Памятаем і ганарымся. Урачысты мітынг, прысвечаны Дню Незалежнасці Беларусі, адбыўся ў Шчучыне

Святочныя мерапрыемствы да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь пачаліся ў Шчучыне раніцай 3 ліпеня з урачыстага мітынгу ля брацкай магілы савецкіх воінаў і партызан, што ў гарадскім скверы. У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі раённай улады, працоўных калектываў і грамадскіх арганізацый, а таксама моладзь і жыхары горада. Разам сабраліся прадстаўнікі розных пакаленняў.

 

 

 

-- Дзень Незалежнасці па праве заняў асаблівае месца ў гісторыі Беларусі. У ім разам зліліся святыя для кожнага з нас паняцці -- Свабода і Незалежнасць. У дзевяць гадзін раніцы ў храмах розных канфесій нашай рэспублікі адбылася малітва “За Беларусь”. І гэтая падзея прыдае святу яшчэ большую значнасць, яшчэ большую ўпэўненасць у светлай будучыні нашай дзяржавы дзеля народнага адзінства, -- адзначылі вядучыя мітынгу.

 

 

Аддаючы павагу дзяржаўнай сімволіцы, урачысты мітынг пачаўся ўзняццем Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь. Ганаровае права падняць Дзяржаўны сцяг было прадастаўлена дырэктару адкрытага акцыянернага таварыства “Васілішкі”  Уладзіміру Серахану, шматразоваму чэмпіёну рэспубліканскіх, міжнародных спаборніцтваў і турніраў па тайландскім боксе, кандыдату у майстры спорту Ілле Васілько і салістцы студыі эстраднага вакалу «Элегія» Паліне Цыбульскай.

 

 

Са словамі віншаванняў да ўдзельнікаў мітынгу звярнуўся старшыня Шчучынскага райвыканкама Аляксей Садоўскі.

 

 

 

-- Сардэчна віншую вас з Днём Незалежнасці -- нашым галоўным дзяржаўным святам, якое стала сімвалам свабоды беларускага народа. Дата 3 ліпеня 1944 года назаўсёды ўпісана залатымі літарамі ў айчынную гісторыю. З гэтага памятнага дня пачаўся новы этап у жыцці беларускага народа, рэалізавалася яго адвечная мара аб свабодзе і незалежнасці, -- падкрэсліў Аляксей Валянцінавіч. -- Нізкі паклон нашым ветэранам за бессмяротны подзвіг! Дзякуючы іх самаадданасці, стойкасці і гераізму мы сёння маем магчымасць мірна жыць і працаваць. Шчучыншчына дынамічна развіваецца, паляпшаецца інфраструктура, мы ганарымся дасягненнямі ў сельскай гаспадарцы і эканоміцы, перамогамі ў спорце і адукацыі. І ўсё гэта дзякуючы людзям, якія сваёй шматгадовай працай, актыўнай грамадскай пазіцыяй складаюць гонар і славу нашага раёна. Ад усяго сэрца жадаю ўсім шчучынцам здароўя, невычэрпнай энергіі, стабільнасці і поспехаў. Любіце сваю малую радзіму, ганарыцеся яе дасягненнямі і самі прыкладвайце намаганні для яе росквіту.

 

 

Традыцыйна ў Дзень Незалежнасці ў раённую Кнігу Славы заносяцца звесткі аб земляках, якія ўнеслі значны ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё рэгіёна або здзейснілі подзвіг ці гераічны ўчынак. На гэты раз у Кнігу Славы Шчучынскага раёна занесены звесткі пра Уладзіміра Шурупава, былога педагога дадатковай адукацыі Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі (пасмяротна). За сваё жыццё ён зрабіў вельмі шмат, каб праславіць не толькі сваю маленькую радзіму, але і ўсю нашу краіну, падрыхтаваўшы двухразовага чэмпіёна свету і бронзавага прызёра чэмпіяната свету па тайскім боксе. На рахунку ўдзельнікаў клуба спартыўных адзінаборстваў толькі за апашнія два гады больш за 130 перамог і прызавых месцаў на рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтвах. Пасведчанне і сертыфікат на каштоўны падарунак атрымаў бацька Уладзіміра Барысавіча Барыс Аляксандравіч і сыны Андрэй і Кірыл.

