Ноткі, якія прыносяць радасць. У Шчучынскім цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі прайшоў фестываль дзіцячай творчасці

 

Сёння ў Шчучынскім цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі прайшоў традыцыйны фестываль дзіцячай творчасці “Радасныя ноткі”, які быў прымеркаваны да Дня інвалідаў. Мерапрыемства сабрала таленавітых хлопчыкаў і дзяўчынак з усяго нашага раёна.

 

Цёплымі словамі прывіталі гасцей і ўдзельнікаў фестывалю намеснік начальніка аддзела адукацыі Жанна Мецько і дырэктар Шчучынскага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Таццяна Ярошык.

 

Сёлета дзеткі падрыхтавалі насычаную творчую праграму. Удзельнікі фестывалю паказалі на сцэне свае разнастайныя таленты: хтосьці спяваў, нехта паказваў тэатральныя сцэнкі, знайшлося таксама месца вершам і байкам. Цікавы нумар для гледачоў падрыхтавалі госці з дзіцячага садка № 7 горада Шчучына, яны танчылі ў нацыянальных касцюмах. Пацешылі прысутных сваімі спевамі дзяўчынкі з узорнай студыі “Апрель” Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі.

 

 

Падтрымлівалі юных артыстаў бацькі і педагогі, якія, напэўна, хваляваліся нават больш за выступоўцаў. Аднак хваляванне хутка змянялася на радасць за поспехі.

 

Сам сцэнар фестывалю ўяўляў сабой падарожжа па сямі планетах-нотах. Падчас пералётаў з адной планеты на другую гледачы ўдзельнічалі ў цікавых конкурсах. Напрыканцы мерапрыемства яго ўдзельнікі атрымалі прызы і прыемныя падарункі.

 

 

Прынялі ўдзел у фестывалі і валанцёры з сярэдняй школы № 1 і гімназіі горада Шчучына. Хочацца адзначыць, што супрацоўніцтва ў галіне валанцёрства ў цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі наладжана з усімі школамі райцэнтра.

 

Пра значнасць такіх мерапрыемстваў, як фестываль “Радасныя ноткі”, нам расказала Жанна Мецько:

 

– Праводзіць такія мерапрыемствы вельмі важна, бо мы павінны любіць і развіваць усіх дзяцей без выключэнняў. Дзеткам трэба сацыялізавацца і разумець, што яны патрэбныя. Сёння я ў чарговы раз упэўнілася ў тым, што намаганні педагогаў даюць плён. Хлопчыкі і дзяўчынкі паказалі свае таленты, прыклалі для гэтага вялікія высілкі, але разам з тым атрымалі радасць і пазітыўныя эмоцыі. У нас усе дзеці аднолькавыя. Таму, незалежна ад захворванняў ці адхіленняў у здароўі, кожны мае права на развіццё і вучобу. Гэтае права гарантуецца дзяржавай.

 

 

Таксама сваімі думкамі з намі падзялілася Таццяна Ярошык:

 

– Мы стараемся праводзіць падобныя мерапрыемствы для дзяцей-інвалідаў як мага часцей, каб у іх была магчымасць праявіць сябе, паказаць свае здольнасці. Вялікае значэнне фестываль мае і для бацькоў. Бо так мы дапамагаем мамам і татам прымаць недахопы сваіх дзяцей і працаваць дзеля паляпшэння якасці іх жыцця.

 

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.  

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!