Новыя ПДР у Беларусі закрануць нават п’яных пасажыраў. Што яшчэ плануецца змяніць з 27 кастрычніка
Адпаведны Указ — «Аб удасканаленні арганізацыі дарожнага руху» — быў падпісаны кіраўніком дзяржавы яшчэ ў красавіку. Апошнія змяненні ў ПДР уносіліся ў 2019 годзе, але праўкі былі нязначныя. Дакумент патрабаваў глабальнай карэкціроўкі: з'явіліся новыя сродкі перамяшчэння, на больш сучасны ўзровень выйшла транспартная інфраструктура, неадназначнымі заставаліся і некаторыя моманты ў арганізацыі дарожнага руху.
Фота Лізаветы Голад.
Перш за ўсё, як паведамілі ў Дзяржаўнай аўтамабільнай інспекцыі, новаўвядзенні прынятыя з мэтай павышэння культуры ўдзельнікаў дарожнага руху, стымулявання выкарыстання электратранспарту і зніжэння колькасці дарожна-транспартных здарэнняў. Прадугледжаныя ўказам меры дазволяць павысіць бяспеку на дарогах, а ўдзел у дарожным руху стане больш зручным і камфортным для грамадзян. Якія канкрэтна змяненні чакаюць кіроўцаў і пешаходаў, высвятляла карэспандэнт «Звязды».
На электрасамакаце і сегвэі — не больш як 25 км/г
Што датычыцца тэрміналогіі, канкрэтызаваны некаторыя назвы транспартных сродкаў. У прыватнасці, веласіпедам будзе называцца такі транспартны сродак, які мае не менш за два колы і прыводзіцца ў рух мускульнай сілай чалавека, што знаходзіцца на ім, у прыватнасці, пры дапамозе педаляў або ручак. Такім чынам, самакаты, аднаколавы транспарт не з'яўляюцца веласіпедамі. Аднак да веласіпедаў прыраўноўваюцца аналагічныя па канструкцыі транспартныя сродкі, якія маюць электрарухавік. Іх магутнасць не павінна перавышаць 0,25 кВт, а скорасць — не развівацца звыш 25 км/г.
Па веласіпеднай дарожцы цяпер павінны перамяшчацца не толькі веласіпедысты, а і пешаходы, якія кіруюць электрасамакатамі, гіраскутарамі, манаколамі, сегвэямі і падобнымі на іх — усё гэта будзе называцца сродкамі персанальнай мабільнасці. Вельмі важны момант: такія прылады і прыстасаванні не з'яўляюцца транспартнымі сродкамі. Дадзеная катэгорыя з'явілася ў Правілах дарожнага руху ўпершыню і, адпаведна, трапіла пад канкрэтныя патрабаванні. У прыватнасці, для сродкаў персанальнай мабільнасці ўстаноўлена максімальная скорасць — не больш як 25 км/г. Пры гэтым выкарыстоўваць іх могуць асобы, не малодшыя за 14 гадоў, за выключэннем жылых і пешаходных зон. Забараняецца перамяшчацца на сродках персанальнай мабільнасці ў стане ап'янення, а таксама не трымацца за руль (пры яго наяўнасці).
На сродках персанальнай мабільнасці неабходна рухацца па веладарожцы, якая абазначаецца або спецыяльным дарожным знакам, або дарожнай разметкай, або зялёным колерам. Калі веладарожка адсутнічае, дазваляецца рухацца па тратуары, пешаходнай дарожцы ці абочыне дарогі. Праезную частку на сродках персанальнай мабільнасці патрэбна перасякаць па веласіпедным пераездзе, аб наяўнасці якога будзе сведчыць або спецыяльны знак, або адпаведная дарожная разметка.
Статус і перавагі пешаходаў
Да пешахода цяпер прыраўноўваецца і той, хто рухаецца на сродках персанальнай мабільнасці. Нягледзячы на тое, што ўдзельнічаць у дарожным руху яны будуць па правілах веласіпедыста, за імі замацоўваецца статус пешахода.
Перавага пешаходу, які рухаецца па нерэгулюемым пешаходным пераходзе, лічыцца прадастаўленай, калі адлегласць паміж транспартным сродкам і пешаходам, які набліжаецца, складае не менш за дзве паласы, у тым ліку адну паласу і трамвайныя пуці спадарожнага напрамку, адну паласу і раздзяляльную паласу або зону, адну паласу і астравок бяспекі. Адным словам, калі пешаходны пераход размешчаны на шырокай дарозе, якая мае чатыры і больш палос, кіроўцу аўтатранспарту неабавязкова чакаць, пакуль пешаход, які толькі падышоў да перахода, пяройдзе на іншы бок. Аднак важна не грэбаваць гэтым правілам і аб'ектыўна разлічыць магчымасці свайго транспартнага сродку, прадугледзець дзеянні пешахода. Лепш не рызыкаваць.
