Новы моркваўборачны камбайн ААТ “Васілішкі” можа замяніць у полі да 50 чалавек (+ВІДЭА)

 

Уборка морквы ў ААТ “Васілішкі” ідзе поўным ходам. Як адзначаюць мясцовыя аграрыі, культура сёлета ўрадзіла. Акрамя таго, радуе інавацыйны спосаб уборкі караняплодаў з дапамогай сучаснага камбайна.

 

Сёлета пад моркву ў гаспадарцы адведзена 9 гектараў, ураджайнасць трымаецца на ўзроўні 800 цэнтнераў з гектара. Як адзначае начальнік пладовага саду ААТ “Васілішкі” Пётр Лютастанскі, сёлета ўсе культуры добра ўрадзілі: паспрыялі ўмовы надвор’я і дасканалае выкананне тэхналогій.

 

Калі раней на ўборцы морквы працавала каля 50 чалавек, то зараз толькі пяць. Аптымізацыя людскога рэсурсу была дасягнута за кошт новага моркваўборачнага камбайна дацкай вытворчасці “ASA-LIFT”, які зусім нядаўна з’явіўся ў ААТ “Васілішкі” і ўжо паспеў сябе добра зарэкамендаваць.

 

 

Працэс уборкі просты. Спачатку агрэгат падкопвае караняплоды і выцягвае іх за маркоўнік, пасля чаго па пагрузачным элеватары морква трапляе ў кантэйнеры, якія паралельна камбайну цягне трактар.

 

– Выдатная тэхніка, – ацэньвае новы агрэгат Пётр Лютастанскі. – Камбайн замяняе пяцьдзясят чалавек, якіх мы можам накіраваць на іншыя работы, напрыклад, на ўборку яблыкаў. Пакуль агрэгат на поўную моц не выкарыстоўваецца. Даем механізатару лепш прыстасавацца да новай тэхнікі. За дзень такім камбайнам можна збіраць каля пяцідзесяці тон морквы. Набыць яго мы задумалі яшчэ тры гады таму, прыглядаліся да варыянтаў, падбіралі машыну, правялі тэндар. Без сумненняў, камбайн якасны і праслужыць доўга. Да таго ж ён праз два ці тры гады павінен акупіцца. Дзякуючы замене ручной працы на механічную ў нас павінна атрымацца аптымізаваць працэс уборкі і ў значнай ступені павысіць рэнтабельнасць культуры.

 

 

Ужо не першы год на палях ААТ “Васілішкі” аддаюць перавагу гатунку французскай селекцыі “Маэстра”. Да асноўных плюсаў гэтай морквы можна аднесці форму. Прыблізна аднолькавы дыяметр на працягу ўсяго караняплода і тупы носік высока цэняцца на рынку. Але да канца не вядома, як гэты гатунак сябе пакажа па выніках механічнай уборкі.

 

 

– Зараз правяраем, ці прыстасаваны гатунак “Маэстра” да ўборкі камбайнам. У гэтым плане меркаванні аграрыяў адрозніваюцца: хтосьці кажа, што камбайнам добра ўбіраецца, а хтосьці з гэтым не згодны. Пакуль вынікі нас задавольваюць, працэнт лому знаходзіцца ў межах нормы. Магчыма, у наступным годзе мы паэксперыментуем з новымі гатункамі, каб вызначыць, які найбольш падыходзіць для механізаванай уборкі.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!