 

 

Старшыня райвыканкама Аляксей Садоўскі ўручыў таксама пасведчанне і сертыфікат дырэктару адкрытага акцыянернага таварыства “Васілішкі” Уладзіміру Серахану. Гаспадарка пад кіраўніцтвам Уладзіміра Часлававіча з’яўляецца адной з самых перадавых у нашым раёне. За высокія дасягненні ў працоўнай дзейнасці ён узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, залатым медалём ВДНГ, мае званне заслужанага работніка сельскай гаспадаркі.

 

 

У сваю чаргу Уладзімір Часлававіч звярнуўся да ўдзельнікаў урачыстых мерапрыемстваў: “Шмат гадоў назад нашы дзяды і прадзеды заваявалі для нас мір і права жыць у свабоднай незалежнай дзяржаве. Дзень Незалежнасці - асаблівае свята ў календары нашай дзяржавы. Гэта свята сілы, адзінства, любові да сваёй краіны. Але самае галоўнае - мы жывем у бяспечнай краіне, пад чыстым небам, сярод добрых, талерантных суайчыннікаў. Працуем, гадуем дзяцей, унукаў і проста любім сваю Беларусь. Мы ўсе, беларусы, павінны імкнуцца да таго, каб наша дзяржава заўсёды заставалася незалежнай. Са святам усіх, з Днём Незалежнасці!”

 

 

Хвіліна маўчання… У памяць аб тых, хто змагаўся за наша мірнае жыццё і   незалежнасць, прагрымелі залпы святочнага салюта, удзельнікі мітынгу   ўсклалі жывыя кветкі да помніка на брацкай магіле савецкіх воінаў і партызан.

 

 

 

Гісторыя вучыць: здабыць суверэнітэт -- мала. Трэба ўмець яго абараніць, адстаяць і зберагчы. Самая высокая каштоўнасць, якую мы павінны перадаць нашчадкам, -- гэта наша Радзіма, наша Беларусь. 3 ліпеня -- чырвоны дзень календара, даў старт новаму году да чарговага Дня Незалежнасці, на працягу якога мы павінны сабраць у агульную скарбонку яшчэ больш дасягненняў на карысць роднага краю.

 

 

Сяргей КАСПЯРЧУК.

Фота аўтара і Ганны КАСПЕР.

 

 

 

Артур Місюк, старшыня раённай арганізацыі воінаў-інтэрнацыяналістаў:

-- Калі дзень Перамогі -- свята са слязамі на вачах, то Дзень Незалежнасці -- урачыстасць, якая надае неймаверны прыліў сіл і гонару за сваю краіну. Гэта галоўнае дзяржаўнае свята, у якім перапляліся сапраўды важныя паняцці для ўсіх беларусаў - Вызваленне, Перамога і Незалежнасць. Для нас, беларусаў, 3 ліпеня - гэта дзень, які аб'ядноўвае ўсіх нас і з'яўляецца сімвалам сувязі часоў.

 

 

 

 

Надзея Богдан, намеснік дырэктара гімназіі г. Шчучына:

-- Сёння мы адзначаем галоўнае дзяржаўнае свята -- Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і 77-ю гадавіну вызвалення Беларусі ад фашызму. Мы шануем і памятаем тых, хто набліжаў Вялікую Перамогу. Іх імёны, жывых і загінуўшых, навечна ўпісаны ў гісторыю. Так распарадзілася гісторыя, што менавіта 3 ліпеня стала новым пунктам адліку нашага часу, названага эпохай станаўлення беларускай дзяржаўнасці. Дзень Незалежнасці адлюстроўвае ўсё адзінства, мужнасць і стойкасць беларусаў. Ён яшчэ раз нагадвае нам пра тое, што лёс нашага краю, яго сучаснасць і будучыня, залежыць ад кожнага з нас.

 

 

 

Святлана Жвірбля, дырэктар Шчучынскага РЦКіНТ:

-- 3 ліпеня 1944 года савецкія войскі вызвалілі ад акупантаў сталіцу нашай Радзімы -- горад-герой Мінск. Менавіта гэты дзень стаў для кожнага жыхара нашай краіны днём нацыянальнага гонару, доблесці і славы. Сёння Дзень Незалежнасці на Шчучыншчыне сустракаюць 3 ветэраны вайны. Гэта людзі, якія прайшлі страшнае ваеннае ліхалецце і цяжкі перыяд аднаўлення краіны. Іх гераізм, самаадданасць і стойкасць служаць дастойным прыкладам, з'яўляюцца непарушнай апорай для нашай нацыянальнай самасвядомасці.

 

 

 

 

 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!