Паглядзіце, хто стварыў самую прыгожую літару Ў

Добрай традыцыяй у СШ №1 г. Шчучына стала правядзенне мерапрыемстваў, прысвечаных Міжнароднаму дню роднай мовы, які штогод адзначаецца 21 лютага.

 

І на гэты раз настаўнікі беларускай мовы Н.М. Сахарава, Г.С. Арашкевіч, А.В. Біндзей і Г.С. Гурына прапанавалі рабятам мноства цікавых мерапрыемстваў. Вучні з пятага па адзінаццатыя класы малявалі ілюстрацыі да вядомых твораў беларускіх пісьменнікаў, знаёміліся з выставай мастацкай літаратуры, удзельнічалі ў інфармацыйных хвілінках “Дзень роднай мовы”, выразна чыталі творы беларускіх паэтаў, прымалі ўдзел у віктарыне. Асабліва спадабалася ўсім акцыя “Камплімент”, калі 21 лютага пры ўваходзе ў школу кожны мог узяць са спецыяльнай скрыні маленькае пасланне-камплімент на беларускай мове.

 

 

Канечне ж, усім было прыемна, а камплімент абавязкова выклікаў усмешку ў кожнага. Адзінаццацікласнік школы Арцём Чакаеў са сваёй музычнай кампазіцыяй на словы Францішка Багушэвіча ўдзельнічаў у святочным канцэрце, які прайшоў у СШ №2 г. Шчучына.

 

У рамках філалагічнага тыдня, што завяршыўся святкаваннем Дня роднай мовы, у школе прайшоў адкрыты ўрок для настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры. Дарэчы, педагогі школы прынялі ўдзел у абласной акцыі па напісанні дыктоўкі на беларускай мове.

 

Але, напэўна, самай яркай падзеяй тыдня можна назваць конкурс на выраб літары Ў, на які было прадстаўлена больш за 40 работ. Журы адзначыла дыпломамі І ступені літару Ў, якая атрымалася ў Данііла Балтрукевіча, ІІ ступені – у Таццяны Шарай, Кацярыны Кулік, Андрэя Хільмончыка і ІІІ ступені – у Лізаветы Смоліч, Максіма Булгакава, Алены Снапко і Аліны Сельхановіч.

 

 

– Мы прыдумалі і змайстравалі літару Ў разам з мамай, – расказвае пераможца Данііл Балтрукевіч. – На ёй адлюстраваны контур і арнамент нашай краіны, яе сімвалы – зубр, бусел, васілёк. Я вельмі ганаруся, што перамагла менавіта наша літара.

 

 

За плённы ўдзел у розных конкурсах рабяты атрымалі сертыфікаты на “9“ і “10” балаў: на “10” балаў – Данііл Балтрукевіч, а на “9” балаў – Арыяна Ясючэня, Мая Карабач і Аляксей Жых.
Здорава, што вучні і настаўнікі СШ №1 шануюць сваю родную мову.

Ганна РУДСКАЯ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!