Пешаход павінен рухацца па тратуары або пешаходнай дарожцы. У выпадку іх адсутнасці — па веласіпеднай дарожцы або па абочыне. Раней па абочыне пешаход меў права ісці толькі пры адсутнасці тратуара, пешаходнай або веласіпеднай дарожак. Цяпер, калі ёсць толькі веладарожка, ён мае права выбару: або ісці па ёй, або па абочыне.
У цёмны час сутак пры руху па краі праезнай часткі пешаход па-ранейшаму абавязаны абазначаць сябе святлоадбівальным элементам (флікерам). Прытрымлівацца гэтага патрабавання неабходна будзе і падчас руху на абочыне. Абазначаць сябе флікерамі патрэбна і пры перамяшчэнні на сродку персанальнай мабільнасці ў цёмны час сутак або пры недастатковай бачнасці. Пры гэтым на самім сродку павінна быць устаноўлена і ўключана фара (ліхтар), які дазваляе своечасова выявіць перашкоду для дарожнага руху. Рухацца на сродку персанальнай мабільнасці пешаходу рэкамендуецца ў ахоўным шлеме.
Пры перасоўванні на ролікавых каньках, лыжах або іншым спартыўным інвентары, сродках персанальнай мабільнасці пешаход абавязаны перасякаць праезную частку дарогі са скорасцю пешахода, які ідзе, пераканаўшыся пры гэтым, што выхад на праезную частку дарогі бяспечны.
З'яўляецца новы абавязак пешахода — па патрабаванні супрацоўніка ДАІ прайсці агляд на прадмет вызначэння стану алкагольнага ап'янення або стану, выкліканага ўжываннем наркатычных ці псіхатропных рэчываў.
Пасажыр матацыкліста — толькі цвярозы
З новай рэдакцыі Правілаў дарожнага руху выключаны такія тэрміны, як дзяржаўны тэхнічны агляд, эстакада. Аднак узніклі і новыя паняцці. Напрыклад, зона з абмежаваннем максімальнай скорасці (з якой скорасцю рухацца, паведаміць дарожны знак), камбінаваны транспартны сродак (буксіроўка транспартнага сродку грузавым аўтамабілем або седлавым цягачом і іншым). Пры гэтым легкавы аўтамабіль, які буксіруе іншы легкавы аўтамабіль, не з'яўляецца камбінаваным транспартным сродкам.
Цяпер удзельнікі дарожнага руху маюць права на абскарджанне не толькі дзеянняў (бяздзейнасці), а і рашэнняў дзяржаўных органаў, якія ажыццяўляюць рэгуляванне і кіраванне ў сферы дарожнага руху, забеспячэнні яго бяспекі.
Кіроўца таксі можа не прышпільвацца ў населеным пункце толькі падчас перавозкі пасажыра. Калі ён едзе адзін на заказ або карыстаецца транспартным сродкам у сваіх мэтах, з заўтрашняга дня кіроўца таксі абавязаны будзе прышпільвацца рэменем бяспекі.
Яшчэ адно важнае новаўвядзенне — перш чым пачаць рух, кіроўца мапеда або матацыкла, які перавозіць пасажыра, павінен пераканацца ў яго цвярозасці. Калі пасажыр знаходзіцца ў стане алкагольнага або наркатычнага ап'янення, перавозіць яго катэгарычна забараняецца. Аднак дадзенае правіла не распаўсюджваецца на перавозку такога пасажыра ў бакавым прычэпе матацыкла.
Звяртаем увагу, што забараняецца перавозіць дзяцей да 12 гадоў на матацыкле, мапедзе, у тым ліку ў бакавым прычэпе да іх. Нельга будзе перавозіць пасажыраў і на веласіпедзе, за выключэннем выпадкаў перавозкі дзяцей ва ўзросце да сямі гадоў. Пры гэтым дзіця павінна знаходзіцца на дадатковым спецыяльна абсталяваным сядзенні, якое фіксуе (засцерагае) ногі дзіцяці. На галаве непаўналетняга пасажыра ў абавязковым парадку павінен быць ахоўны шлем.
Забараняецца рухацца на веласіпедзе, мапедзе, матацыкле на адным коле, а таксама не трымаючыся за руль абедзвюма рукамі, за выключэннем выпадку падачы сігналу рукой. Таксама не дазваляецца рухацца на згаданых транспартных сродках, не трымаючы ногі на педалях або падножках.
Новы пункт у ПДР — нельга навучаць кіраванню механічнымі транспартнымі сродкамі на ўчастках вуліц і дарог, дзе тое забаронена. Пералік такіх месцаў будзе вызначаны Міністэрствам унутраных спраў.
