"Наш выбар усвядомлены", -- кажуць выбаршчыкі, якія прыйшлі на Янчукоўскі ўчастак для галасавання №23

 

Сёння -- асноўны дзень галасавання па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Роўна ў восем гадзін раніцы адчыніў дзверы і Янчукоўскі ўчастак для галасавання №23, які размяшчаецца ў памяшканні адміністрацыйнага будынка ААТ “Шчучынаграпрадукт”.

 

 

У светлым і ўтульным памяшканні пануе спакойная і добразычлівая атмасфера. Яшчэ да пачатку галасавання старшыня ўчастковай выбарчай камісіі Валяр'ян Фядзюк у прысутнасці членаў камісіі і назіральнікаў апячатаў асноўную урну для галасавання і тыя, што будуць выкарыстоўвацца для галасавання людзей, якія пажадалі зрабіць гэта на даму.

 

 

З першай хвіліны работы працэс галасавання праходзіць арганізавана, адкрыта і даволі актыўна. У спісе выбаршчыкаў – жыхары Янчукоў, суседніх  Тур'і і Буйвічаў, а таксама аддаленых вёсак Жадэйкі, Скоржыкі, Будраўцы… Людзі ідуць адзін за адным.

 

 

 

Самым першым свой грамадзянскі абавязак выканаў жыхар Тур'і, ён жа стараста гэтага аграгарадка, Іван Шышко. Апусціўшы бюлетэнь у скрыню для галасавання, Іван Вацлававіч адзначыў:

 

-- Выбары Прэзідэнта -- вельмі важны дзень для краіны і для кожнага яе жыхара. Таму я ў выбарах удзельнічаю заўсёды. Падчас першых прэзідэнцкіх нават быў у складзе выбарчай камісіі. Так атрымалася, што сёння прыйшоў рана. Я ж спецыяліст гаспадаркі, пабыў на вытворчай нарадзе і адтуль -- сюды. А днём ёсць справы дома, удзялю больш увагі блізкім. Галасаваў за тое, каб нашы дзеці і ўнукі жылі, працавалі, раслі ў мірнай і незалежнай краіне. Ведаеце, разам з маёй сям'ёй жыве цешча Валянціна Сяргееўна Арлова. Хутка ёй споўніцца 90. Яна ў свае 12 год спазнала, што такое вайна, якая гэта бяда, шмат пра гэта расказвае. Таму мір і спакой – галоўныя прыярытэты пры выбары за каго аддаць голас.

 

"Сёння мы вызначаем сваю будучыню. Выбар наш усвядомлены, ён зроблены розумам, а не эмоцыямі. Аддаём галасы за стабільнае развіццё нашай прыгожай краіны, за мір і парадак, за добрыя перамены", -- дзяліліся іншыя выбаршчыкі. Жыхарка Янчукоў Алена Чашчэвік, у прыватнасці, адзначыла: "Галасавала за Беларусь, якая развіваецца і квітнее. І за маладое пакаленне: каб яго энергія і сілы былі запатрабаваны ў роднай краіне".

 

За працэсам галасавання на выбарах Прэзідэнта сочаць назіральнікі ад дэпутацкага корпуса, РГА "Белая Русь", БСЖ, прафсаюзаў. Яўгену Мецько ганаровую місію -- быць назіральнікам -- даручыў працоўны калектыў. Гэта яго дэбют у такім статусе, кажа мужчына. "Працэс галасавання ідзе нармальна, усе яго ўдзельнікі ведаюць свае правы і абавязкі, так што заўваг няма", – падкрэслівае Яўген Аляксандравіч.

 

 

 

Таццяна ПАЛУБЯТКА.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!