вучні паказалі свае ўменні выступу перад публікай, а маладыя педагогі расказалі аб сваіх уражаннях ад прафесіі. Таксама прысутных парадавалі сваім выступам выхаванцы ўзорнай студыі “Апрель” Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі.

 

 

Па выніках раённай “Педагагіяды” ўсе каманды-ўдзельніцы былі адзначаны дыпломамі, а перамагла ў конкурсе каманда гімназіі горада Шчучына.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!