Насіце ордэны, матулі! У мнагадзетных сем’ях Арціш і Мыслівец – двайное свята
Напярэдадні галоўнага ліпеньскага свята прыйшла добрая вестка ў дамы мнагадзетных сямей Арціш і Мыслівец. У чарговым указе Прэзідэнта Беларусі А.Р. Лукашэнкі аб узнагароджанні ордэнам Маці значацца прозвішчы дзвюх жанчын з нашага раёна -- Вольгі Тадэвушаўны Арціш са Шчучына і Станіславы Віктараўны Мыслівец з вёскі Алешкаўцы Васілішкаўскага сельсавета. Наш карэспандэнт разам з кіраўнікамі раёна і прадстаўнікамі грамадскіх фарміраванняў БСЖ і “Белая Русь” пабываў у віноўніц урачыстасці і пацікавіўся, у чым жа сакрэт шматдзетнага шчасця.
-- У нашай сям’і ўжо ёсць падобная ўзнагарода: мая бабуля Серафіма калісьці за нараджэнне сямі дзяцей была ўдастоена медаля мацярынства, -- з хваляваннем расказвае гасцям Вольга Тадэвушаўна, калі старшыня райвыканкама Аляксей Валянцінавіч Садоўскі ўручае ёй ордэн Маці і белыя архідэі.
Матулю пяшчотна абдымаюць дзеткі, разумеючы, што ў іх доме адбываецца штосьці вельмі важнае.
-- Мы надзвычай удзячны Вам, Вольга, за добрае выхаванне сыноў і дачушак, за тое, што высока праносіце па жыцці святое прадвызначэнне жанчыны – дарыць свету новае жыццё, за моцную сям’ю, якая можа служыць прыкладам для іншых. І, безумоўна, ад душы віншуем з пачэснай узнагародай, -- да гэтых слоў кіраўніка раёна далучаюцца ўсе прысутныя.
Маму пяцярых дзяцей, двое з якіх ужо дарослыя (старэйшы сын Аляксандр служыць у арміі, а дачка Дар’я вучыцца ў аграрным каледжы), прыехалі павіншаваць намеснік старшыні райвыканкама Алена Васільеўна Пасюта, дырэктар Шчучынскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства Вануш Рубікавіч Навасардзян (В.Т. Арціш да дэкрэтнага водпуску працавала таваразнаўцам) і дырэктар ТЦСАН, старшыня раённай арганізацыі Беларускага Саюза жанчын Святлана Уладзіміраўна Шанчук.
Мы знаёмімся з самымі юнымі членамі сям’і Арціш. Пяцікласніца Паліна, круглая выдатніца, садзіцца за фартэпіяна і віншуе маму прыгожым музычным творам. Пяцігадовы Арцёмка і “кнопачка” Яна з абагаўленнем глядзяць на сястрычку і разам з усімі дружна пляскаюць у далонькі. Калі вечарам прыедзе з работы тата – Славамір Янавіч, які працуе ў РУСП “Гродзенскае племпрадпрыемства”, усе наперабой будуць расказваць пра падзеі гэтага незвычайнага дня і паказваць маміну ўзнагароду ды падарункі ад грамадскіх арганізацый.
-- Ці складана быць мнагадзетнай матуляй? – перапытвае Вольга Тадэвушаўна. – Вядома, гэта вялікая праца. Але калі ва ўсіх справах падтрымлівае муж, дапамагае, стараецца забяспечыць сям’ю, то цяжкасці абавязкова пераадольваюцца, а радасць, якую нясе кожнае дзіцятка, застаецца. І радасцей, паверце, намнога болей, чым праблем.
Дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы Арцішы пабудавалі камфортную кватэру. Тут заўжды ўтульна і душэўна: месца хапае ўсім, як і бацькоўскай любові да кожнага з пяці дзяцей – ад малога да вялікага.
