Педагог Шчучыншчыны – гэта брэнд. Вынікі работы сістэмы адукацыі раёна за мінулы год былі падведзены на пасяджэнні савета аддзела

 

Абмяняліся досведам, падвялі вынікі працы і абмеркавалі планы на будучыню педагогі Шчучыншчыны падчас пасяджэння савета аддзела адукацыі. Мерапрыемства прайшло ў сценах раённага цэнтра культуры і народнай творчасці і сабрала прадстаўнікоў з усіх устаноў адукацыі раёна. Таксама ўдзел у пасяджэнні ўзялі старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта, старшыня Шчучынскага райвыканкама Аляксей Садоўскі і намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Цюсіна.

 

Спачатку да ўвагі ўдзельнікаў мерапрыемства ў фае РЦКіНТ была прадстаўлена вялікая выстава, якая прэзентавала дасягненні і асноўныя кірункі дзейнасці ўстаноў адукацыі нашага раёна. Шматлікія навуковыя, творчыя і спартыўныя поспехі вучняў і выхаванцаў сталі найлепшым пацвярджэннем эфектыўнасці работы педагогаў. Прадстаўнікі кожнай установы стараліся зацікавіць сваёй разынкай і падзяліцца назапашаным досведам. Калегі актыўна абмяркоўвалі свае напрацоўкі і абменьваліся ідэямі.

 

 

Далей мерапрыемства перамясцілася ў актавую залу, дзе начальнік аддзела адукацыі раёна Павел Тарчынскі падрабязна расказаў прысутным аб выніках работы за мінулы год. Увага была звернута як на поспехі, так і недахопы, якія трэба выпраўляць.

 

– У 2023 годзе сістэма адукацыі Шчучынскага раёна вырашала задачы забеспячэння якасці адукацыйнага працэсу, стварэння сучасных і бяспечных умоў навучання ў 30 установах адукацыі. У зоне асаблівай увагі знаходзіліся пытанні эфектыўнасці работы з адоранымі дзецьмі, удасканаленне прафарыентацыйнай работы, узмацненне выхаваўчага патэнцыялу сістэмы адукацыі. Акцэнтавалася ўвага на развіццё супрацоўніцтва з установамі вышэйшай адукацыі, узмацненне партнёрскіх сувязяў з прадпрыемствамі і арганізацыямі раёна, – расказаў Павел Тарчынскі.

 



 

Як адзначыла Алена Пасюта, педагог Шчучыншчыны – гэта брэнд. Шматлікія напрацоўкі нашых землякоў у сферы адукацыі вартыя ўвагі і пераймання на рэспубліканскім узроўні. Аднак, маючы добрыя вынікі, педагогі Шчучыншчыны недастаткова прэзентуюць і расказваюць пра свае поспехі. Алена Васільеўна параіла быць у гэтым плане менш сціплымі.

 

– Для любога народа самым важным пасля хлеба была, ёсць і будзе заставацца школа, – заўважыла Алена Пасюта. – Не адмаўляючы ролю сям’і, мы ўсе з вамі разумеем, што менавіта выхавацель, настаўнік, педагог стаяць ля вытокаў фарміравання нацыянальнай ідэнтычнасці. Мы з вамі фарміруем патрыётаў і грамадзян сваёй краіны. Мы фарміруем чалавека, які працягвае традыцыі свайго народа. Мы фарміруем асобу, якая прыйдзе на змену нам. Хочацца сказаць, што адукацыя – гэта не сфера паслуг ці бізнес, а моцная апора нашай дзяржаўнасці.

 

 

Падчас свайго выступу Алена Пасюта прэзентавала новую кнігу “Равеснікі маладой Беларусі”, якая была створана па матэрыялах аднаіменнага праекта. Свежы экзэмпляр гэтага выдання Алена Васільеўна ўручыла адной з удзельніц праекта Маргарыце Бясецкай.

 

 

Па выніках работы за мінулы год былі адзначаны лепшыя ўстановы адукацыі раёна. Першае месца заняла гімназія г. Шчучына, другое – сярэдняя школа № 2, трэцяе месца раздзялілі паміж сабой сярэдняя школа № 1 і сярэдняя школа № 3. Пераможцамі сярод школ, якія рэалізуюць праграму дашкольнай адукацыі, сталі Ражанкаўская і Галавічпольская сярэднія школы, дыпломам другой ступені ўзнагароджаны Ляшчанская і Скрыбаўская сярэдняія школы, трэцяе месца заняла Каменская сярэдняя школа імя П.А. Кузьміна. Сярод устаноў дашкольнай адукацыі лепшым быў прызнаны дзіцячы садок № 4 г. Шчучына, другое месца заняў дзіцячы садок № 6, а трэцяе – дзіцячы садок № 7.

 

 

Ганаровай граматай Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў была ўзнагароджана дырэктар ДУА “Ражанкаўская сярэдняя школа” Аліна Цівінская. Граматамі раённага савета дэпутатаў адзначаны настаўнік фізічнай культуры і здароўя ДУА “Скрыбаўская сярэдняя школа” Савелій Пачабут і настаўнік геаграфіі ДУА “Сярэдняя школа № 2 горада Шчучына” Таццяна Пекар.

 

 

Акрамя таго, падзякі атрымалі кіраўнікі арганізацый, якія актыўна і плённа супрацоўнічаюць з установамі адукацыі нашага раёна.

 

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!