Да ўвагі кіроўцаў
Навацый для кіроўцаў транспартных сродкаў у новай рэдакцыі Правілаў дарожнага руху няшмат. У прыватнасці, у ПДР дабавіліся два новыя віды манеўраў — уезд транспартнага сродку на трамвайныя пуці і з'езд з іх. Сігнал павароту цяпер трэба будзе паказваць і тады, калі заязджаеш на трамвайныя пуці спадарожнага напрамку, а таксама перад выездам з іх.
Кіроўца абавязаны прадаставіць перавагу пешаходам на нерэгулюемых і рэгулюемых пешаходных пераходах і веласіпедных пераездах у выпадку іх руху на сродках персанальнай мабільнасці, а таксама саступіць дарогу веласіпедыстам пры адначасовым для кіроўцаў і пешаходаў/веласіпедыстаў дазвольным сігнале рэгуліроўшчыка або святлафора.
Змяненні датычацца ўезду на скрыжаванне, дзе арганізаваны кругавы рух. Падача сігналу светлавымі ўказальнікамі павароту цяпер не патрабуецца. Аднак пры перастройванні на крузе або з'язджаючы з такога скрыжавання, сігнал павароту па-ранейшаму абавязковы.
Спыненне і стаянка цяпер забараняюцца толькі на пуцеправодах (раней яшчэ і на мастах, эстакадах) і пад імі. На мастах, калі тое прадугледжана дарожнай разметкай, — дазваляецца. Аднак тут важна не пераблытаць мост з пуцеправодам. Мост — збудаванне над ракой або іншай геаграфічнай перашкодай. Калі пад мостам ёсць яшчэ адна дарога, то гэты мост, згодна з ПДР, аўтаматычна ператвараецца ў пуцеправод.
Цяпер кіроўцы павінны вытрымліваць бакавы інтэрвал не толькі з транспартнымі сродкамі, якія рухаюцца па суседніх палосах руху, а і з іншымі ўдзельнікамі дарожнага руху, якія стаяць або рухаюцца па дарозе (тыя ж веласіпедысты і матацыклісты). Актуальнае дадзенае патрабаванне і ў адносінах да тэхнічных сродкаў арганізацыі дарожнага руху і аб'ектаў: бакавы інтэрвал неабходна вытрымліваць і з дарожнымі знакамі, адбойнікамі і іншым. Праўка дастаткова сучасная і карысная.
Калі падчас руху кіроўцу спасцігла непрыемнасць і ёсць неабходнасць ліквідаваць няспраўнасць транспартнага сродку непасрэдна на праезнай частцы, рабіць гэта трэба будзе ў адзенні павышанай бачнасці са святлоадбівальнымі элементамі. Раней такое патрабаванне мела толькі рэкамендацыйны характар. Цяпер яно актуальнае як у цёмны, так і ў светлы час сутак.
Стаянка забараняецца ў месцах, абсталяваных станцыямі для зарадкі электрамабіляў. Паркавацца на гэтых месцах не маюць права ніякія транспартныя сродкі, у тым ліку электрамабілі. Апошнія — толькі з мэтай падзарадкі. У іншым выпадку транспартны сродак можа быць эвакуіраваны. Такое развіццё падзей будзе чакаць і таго кіроўцу, які паставіў свой транспартны сродак на месца, прызначанае для інвалідаў. Гэта не закране аўтамабіляў, абазначаных адпаведным знакам.
Толькі са святлом!
І яшчэ адна вельмі важная навацыя. Калі раней перад пачаткам і заканчэннем навучальнага года Дзяржаўная аўтаінспекцыя разнастайнымі спосабамі апавяшчала кіроўцаў аб уключэнні блізкага святла фар у дзённы час сутак, то цяпер гэты момант замацаваны заканадаўствам. І адгаворкі накшталт «не ведаў» і «не чуў» не прымаюцца. Зафіксаваны канкрэтныя даты, у якія, сеўшы за руль свайго транспартнага сродку, кіроўца абавязаны ўключыць блізкае святло фар нават у светлы час сутак: у перыяд з 25 мая да 5 чэрвеня і з 25 жніўня да 5 верасня. Такім чынам, акцыі, прымеркаваныя да пачатку і заканчэння навучальнага года, якія традыцыйна праводзяцца супрацоўнікамі ДАІ, замацоўваюцца ў Правілах дарожнага руху.
Больш падрабязна азнаёміцца са змяненнямі і дапаўненнямі ў Правілы дарожнага руху можна будзе на Нацыянальным прававым партале (pravo.by).
Вераніка КАНЮТА, "ЗВЯЗДА"