Сям’я Барысевічаў: як спяваць, дык усёй сям’ёй!

Напярэдадні Дня работнікаў культуры і Дня маці мы сустрэліся з сям’ёй Барысевічаў. Такі выбар герояў невыпадковы: і Юрый, і Ірына працуюць у РЦКіНТ. Да таго ж яны выхоўваюць дзвюх дачок і сыночка.

 

Падчас нашай сустрэчы яшчэ раз пераканалася, што гэта сям’я вельмі дружная. Восеньскі парк у шэры кастрычніцкі дзень ураз ажыў і засвяціўся ад усмешак Барысевічаў. Простыя і сціплыя, яны трымаліся за рукі і абнімалі адзін другога цёпла і шчыра.

 

Мастацкі кіраўнік Васілішкаўскага цэнтра культуры і сакратар РЦКіНТ вось ужо 16 гадоў разам. Пазнаёміліся на вяселлі сяброўкі, а затым і сваё згулялі. Юрый і Ірына Барысевічы як сапраўдныя работнікі культуры разам робяць агульную справу – захоўваюць і памнажаюць нашу культурную спадчыну.

 

 

Так павялося, што ў гэтых людзей усе святы ператвараюцца ў працоўныя будні. Аднак Юрый і Ірына на жыццё не скардзяцца, знайшлі выйсце: уся сям’я накіроўваецца на свята, калі тата выходзіць на сцэну. Яго песні добра ведаюць і Ірына, і дзеці, таму яны заўсёды дружна падпяваюць свайму любімаму артысту.

 

Юрый не толькі цудоўны саліст, але і ўдзельнік ансамбля народнай песні “Васільковая раніца”. За паўгоддзе – больш за паўсотні канцэртаў і ў аддаленых вёсачках Шчучыншчыны, і ў райцэнтры, і ў аграгарадках, і за межамі рэгіёна. Не застаюцца без належнай ўвагі артыста і яго землякі – жыхары аграгарадка Васілішкі, для якіх ладзяцца цікавыя мерапрыемствы і фестывалі добрай музыкі. 

 

Адметна, што Юрый і Ірына – з вясковых шматдзетных сямей. Бацькі Юрыя выхавалі ажно дзесяць дзяцей, Ірыны – шасцёра. Працавітымі, шчырымі, талерантнымі, добразычлівымі – такімі выраслі нашы героі. Цяпер гэтыя цудоўныя беларускія якасці бацькі па-добрай традыцыі перадаюць сваім дзецям. І не дзіва, што іх у сям’і – трое. 

 

– Мы прывыклі, што дома павінна быць шумна, – усміхаецца Ірына. – Вось і ў нас шмат дзетак. Дзіўна, але мяне палохаюць не воклічы з усіх бакоў адначасова: “Мама, гэта! Мама, тое!”, а цішыня. Мы не ўяўляем свайго жыцця без нашых дачок і сына. Яны натхняюць нас на працу і творчасць. Я, напрыклад, люблю пячы для сваіх родных прыгожыя тарты, гатаваць розныя прысмакі. У вольны час шыю і вышываю. Не сядзіць без працы і каханы. Убачу штосьці класнае ў інтэрнэце – прашу ў Юры зрабіць, а ён і не адмаўляе. Таму ў нас у доме і паліцы, і банкеткі – усё яго залатымі рукамі зроблена. 

 

У таленавітых бацькоў і дзеці таленавітыя. Гімназістка-дзесяцікласніца Вераніка не толькі выдатна вучыцца, але і захапляецца фатаграфіяй, тэатрам і футболам. Школьнік Мацвей майструе сапраўдныя шэдэўры з канструктара Lego. Маленькая Златка добра спявае, любіць фатаграфавацца і прымяраць маміны туфлі на высокіх абцасах… 

 

Барысевічы вельмі дружныя, таму ва ўсім падтрымліваюць адзін аднаго. Ёсць у іх і свае сямейныя традыцыі. На кожнае свята збіраюцца яны разам за адным святочным сталом. Дарэчы, святкуюць у іх доме і праваслаўныя, і каталіцкія святы. 

 

Сваё прафесійнае свята Барысевічы сустракаюць у прыўзнятым настроі. Яны шчаслівыя разам і па-сакрэце прызналіся, што нават не сварацца адзін з другім. Ірына па-жаночаму мудра ўмее змаўчаць мужу, а Юрый так кахае жонку, што баіцца пакрыўдзіць словам. 

 

Спытала я, як жа віншуюць Ірыну дома з Днём маці? Дзеці радуюць падарункамі і самаробнымі паштоўкамі, а муж – белымі ружамі і цудоўнымі песнямі. 

 

 

– Памятаю, як кранальна павіншаваў мяне Юра з 8 Сакавіка, – успамінае Ірына. – Ён запрасіў мяне і маю маму на канцэрт, дзе выканаў спецыяльна для нас песню Стаса Міхайлава “Мамачка маіх дзяцей”. Ці варта казаць, як ён расчуліў нас той кранальнай песняй? Такія простыя і шчырыя падарункі – найлепшыя! 
Ёсць у Юрыя шмат прыгожых песень, але адна мне падабаецца найбольш – “Добрыя людзі”. Як у той песні, помняць Барысевічы з дзяцінства бацькоўскі наказ, зразумелы з гадамі: добрых людзей, маўляў, усюды шукай, кепскія знойдуцца самі. Можа таму і жывуць светла і ў свята, і ў будзень, як сапраўдныя добрыя людзі.

 

Ганна КАСПЕР.
Фота аўтара і з сямейнага архіва. 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!