Панямоння жыватворныя крыніцы

 

4 верасня ў Шчучыне пройдуць заключныя мерапрыемствы абласнога фестывалю рэгіянальнага фальклору “Панямоння жыватворныя крыніцы” – аднаго з самабытнейшых фестываляў на тэрыторыі Гродзеншчыны, які на працягу амаль 15 гадоў не губляе сваёй актуальнасці.

 

Традыцыйна фестываль ахоплівае ўсю Гродзенскую вобласць, на ім дэманструюцца дасягненні рэгіянальнай фальклорнай творчасці як кожнага раёна, так і асобных вёсак Гродзеншчыны. З красавіка па чэрвень у рэгіёне праходзілі занальныя агляды-конкурсы абласнога фестывалю, дзе вызначаліся лепшыя транслятары фальклорнага мастацтва, самыя таленавітыя майстры народнай творчасці. Заключныя фестывальныя мерапрыемствы ў Шчучыне стануць сапраўднай культурнай падзеяй, на якой будзе прадстаўлена ўсё тое лепшае, што засталося нам ад продкаў.

 

– Гасцей чакаюць конкурсныя выступленні фальклорных калектываў і выканаўцаў вобласці, выстаўка-кірмаш вырабаў майстроў народнай творчасці з дэманстрацыяй тэхналагічнага працэсу традыцыйных рамёстваў, інтэрактыўныя пляцоўкі з гульнёва-забаўляльнымі праграмамі і майстар-класамі па навучанні побытавым танцам, – гаворыць дырэктар Шчучынскага РЦКіНТ Святлана Жвірбля. – Самым яскравым эпізодам фестывалю стане канцэрт з удзелам лепшых фальклорных калектываў вобласці. Наш раён будуць прадстаўляць фальклорны гурт ”Вяргіня“ Ракавіцкага Дома культуры і ўзорны фальклорны калектыў “Скарбоначка” Дэмбраўскага сельскага Дома фальклору.

 

Абласны фестываль рэгія­нальнага фальклору “Панямоння жыватворныя крыніцы” праводзіцца з мэтай захавання, развіцця і прапаганды традыцыйнай народнай творчасці Гродзеншчыны, выяўлення самабытных носьбітаў беларускага фальклору, папулярызацыі іх творчасці, пашырэння межаў іх дзейнасці.

 

Сяргей КАСПЯРЧУК.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!