“Нашу радзіну з пакалення ў пакаленне ахоўвае ікона”
Маляўнічыя Алешкаўцы сустрэлі лікаваннем летніх фарбаў. Лілеямі, ірысамі, гваздзікамі і мноствам іншых кветак акружана дагледжаная сядзіба Станіславы Віктараўны і Івана Іванавіча Мысліўцоў. У гэты дзень да іх у госці з’ехалася амаль уся радня – дзеці, унукі, сваты… А з якой-такой нагоды матулі наўмысна не казалі, да канца трымаючы інтрыгу. Не выдалі “тайну” нават малодшыя з унукаў. “Хутка сама даведаешся”, -- гарэзліва ўсміхаліся бабулі.
І вось наш мікрааўтобус спыняецца ля мнагалюднага падворка. Сюды ўжо завіталі старшыня Васілішкаўскага сельвыканкама Тамара Іванаўна Зубрыцкая і дырэктар ТАА Тарэса Вайцехаўна Сямашка. Намеснік старшыні райвыканкама Алена Васільеўна Пасюта, цёпла прывітаўшы вяскоўцаў, паведамляе пра мэту візіту:
-- З вялікім задавальненнем мы ўручаем ордэн Маці Станіславе Віктараўне Мыслівец, якая дастойна выхавала пяцёра дзяцей. Няхай сённяшні дзень стане новай вяхой у напісанні вашага сямейнага летапісу, няхай памнажаюцца лепшыя традыцыі і заўжды напаўняюць дом дзіцячыя галасы.
Ад нечаканасці няпрошаныя слязінкі блішчаць у вачах расчуленай жанчыны, якая ўсё сваё жыццё прысвяціла сям’і і дзецям. Як старанную і добрасумленную працаўніцу яе ведалі і тады, калі працавала поварам у школьнай сталоўцы, і калі была паляводам у “Клубніка Плантс”.
А якія цудоўныя віншаванні ў адрас матулі выказалі яе дзеці! Дочкі і нявесткі ў вінаградным цяньку арганізавалі “салодкі стол” з сапраўднымі кулінарнымі шэдэўрамі, а ўнукі ў якасці падарунка аднекуль выкацілі новенькі веласіпед з карзінай! Уручэнне ордэна Маці перарасло ў “масавае” сямейнае свята з сюрпрызамі, жартамі, добрымі ўспамінамі. Яшчэ б! Кожны з дзяцей Мысліўцоў знайшоў сваю палавінку і такім чынам памножыў “сямейны капітал”, ужо выхоўвае сваіх дзетак.
-- У нас дзесяць унукаў, а самай меншай – Ульянцы – толькі чатыры месяцы, -- ганарацца Станіслава Віктараўна і Іван Іванавіч, запрашаюць зайсці ў дом, дзе цэлая фотагалерэя з партрэтамі нашчадкаў. – А вось абярэг нашай радзіны – сямейная рэліквія. Гэта ікона па традыцыі перадаецца з пакалення ў пакаленне па мужчынскай лініі…
І ў гэтым гасцінным доме галоўным “рэцэптам” сямейнага шчасця і дабрабыту называюць узаемаразуменне, павагу, сумесную працу, выхаванне дзяцей на ўласным прыкладзе.
-- Жыць у мнагадзетнай сям’і насамрэч весела і цікава. Мы ніколі не адчувалі сябе пазбаўленымі нейкіх матэрыяльных даброт: 1 верасня ішлі ў школу з новенькімі ранцамі, у прыгожых касцюмах, з усімі вучнёўскімі прыладамі, як і іншыя дзеці, -- узгадвае старэйшая дачка Мысліўцоў Марына Місюкевіч. – дарэчы, прафесійны кандытар. – Мы, старэйшыя, бралі на сябе адказнасць за малодшых, рана былі прывучаны да працы, затое нам прасцей было ў дарослым жыцці. Мы ўсё ўмеем, з усім спраўляемся. Сям’я ў нас вельмізгуртаваная, а бацькоўскі дом -- сэрца нашай радзіны. Мы вельмі ўдзячны ўсім, хто мае дачыненне да таго рашэння, каб узнагародзіць нашу маму ордэнам. Яна гэтага заслугоўвае!
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.