У выбаршчыкаў добры настрой, у самадзейных артыстаў – натхненне. Даведаліся, як праходзіць выбарчая кампанія ў гарадскім пасёлку Жалудок
-- На нашым Урублеўскім выбарчым участку №8 галасаванне праходзіць у спакойнай дзелавой атмасферы, -- зазначае старшыня выбарчай камісіі Уладзімір Анатольевіч Васількевіч. – З разраду “няштатнага рэжыму” хіба толькі меры бяспекі з-за пандэміі. Сочым, каб своечасова апрацоўвалася памяшканне, былі ў наяўнасці антысэптыкі і маскі. А так – усё, як звычайна. Па традыцыі ў Жалудку заўжды высокая грамадзянская актыўнасць. Паглядзіце, члены камісіі не сядзяць склаўшы рукі.
Сапраўды, на участак ідуць і ідуць людзі. Былы “мэр” Жалудка Георгій Іосіфавіч Панасевіч ужо прагаласаваў і гутарыць з “мэрам” сённяшнім – Генадзем Іванавічам Цывінскім, цікавіцца перспектывамі развіцця пасёлка, які ўключаны ў дзяржаўную праграму і будзе істотна добраўпарадкоўвацца ў 2021 годзе.
Георгій Іосіфавіч прыйшоў на ўчастак са сваёй “палавінкай” – Валянцінай Мефодзьеўнай.
-- Мы – адно цэлае, таму і галасавалі за агульныя каштоўнасці – шчаслівую будучыню дзяцей і ўнукаў, -- кажуць Панасевічы. – Прыемна, што і з нашымі нашчадкамі мы аднадумцы. Выхавалі траіх дзяцей, дачакаліся шасцёра ўнукаў, якімі толькі ганарымся. І цяпер жартуем, што ў нашай вялікай сям’і ёсць каму вучыць, лячыць і карміць. Гэта значыць, ёсць педагог, урач і аграрый. Усяго дзеці дабіваліся самастойна. І гэта вельмі важная адметнасць нашай дзяржавы – добрая адукацыя, магчымасць прафесійнага росту, а значыць, магчымасць дастойна жыць і працаваць.
Свой голас за будучае Беларусі аддаў і Ян Францавіч Прускі – педагог з 53-гадовым стажам, ладная частка з якіх прыпадае на работу дырэктара Жалудоцкай СШ імя В. Урублеўскага.
-- Сам на працягу шэрагу гадоў узначальваў выбарчую камісію, арганізоўваў і ўдзельнічаў у многіх грамадска-палітычных кампаніях падобнага кшталту, таму не магу не заўважыць высокі ўзровень арганізацыі і дзелавую атмасферу на Урублеўскім выбарчым участку, -- дае ацэнку работы сваіх маладых калег Ян Францавіч. – А што тычыцца пасёлка, то вельмі радуе, што людзі сталі вырошчваць кветкі і нават праводзіць з гэтай нагоды фестываль, прыгожа афармляць свае сядзібы, думаць пра эстэтыку. Значыць, дабрабыт становіцца нормай жыцця. І так павінна быць!
Марына і Андрэй Канюкі таксама дружна прыйшлі на выбары. Марына – памочнік выхавацеля ў мясцовым дзіцячым садку, Андрэй – вадзіцель у “Жалудоцкім агракомплексе”.
-- Сёння кожны голас надзвычай важны для грамадства, -- перакананы мае суразмоўцы. -- У сям’і падрастаюць двое дзетак, і для нас самае галоўнае – жыць у мірнай краіне, быць упэўненым у заўтрашнім дні. Наша старэйшая дачушка-дзесяцікласніца марыць стаць урачом. Як жа хочацца, каб усё ў яе атрымалася! Нашы спадзяванні звязаны з развіццём Жалудка, з тым, каб тут адкрываліся новыя працоўныя месцы, каб моладзь пасля вучобы вярталася на сваю малую радзіму і была запатрабавана. Нельга ўсё пускаць на самацёк. Дзяржаўная палітыка павінна быць накіравана на развіццё рэгіёнаў. Не ўсім жа жыць у сталіцы! У нас праўда цудоўнае мястэчка з багатай гістарычнай спадчынай. Такія пасёлкі варта развіваць.
Хвалявалася, ідучы на выбарчы ўчастак, Наталля Панкратовіч. Яно і зразумела: дзяўчына галасуе ўпершыню. Сапраўднай групай падтрымкі сталі для Наташы бацькі – Лілія Іосіфаўна і Алег Канстанцінавіч, а яшчэ – дзядуля Іосіф Іосіфавіч Зубель. Сямейная “каманда” загадзя і вельмі ўзважана абмяркоўвала, за каго аддаваць свае галасы:
-- Мы адназначна не хочам, каб атрымалася так, як ва Украіне. Нам не патрэбны Майданы. Мы – за мірную, спакойную, прыгожую Беларусь, дзе ў моладзі ёсць перспектывы і сацыяльныя гарантыі.
Наталля Панкратовіч – навучэнка Гродзенскага медыцынскага каледжа, але галасуе ў родным пасёлку з роднымі людзьмі.
Тым часам у цэнтральным скверы Жалудка праходзіў канцэрт. Мясцовыя работнікі культуры і народны ансамбль народнай песні “Сябрына” арганізавалі цудоўную праграму пад назвай “Што за старонка такая, што сэрца ад шчасця спявае!” А вечарам сяброў сустрэне дыскатэка.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.