Не збаўляць тэмпы. Пытанні сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна за 9 месяцаў бягучага года абмеркавалі на чарговым пасяджэнні райвыканкама

 

Вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця Шчучынскага раёна і выкананне бюджэту за 9 месяцаў бягучага года былі разгледжаны на пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта.

 

Выступаючы з дакладам, першы намеснік старшыні -- начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Ігар Аверка адзначыў, што ў студзені-верасні бягучага года захавана станоўчая дынаміка развіцця сельскагаспадарчай галіны раёна. Вытворчасць валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі склала 110,3% пры заданні 106,1%. Вытворчасць малака за дзевяць месяцаў павялічылася на 4,6%. Сярэдні надой ад каровы павялічыўся на 256 кг і склаў 6370 кг малака. У трох сельскагаспадарчых прадпрыемствах раёна прадуктыўнасць малочных кароў перавысіла 7000 кг.

 

 

Прадукцыя вырошчвання буйной рагатай жывёлы склала 10,4 тыс. тон або 101,2%. Прадукцыя вырошчвання свіней – 16,9 тыс. тон, што на 3,2 тыс. тон больш узроўню мінулага года. Вытворчасць яек на Шчучынскай птушкафабрыцы склала 22 млн штук, або 92,1% да аналагічнага перыяду мінулага года.

 

Сельгаспрадпрыемствамі раёна намалочана амаль 130 тысяч тон зерневых і зернебабовых культур, што складае 106,1% да ўзроўню мінулага года, ураджайнасць склала 57,1 ​​ц/га. Накопана больш за 90 тыс. тон цукровых буракоў пры ўраджайнасці 685 ц/га. На адну ўмоўную галаву буйной рагатай жывёлы нарыхтавана 33,1 цэнтнера кармавых адзінак.

 

 

Начальнік упраўлення эканомікі райвыканкама Святлана Калашнікава праінфармавала, што за студзень-верасень тэмп росту намінальнай сярэднямесячнай заработнай платы склаў 121,6% пры заданні 112,2%. Па ўзроўні сярэднямесячнай заработнай платы Шчучынскі раён па-ранейшаму знаходзіцца на 7 месцы сярод 17 раёнаў вобласці. Інвестыцыі ў асноўны капітал склалі 128,6% пры даведзеным заданні 105,2%. Сукупныя паступленні даходаў у бюджэт Шчучынскага раёна склалі 124,6% пры прагнозе на год 107,2%.

 

Забяспечана выкананне заданняў, даведзеных па паказчыках, якія аказваюць найбольшы ўплыў на фарміраванне валавога рэгіянальнага прадукту. Так, вытворчасць прамысловай прадукцыі склала 109,8% пры заданні 103%. Дасягнуты патрабаваныя значэнні па вытворчасці валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі, рознічным тавараабароце і грузаабароце, аб’ёме будаўніча-мантажных работ.

 

 

Абарот знешняга гандлю таварамі за студзень-жнівень павялічыўся на 14,5% да ўзроўню мінулага года. Тэмп росту экспарту склаў 109,1%. Забяспечана ўстойлівае станоўчае сальда знешняга гандлю ў суме 10,8 млн долараў ЗША. Гэта дазваляе прадпрыемствам з аптымізмам глядзець у будучыню.

 

Была прааналізавана таксама работа будаўнічай галіны. Намеснік старшыні райвыканкама Яўгеній Вінча адзначыў, што ў студзені-верасні ў раёне тэмп росту выканання будаўніча-мантажных работ склаў 136%. Аб'ём падрадных работ -- 128% да аналагічнага перыяду мінулага года. Уведзена ў эксплуатацыю 7131 квадратны метр жылля, што складае 75,1% гадавога задання.

 

Аб выкананні бюджэту Шчучынскага раёна за 9 месяцаў бягучага года і існуючых праблемных момантах расказала начальнік фінансавага аддзела райвыканкама Аліна Бібікава. Даходы бюджэту Шчучынскага раёна склалі 82,4 млн рублёў,  або 79,4% ад гадавога плана. Асноўную ўдзельную вагу -- больш за 80% -- склалі падатковыя паступленні. У цэлым бюджэт раёна выкананы з прафіцытам у суме 10,8 млн рублёў. Асноўную долю ў выдатках бюджэту раёна (70,1%) займае сацыяльная сфера.

 

 

Па словах старшыні райвыканкама Аляксея Садоўскага, па выніках дзевяці месяцаў Шчучынскі раён дэманструе далейшую станоўчую дынаміку. Асноўная задача сённяшняга пасяджэння -- выпрацаваць комплекс мер, які дазволіць па выніках года забяспечыць выкананне і перавыкананне ўсіх даведзеных паказчыкаў.

 

-- Асноўнае, што заўсёды для нас з'яўляецца вызначальным, работа эканомікі раёна дазваляе не толькі ў поўнай меры выконваць усе ўзятыя на сябе сацыяльныя абавязацельствы, але і павялічваць фінансаванне сацыяльна значных праектаў. Спадзяюся, што гэта тэндэнцыя і па выніках года, і ў наступным годзе працягнецца, -- падкрэсліў кіраўнік раёна.

 

Сяргей КАСПЯРЧУК.

Фота Дзіяны КЕЙКА.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!