Намеснік старшыні Рэспубліканскага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу І.А. Каскевіч наведаў ААТ "Дэмбрава"
– Вы з душой працуеце, а мы з душой ушаноўваем вас – з такімі словамі звярнуўся да працаўнікоў МТК "Мураўёўка" ААТ "Дэмбрава" намеснік старшыні Рэспубліканскага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу І.А. Каскевіч, які наведаў гэта сельгаспрадпрыемства.
Іван Аляксеевіч прыехаў з прыемнай місіяй – уручыў Падзячныя пісьмы галіновага прафсаюза і грашовыя прэміі аператарам машыннага даення Ірыне Рыгораўне Макей і Ганне Іванаўне Шафеевай. Падзякаваўшы жанчынам за добрасумленную працу, госць са сталіцы выказаў упэўненасць, што дзякуючы такім рупліўцам, як яны, вёска жыве і будзе жыць, а на нашым стале заўжды будуць якасныя прадукты. Людзі працы – гонар краіны, а прафсаюзы – абаронцы іх законных правоў і інтарэсаў, падкрэсліў ён.
У суправаджэнні старшыні Шчучынскай раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Г.Ф. Шандроха і лідара прафаюзнай пярвічкі ААТ "Дэмбрава" Н.А. Ціцяк госць пабываў таксама на МТФ "Рыча". Тут з яго рук заслужаныя ўзнагароды прынялі слесар даільнай устаноўкі Іван Віктаравіч Грамыка і жывёлавод Алеся Уладзіміраўна Рыкоўская. Дарэчы, гэтыя перадавыя работнікі выбралі дэмбраўскі край месцам для жыхарства параўнальна нядаўна, пераехаўшы з Казахстана і Украіны. Іх мнагадзетныя сем'і атрымалі тут жыллё і добрую працу.
На малочнатаварнай ферме "777" таксама знайшліся людзі, вартыя прафсаюзных узнагарод. Гэта жывёлаводы Андрэй Станіслававіч Болтач і Таццяна Станіславаўна Бойка, аператар машыннага даення Ганна Іванаўна Ціцяк. І яны пачулі ў свой адрас цёплыя словы: "Дзякуй за працу!". У рамках акцыі "Наш жывёлавод" адзначаны таксама працаўнікі МТФ "Ляцэвічы", "Дэмбрава" і комплексу па адкорме БРЖ "Стараўшчына" – І.С. Жагунь, А.А. Саўко, Г.Л. Семяновіч.
Намеснік старшыні рэспубліканскага камітэта прафсаюза работнікаў АПК І.А. Каскевіч таксама пацікавіўся работай вытворчых падраздзяленняў, умовамі працы і адпачынку працаўнікоў. Застаўся пад прыемным уражаннем ад убачанага і на комплексе, і на фермах. "Калі ў доме ёсць гаспадар, госці не камандуюць", -- так вобразна выказаўся ён, убачыўшы які парадак пануе на тэрыторыі машынна-трактарнага парка і ў мехмайстэрні ў аграгарадку Дэмбрава.
Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота аўтара.