Пад зоркай Алаізы

Мінулы год быў багаты на знакавыя даты, звязаныя з імем Алаізы Сцяпанаўны Пашкевіч (Цёткі). Так, споўнілася 140 год з дня нараджэння нашай славутай зямлячкі, 110 год – як яна падарыла дзеткам беларусаў “Першае чытанне для дзетак беларусаў”, выдала кнігі “Скрыпка беларуская” і “Хрэст на свабоду”, и столькі ж з моманту выхаду першага нумара газеты “Наша доля”, які адкрываўся вершам Цёткі “Наш палетак”. Летась таксама споўнілася 100 гадоў, як не стала Цёткі, але памяць пра яе працягвае жыць. Увесь час пад зоркай Алаізы праходзіць жыццё вучняў і настаўнікаў нашай Астрынскай сярэдняй школы імя А.С. Пашкевіч (Цёткі).

2017 год таксама юбілейны. У далёкім 1957 годзе нашай школе было прысвоена імя Цёткі, і вось ужо 60 год мы стараемся быць вартымі памяці слыннай дачкі беларускага народа. А сёлета ў снежні будзем адзначаць 35-годдзе з дня адкрыцця ў школе адзінага ў краіне музея Цёткі. 
Кожны юбілей дорыць нам цікавыя мерапрыемствы: вечарыны, гасцёўні, сустрэчы, знаёмствы.


Незабыўны след у памяці вучняў школы і гасцей, безумоўна, пакінуў першы дзень новага навучальнага года, калі мы “запрасілі” ў госці Цётку. А як жа інакш? Менавіта яна з’яўляецца той нітачкай-повяззю паміж мінулым і сучаснасцю, нагадвае нам, што мы “ўзышлі не з насення, што ветрам занесена”, што ў нас вартая памяці спадчына. Таленавітыя работнікі Астрынскага Дома культуры і тэатральнай творчасці – рэжысёры Ірына Станіславаўна Шандроха і Наталля Аляксандраўна Лукіна падрыхтавалі цудоўную літаратурна-музычную кампазіцыю “Жыве наша памяць аб вас”, прысвечаную 500-годдзю Шчучына. У прадстаўленні прынялі ўдзел вучні школы. Атрымалася сапраўднае свята.
Яшчэ ў гэты дзень адбылася сустрэча з паэзіяй. Да нас завіталі госці з Ліды – навуковы супрацоўнік літаратурнага аддзела (дома В.Таўлая) Лідскага гісторыка-мастацкага музея, кіраўнік літаратурнага аб’яднання «Суквецце» пры рэдакцыі «Лідскай газеты», паэт Алесь Хітрун і паэт, рэдактар краязнаўчага, гістарычна-літаратурнага часопіса “Лідскі Летапісец” Станіслаў Суднік. І гэта не выпадкова. Калі мы ўспамінаем Цётку, то падчас кажам, што нарадзілася яна ў Лідскім павеце. Вядома, што ў 1912 годзе ў Вільні, Нова-Вілейцы, Лідзе Цётка арганізавала тайныя беларускія школы. Таму ў суседнім раёне таксама шануюць зямлячку. 
Алесь Хітрун пазнаёміў з музейна-адукацыйнай праграмай “У школу да Цёткі” і запрасіў прысутных на заняткі. Госці прачыталі свае творы. Шчырыя, пранікнёныя словы пра Радзіму, родную мову, гісторыю, каханне, безумоўна, траплялі ў душы астрынчан, выклікаючы захапленне, станоўчыя эмоцыі. Вучні і іх настаўнікі былі не проста слухачамі, але і далучыліся да творчасці, стаўшы сааўтарамі нашых гасцей. Не застаўся без увагі і музей Цёткі: атрымаў у дар творы паэтаў з Лідчыны.
Сустрэча атрымалася цікавай, напэўна, яшчэ і таму, што дзякуючы выставам “Скарынаву кнігу ў вечнасць пусціць” і “На кожнай сцяжынцы іх песня і голас”, якія падрыхтавала бібліятэкар Н.А. Барташэвіч, на ёй “прысутнічалі” нашы юбіляры: Францыск Скарына, Янка Купала і Якуб Колас.
Спадзяемся, што яркая зорка Алаізы яшчэ не раз прывядзе да нас на сустрэчу таленавітых людзей.
Ала БАЛОБАН, настаўнік беларускай мовы і літаратуры, кіраўнік музея Цёткі.
Фота Алены ФІЦАВАЙ.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!