Першы абласны дэпутацкі турзлёт сабраў народных абраннікаў Гродзеншчыны ў Воранаўскім раёне
Зараз ва ўрочышчы Пагародна Воранаўскага раёна праходзіць Першы абласны дэпутацкі турыстычны злёт, які прысвечаны 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Удзел ва ўнікальным мерапрыемстве бяруць дэпутаты Гродзеншчыны розных узроўняў: ад моладзевых парламентарыяў да прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
На працягу двух дзён дэпутацкі корпус будзе ўдзельнічаць у разнастайных конкурсах, сярод якіх інтэлектуальная гульня, спаборніцтвы па дартсе і валейболе. Асобна пройдзе конкурс патрыятычнай песні. Таксама ва ўрочышчы Пагародна ў гэтыя дні пройдуць вайсковыя рэканструкцыі і паказальнае выступленне кіналагічнай службы.
Па выніках конкурснай праграмы пройдзе дыялогавая пляцоўка, на якой будзе абмеркавана гістарычная тэматыка. У прыватнасці – 80-годдзе вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і патрыятычнае выхаванне моладзі.
Прадстаўнікі ад Шчучыншчыны ўдзельнічаюць у турзлёце ў складзе аб'яднанай каманды Шчучынскага, Мастоўскага і Ваўкавыскага раёнаў.
Сваімі чаканнямі і ўражаннямі ад унікальнага мерапрыемства падзяліўся дырэктар Скрыбаўскай СШ, дэпутат Мажэйкаўскага сельскага Савета дэпутатаў Аляксандр Шалесны:
– Цудоўнае мерапрыемства. Не кожны дзень мы, дэпутаты розных узроўняў, можам сустрэцца і абмеркаваць актуальныя пытанні ў нефармальнай абстаноўцы. Сімвалічна, што гэты турыстычны злёт прысвечаны 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецкіх акупантаў, памяць аб подзвігу продкаў павінна жыць. Наша аб'яднаная каманда Шчучынскага, Мастоўскага і Ваўкавыскага раёна называецца "Мы разам". Спадзяюся, што ў нас з суседзямі атрымаецца перамагчы ў спаборніцтвах.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.