Па вуліцы Кастрычніцкай у Шчучыне аднавілі больш за 3000 квадратных метраў дарожнага пакрыцця
Крыху больш за тыдзень спатрэбілася работнікам камунальнай службы і ДРБУ-161, каб прывесці ў парадак дарожнае пакрыццё на вуліцы Кастрычніцкай у Шчучыне. Сюды прыгналі асфальтаўкладчык і два каткі, каб завяршыць рамонтныя работы як мага хутчэй.
– На гэтай вуліцы знаходзяцца раённая бібліятэка імя Цёткі, дзіцяча-юнацкая спартыўная школа, рынак і некалькі магазінаў, таму рух тут заўсёды ажыўлены, – адзначае дырэктар РУП ЖКГ Андрэй Валер’евіч Шкіндзераў. – За гады эксплуатацыі асфальт на гэтым участку дарогі істотна знасіўся, ды і аўтастаянка была ўся ў ямах і выбоінах, што прыносіла адны нязручнасці аўтаўладальнікам. Таму было прынята рашэнне правесці тут добраўпарадкаванне.
Камунальнікі ачысцілі дарогу і дзе неабходна панізілі бардзюры, каб пешаходам і веласіпедыстам было зручна тут рухацца. Затым за працу ўзяліся дарожнікі.
– Пры дапамозе спецыяльнай машыны мы знялі стары асфальт і вывезлі яго, – гаворыць старшы майстар ДРБУ-161 Алег Людвігавіч Ціцяк. – Затым згодна з тэхналагічнымі патрабаваннямі паклалі выраўнавальны слой, а пасля – фінішны таўшчынёй 3 сантыметры. Усяго аднавілі больш за 3000 квадратных метраў дарожнага пакрыцця. Цяпер дарожны рух па вуліцы Кастрычніцкай стаў значна камфортней і бяспечней.
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.