Паштальён ідзе – навіны нясе
У гарадскім пасёлку Астрына шмат добрых паштальёнаў. Людміла Іванаўна Шмігера – адна з іх. Яна прыносіць у кожны дом не толькі газеты і часопісы, але і добрае слова.
Людмілу Іванаўну ведаюць у твар не толькі астрынчане, але і жыхары суседніх вёсак – Абруба і Шастакоў, куды паштальён дабіраецца на веласіпедзе. У сваю чаргу Людміла Іванаўна на памяць ведае імёны, прозвішчы, адрасы сваіх падпісчыкаў. Дакладна памятае і перыёдыку, якую кожны чытае. І не дзіўна! Людміла Іванаўна – паштальён з 11-гадовым стажам. Да таго ж яна з сям’ёй жыве ў вёсцы Абруб.
Дзень паштальёна пачынаецца з сартавання свежай перыёдыкі і лістоў. Аказваецца, шмат хто па-ранейшаму піша і атрымлівае пісьмы. Затым паштальён правярае заказы: людзі часта заказваюць тавары для дома з каталога, і паштальён разносіць іх разам з перыёдыкай.
Сяльчане заўсёды з нецярпеннем чакаюць Людмілу Іванаўну, спяшаюцца да брамкі, ледзь запрыкмеціўшы жанчыну, якая заўсёды знойдзе час, каб абмовіцца добрым словам.
Не скупіцца на добрыя словы ў адрас сваёй супрацоўніцы і начальнік Астрынскага аддзялення паштовай сувязі Н.А. Брыкач.
– Людміла Іванаўна адказна ставіцца да працы, заўсёды выконвае даведзеныя планы, – гаворыць Ніна Аляксандраўна. – А яшчэ яна добры чалавек, а для паштальёна, які пастаянна працуе з людзьмі, гэта вельмі важная рыса характару.
Спыталі мы, што чытаюць сяльчане? Аказалася, сярод любімых друкаваных выданняў і наша “Дзянніца”. Зараз “раёнку” чытаюць больш за 400 чалавек.
Ганна КАСПЕР. Фота аўтара.