Падзяку ад Міністра атрымала індывідуальны прадпрымальнік сферы бытавога абслугоўвання насельніцтва Шчучынскага раёна Наталля Сяргееўна Клышэвіч

Нядаўна індывідуальны прадпрымальнік сферы бытавога абслугоўвання насельніцтва Шчучынскага раёна Наталля Сяргееўна Клышэвіч атрымала высокую ўзнагароду – Падзяку Міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Рэспублікі Беларусь. Святочнае мерапрыемства, на якім адбылася гэта падзея, ладзілася ў драматычным тэатры ў Гродне напярэдадні Дня работнікаў бытавога абслугоўвання насельніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

– Канечне, мне вельмі прыемна, што наша праца заўважана і адзначана на такім высокім узроўні, – гаворыць Наталля Сяргееўна, якая займаецца такім бізнесам разам з мужам. – Мы развіваем бытавое абслугоўванне ў сельскай мясцовасці і стараемся аказаць насельніцтву ўвесь комплекс самых розных паслуг.

Сёння комплексна-прыёмныя пункты, адкрытыя сям'ёй Клышэвіч  на тэрыторыі нашага раёна, працуюць у Васілішках, Каменцы, Ражанцы, Скрыбаўцах, Орлі. Туды можна звярнуцца, каб адрамантаваць адзенне і абутак, складаную бытавую тэхніку, тэлерадыёапаратуру, гадзіннікі, перацягнуць мяккую мэблю, скарыстацца паслугамі хімчысткі. Прадастаўляюцца ў кожным з КПП і рытуальныя паслугі.

– У канцы красавіка мы плануем адкрыць яшчэ адзін комплексна-прыёмны пункт, які размесціцца ў Жалудку, – гаворыць Наталля Сяргееўна. – Цяпер у памяшканні для будучага КПП ідуць рамонтныя работы.  

Ганна РУДСКАЯ.

 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!