Пасланне Прэзідэнта Беларусі як актуальны палітычны дыялог. Сваімі ўражаннямі пасля выступлення Прэзідэнта падзяліліся шчучынцы
Сёння ў Палацы Рэспублікі сярод запрошаных удзельнікаў маштабнага мерапрыемства, падчас якога Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка звярнуўся са штогадовым Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу, прысутнічала і дэлегацыя Шчучынскага раёна.
Мы папрасілі нашых землякоў падзяліцца сваімі ўражаннямі і расказаць аб тым, якія словы Прэзідэнта аказаліся найбольш сугучныя іх думкам, кранулі за жывое, выклікалі водгук у сэрцы.
Ганна ХВЯДЗЮК, старшыня Шчучынскага раённага Савета дэпутатаў:
-- Я не першы раз прымаю ўдзел у такіх знакавых мерапрыемствах з удзелам кіраўніка дзяржавы Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі. Ганаруся тым, што сёння ўвачавідкі змагла на працягу трох гадзін слухаць Пасланне Прэзідэнта беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу, дзе кіраўнік дзяржавы ёмка і дакладна выказаў свой “канцэнтраваны погляд на сітуацыю ў краіне і за яе межамі”, вызначыў задачы на будучае. Гэта насамрэч значная падзея ў жыцці краіны, як і магутны энергетычны пасыл органам улады і кіравання ўсіх узроўняў, жыхарам нашай краіны аб тым, як мы будзем разам рухацца наперад у бліжэйшай перспектыве, што павінен зрабіць кожны на сваім месцы – у тым ліку і дэпутацкі корпус. Галоўныя напрамкі вызначаны ў далейшым развіцці эканомікі, што выстаяла насуперак усім санкцыям.
Сёння адбылася канструктыўная, прынцыповая і гранічна шчырая размова Прэзідэнта з народам аб мінулым, сучасным і будучым Беларусі. Кіраўнік дзяржавы вызначыў асноўныя вектары далейшага развіцця краіны, яе ўнутранай і знешняй палітыкі, даў вычарпальныя адказы на ўсе пастаўленыя пытанні.
Яшчэ раз атрымала пацвярджэнне наша ўласная беларуская стратэгія і прынцып крочыць выключна сваім шляхам, жыць уласным розумам, у адзінстве і згодзе будаваць шчаслівае будучае для нашых дзяцей і ўнукаў! Беларусь была, ёсць і, я ўпэўнена, будзе краінай, дзе галоўнай каштоўнасцю з’яўляецца чалавек. Мір і бяспека – абсалютныя складальнікі нашага дабрабыту. Усе надзеі і спадзяванні народа знайшлі адлюстраванне ў сённяшнім Пасланні. Але каб паспяхова былі вырашаны пастаўленыя задачы, нам неабходна прыкласці каласальныя намаганні. Усім разам! І свой уклад кожны грамадзянін, кожны патрыёт краіны проста абавязаны ўнесці ўжо зараз.
Таццяна ЦЮСІНА, намеснік старшыні Шчучынскага райвыканкама:
– З вялікай цікавасцю слухала Пасланне нашага Прэзідэнта, у якім прагучалі адказы на ўсе пытанні, якія сёння найбольш хвалююць наша грамадства. Цалкам згодна, што адной з галоўных умоў суверэнітэту нашай дзяржавы з'яўляецца народнае адзінства, якое дае нам сілы выстаяць у любой сітуацыі.
Мне, як гісторыку, асабліва блізкія пытанні захавання гістарычнай праўды, гісторыі нашага беларускага народа. У беларусаў сапраўды багатая тысячагадовая гісторыя. І, нягледзячы ні на якія перыпетыі, нават у самыя вострыя моманты гісторыі, як адзначыў наш Прэзідэнт, і ў перыяд паланізацыі часоў Рэчы Паспалітай і Польшчы міжваеннага перыяду, і падчас усіх войнаў, што пракаціліся па тэрыторыі нашай шматпакутнай Беларусі, мы змаглі захаваць веру, родную мову і культуру, сваю ідэнтычнасць. Беларуская нацыя прайшла цяжкі шлях свайго станаўлення. Мы справіліся з рознымі выпрабаваннямі. Таму і сёння мы вытрымаем усе іспыты, што выпалі на долю нашага народа. А галоўная ўмова для гэтага – наша адзінства.
Анатолій БЯЛЯЎСКІ, дырэктар ТАА “Праймілк”:
-- Ключавой тэмай Паслання Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу было захаванне суверэнітэту і незалежнасці нашай краіны. І гэта не выпадкова. Мы жывём у неспакойны час, калі многія міжнародныя працэсы значна ўскладніліся, а на межах роднай Беларусі неспакойна. Таму на знешнія выклікі трэба рэагаваць аператыўна і рашуча. Разам з тым беларусы заўсёды выступалі і выступаюць за мір і заклікаюць сваіх суседзяў паважаць права народаў на самастойнае лёсавызначэнне. Цалкам згодны з кіраўніком дзяржавы, што галоўнай умовай реальнага суверэнітэту нашай краіны з’яўляецца менавіта народнае адзінства. Разам мы зможам пераадолець любыя цяжкасці і стварыць умовы для далейшага развіцця роднай Беларусі на карысць будучых пакаленняў беларусаў.
У сіле адзінства пераканаўся і калектыў кампаніі “Праймілк”. Калі наша прадпрыемства толькі ўставала на ногі, перад намі паўстала мноства тэхналагічных і эканамічных пытанняў, якія неабходна было аператыўна вырашаць. І толькі агульнымі намаганнямі мы справіліся з усімі цяжкасцямі і наладзілі вытворчасць. Сёння выпускаем унікальную высакаякасную прадукцыю, якая запатрабавана не толькі ў нашай краіне, але і далёка за яе межамі. Атрыманы прыбытак дае нам магчымасць працягваць дынамічна развівацца. Значыць, мы рухаемся ў правільным накірунку!
Юрый ПАШУК, старшыня Шчучынскага раённага аб'яднання прафсаюзаў:
– Уражанне ад штогадовага Паслання Прэзідэнта да народа і Парламента склалася моцнае. На мерапрыемстве паднімаліся важныя і актуальныя пытанні. Гэта была шчырая размова з народам на тэму суверэнітэту і незалежнасці. Калі ў мінулым годзе Прэзідэнт задаваў народу пытанне, ці гатовы мы сумленна працаваць на незалежнасць і суверэнітэт нашай краіны, то сёлета нам зразумела, што мы гатовы. Разам з тым нам ёсць куды рухацца. Так, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што незалежнасць краіны абавязкова павінна падмацоўвацца стабільнай эканомікай. Гэта тычыцца ўсіх галін: сельскай гаспадаркі, прамысловасці, энергетыкі. Падчас выступу Прэзідэнт зрабіў акцэнт на развіцці інвестыцыйных праектаў у рамках ініцыятывы “Адзін раён – адзін праект”. У нашым раёне ў гэту праграму трапіў праект адкрыцця ў Шчучыне імпартазамяшчальнай вытворчасці субстрату для вырошчвання шампіньёнаў. Таксама ў нашым раёне ёсць маладыя прадпрыемствы, якія паказваюць паспяховыя тэмпы росту, гэта і сельскагаспадарчыя арганізацыі і заводы. Таму лічу, што Шчучыншчына робіць добры ўнёсак у эканамічны складнік нашай агульнай незалежнасці і суверэнітэту.