Надзейна і якасна. Шчучынскія электрыкі сталі пераможцамі раённага спаборніцтва сярод працоўных калектываў абслугоўваючага сектара эканомікі па выніках работы за мінулы год

Галоўная задача Шчучынскага раёна электрычных сетак філіяла “Гродзенскія электрычныя сеткі” РУП “Гроднаэнерга”, як у прынцыпе і ўсёй Гродзенскай энергасістэмы, – устойлівае і надзейнае электразабеспячэнне, а таксама размеркаванне і перадача электрычнай энергіі ў вобласці і, у прыватнасці, ва ўсім нашым раёне.

 

З гэтай мэтай рэалізуюцца вытворчыя праекты, укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі і мадэрнізуецца абсталяванне. За апошні час былі рэканструяваны лініі электраперадачы ў населеных пунктах Дварчаны і Новы Двор. Таксама былі заменены некалькі кіламетраў кабельных ліній у Шчучыне. На рэгулярнай аснове праводзіцца шэраг спецыяльных мерапрыемстваў для надзейнай працы энергасістэмы. Так, энергетыкі праводзяць актыўныя работы па расчыстцы просек паветраных ліній электраперадачы. Дрэвы і хмызнякі, якія растуць у ахоўных зонах, могуць стаць прычынай пажараў і сур’ёзных пашкоджанняў ліній электраперадачы. Выкананы комплекс работ дасць магчымасць абслуговаму электрасеткаваму персаналу бесперашкодна эксплуатаваць ЛЭП, забяспечваць у далейшым іх бягучы і капітальны рамонт. У мінулым годзе на тэрыторыі Шчучыншчыны ачысцілі 40 гектараў просек.

 

 

Асобна трэба падкрэсліць і старт рэалізацыі значнага праекта для Шчучына – будаўніцтва новай электрападстанцыі. Згодна з планам у выніку будзе здадзены ў эксплуатацыю энергетыкаў Шчучыншчыны сучасны энергетычны аб’ект.

 

Сёння ў Шчучынскім раёне электрычных сетак вялікая ўвага надаецца пытанню электрычнага ацяплення. Вельмі важна не пакінуць без цяпла і святла вяскоўцаў і гараджан. Ужо створаны чатыры брыгады электраманцёраў, якія могуць працаваць на лініях без адключэння электрычнасці. Адпаведнае абучэнне па працы пад напружаннем яны прайшлі ў “Вучэбным цэнтры РУП “Гроднаэнерга”. Зроблена гэта для большага камфорту спажыўцоў – людзі нават не адчуюць, што ідуць планавыя работы на суседняй апоры.

 

– У 2022 годзе ўсе пастаўленыя задачы былі выкананы, – ацаніў зробленае за мінулы год і адзначыў перспектывы арганізацыі начальнік Шчучынскага РЭС Аляксандр Асовік. – Сёлета працягваецца будаўніцтва новай электрападстанцыі ў Шчучыне, якую плануецца ўвесці ў эксплуатацыю напрыканцы наступнага года. На гэты год запланавана і правядзенне маштабнай рэканструкцыі майстэрняў і прылеглай да іх тэрыторыі. Такім чынам, наша арганізацыя планамерна і эфектыўна паляпшае інфраструктуру і імкнецца да новых вышынь.

 

 

Праца з токам – справа небяспечная, яна патрабуе строгай дысцыпліны і пастаяннай практыкі. Перад выкананнем пастаўленай задачы шчучынскія энергетыкі праходзяць падрабязны інструктаж. Акрамя таго, усе брыгады працуюць толькі з сучасным абсталяваннем. Такія адказныя падыходы да працы дазваляюць работнікам Шчучынскага РЭС пазбягаць траўмаў і небяспечных сітуацый падчас работы ў складаных умовах.

 

 

Часта брыгадам электраманцёраў прыходзіцца працаваць у полі, на балотах, зімой значную перашкоду стварае снег. Для таго, каб брыгада магла своечасова дабрацца да месца аварыі і эфектыўна аднавіць электразабеспячэнне, патрэбна адпаведная тэхніка. Таму ў Шчучынскім РЭС праводзіцца сістэмнае абнаўленне аўтапарка. Так, нядаўна былі закуплены новыя брыгадныя аўтамабілі высокай праходнасці “Волат”.

 

Прафесіяналізм шчучынскіх электрыкаў неаднаразова адзначаўся на самым высокім узроўні. Так, у мінулым годзе падчас анамальных умоў надвор’я ў Магілёўскай вобласці шчучынская брыгада электрыкаў пад кіраўніцтвам майстра Дзмітрыя Варлухіна дапамагала пераадолець наступствы стыхіі. Гэтая ж брыгада станавілася пераможцай рэспубліканскіх прафесійных спаборніцтваў і абараняла гонар краіны на турніры краін СНД у Казахстане, дзе заняла першае месца.

 

 

Надзейнасць і якасць – галоўныя складальнікі паспяховай дзейнасці калектыву Шчучынскага раёна электрычных сетак. Менавіта таму ён стаў пераможцам раённага спаборніцтва сярод працоўных калектываў абслугоўваючага сектара эканомікі па выніках работы за мінулы год.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!