Незагойная рана на целе Беларусі. У Шчучыне прайшоў Адзіны дзень інфармавання, прысвечаны тэме хатынскай трагедыі

16 сакавіка ў нашым раёне прайшоў Адзіны дзень інфармавання. Прадстаўнікі раённай інфармацыйнай групы – начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Андрэй Навіцкі, пракурор Шчучынскага раёна Алег Вялічка, начальнік РАНС Аляксандр Малюгін і першы намеснік начальніка РАУС Сяргей Асовік – сустрэліся з калектывам філіяла “Аўтамабільны парк № 12 горада Шчучына”.

 

Адзіны дзень інфармавання прайшоў па тэме “80 гадоў трагедыі ў Хатыні. Вынікі расследавання генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны”. З галоўным дакладам па гэтай тэме выступіў Андрэй Навіцкі:

 

– Трагедыя Хатыні – гэта адзін з тысяч фактаў, якія сведчаць аб мэтанакіраванай палітыцы генцыду ў адносінах да насельніцтва Беларусі, якую ажыццяўлялі нацысты падчас акупацыі ў часы Вялікай Айчыннай вайны. У сучаснай Беларусі дзяржаўная гістарычная палітыка з’яўляецца адным з найважнейшых кірункаў забеспячэння нацыянальнай бяспекі краіны. Так, летась на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу “Хатынь” праводзіўся капітальны рамонт з мадэрнізацыяй і элементамі рэстаўрацыі. Ні адзін з помнікаў Вялікай Айчыннай вайны не забыты і ў нашым раёне. Тэрыторыя вакол іх рэгулярна прыбіраецца, праводзяцца патрэбныя мерапрыемствы па рэстаўрацыі.

 

Асноўную тэму працягнуў і Алег Вялічка, ён расказаў пра вынікі расследавання крымінальнай справы па факце генацыду насельніцтва Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд.

 

 

– На момант пачатку крымінальнай справы аб генацыдзе, згодна з афіцыйнай інфармацыяй, падчас акупацыі былі цалкам або часткова знішчаны 9,2 тысячы беларускіх вёсак. Пры гэтым разам з людзьмі згарэлі 186 населеных пунктаў. У рамках расследавання крымінальнай справы пракуроры выявілі яшчэ больш за тысячу цалкам альбо часткова знішчаных вёсак.

 

На тэрыторыі Шчучынскага раёна былі выяўлены і даследаваны 4 месцы прымусовага ўтрымання мірнага насельніцтва – гета, якія знаходзіліся ў Шчучыне, Астрыне, Жалудку і Васілішках. У гады акупацыі лёс Хатыні раздзялілі населеныя пункты нашага раёна – Зінякі і Агародзішча.

 

 

З інфармацыяй на тэму “Прафілактыка злачынстваў, звязаных з неправамерным авалоданнем рэквізітамі пластыкавых банкаўскіх картак і крадзеж сродкаў з карт-рахункаў” выступіў Сяргей Асовік. Ён удакладніў статыстыку. Так, на тэрыторыі Шчучынскага раёна ў мінулым годзе былі зарэгістраваны 29 такіх злачынстваў з агульнай шкодай 44296 беларускіх рублёў. Па заканчэнні двух месяцаў 2023 года вядома пра яшчэ 6 злачынстваў, якія звязаны з махлярствам у сетцы Інтэрнэт.

 

Напрыканцы мерапрыемства пра актуальныя правілы пажарнай бяспекі і бяспекі на вадаёмах расказаў начальнік РАНС Аляксандр Малюгін.

 

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!